::
2017 - Экспедыцыя БДАМ у Мёрскі раён Віцебскай вобласці (27.06–07.07.2009) [інтэрнэт]
Назва
Экспедыцыя БДАМ у Мёрскі раён Віцебскай вобласці (27.06–07.07.2009)
Віды носьбітаў
інтэрнэт
Змест
аўтэнтычны фальклёр музыка спевы размовы
Вокладка
Статус
можна паслухаць
Дзе паслухаць
Апісанне

Экспедыцыя ажыццяўлялася сумесна прадстаўнікамі трох устаноў: Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (група студэнтаў-беларусістаў пад кіраўніцтвам канд. мастацтв., дацэнта, загадчыка кабінета народнай музыкі Т.Л. Бярковіч), Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН РБ (мал. навуковы супрацоўнік Т.Л. Канстанцінава), Латвійскай акадэміі музыкі імя Я. Віталса (група, узначаленая прарэктарам Андай Бейтанэ). Выдатная задума – аб’яднаць сілы беларускіх і латвійскіх этнамузыколагаў у правядзенні экспедыцыйна-палявых даследаванняў на тэрыторыі памежнай з Латвіяй Мёршчыны – была паспяхова рэалізавана дзякуючы намаганням кіраўніцтва двух устаноў і, канешне ж, саміх удзельнікаў. Абмен вопытам методыкі і практыкі экспедыцыйнай работы прахадзіў у працэсе работы двух пошукавых груп, узначаленых Т.Л. Бярковіч і Т.Л. Канстанцінавай.

Экспедыцыя дала унікальную магчымасць погляду на этнамузычную традыцыю Мёршчыны з “абодвух бакоў”, абмену вопытам і ведамі па самых розных прафесійных аспектах экспедыцыйна-палявой, вучэбнай, навукова-даследчай работы. Асноўнай мэтай экспедыцыі стала комплексная франтальная фіксацыя сучаснага стану песеннай і інструментальнай традыцыі Мёршчыны. Першаступеннай задачай выступіла аднаўленне этнаграфічнага кантэксту змешчанай у Фонаархіве этнамузыкі БДАМ “Мёрскай калекцыі” фоназапісаў, якую на момант падрыхтоўкі экспедыцыі складалі экспедыцыйна-палявыя фоназапісы 1968–69 гадоў з асабістага архіва С.С. Панізніка (перададзены ў 2008 г.), фоназапісы 1970—90-х гадоў, якія выконваліся экспедыцыямі БДАМ пад кіраўніцтвам Т.С. Якіменка, С.І. Мыцько, Дз.В. Касцюкаўца. Багатая і яркая паводле адлюстравання жанравага і этнафанійна-выканальніцкага фонду этнамузычнай традыцыі Мёршчыны, існуючая фонакалекцыя амаль не ўтрымлівала слоўных каментарыяў і расповедаў носьбітаў традыцыйнай культуры, што стварала цяжкасці ў атрыбутацыі напеваў і складала неабходнасць узнавіць дадзены пласт інфармацыі. Другой спецыяльнай задачай стала выяўленне характару пашырэння тыпаў каляндарных і сямейна-абрадавых напеваў.

Маршрут экспедыцыі быў выпрацаваны такім чынам, каб ахапіць усходнюю, заходнюю і паўночную часткі раёна вакол балот Ельня і Мох, якія займаюць даволі абшырную цэнтральную тэрыторыю сучаснай Мёршчыны, утвараючы гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння. На захадзе раёна былі абследаваны вёскі Наўгароды, Мілейкі, Пестуны, Дзянісава (Дзянісова), на поўначы – Чурылава Дальняе (хутар Харушова), Павяцце, Далгінава, Латышы, Лявонпаль. Паўднёвы усход раёна прадстаўлены запісамі з вёсак Язна, Клімяты, Іст.

Карціна размеркавання песеннага і этнаграфічнага матэрыяла яшчэ чакае свайго абагульнення. Аднак зразумела, што ўстойлівасць у часе каляндарнага і сямейна-абрадавага пласту напеваў як сістэмная рыса песеннай культуры Беларускага Паазерья па-ранейшаму застаецца вызначальнай у традыцыі Мёршчыны.

Сучасны стан функцыянавання каляндарных песенна-абрадавых практыкнайбольш дзейсна раскрываюць велікодныя абходныя віншаванні, якія захоўваюцца ў мясцовых традыцыях амаль паўсюдна ў выглядзе мужчынскіх па генезісе абходных віншаванняў з “Хрыстосам” і дзіцячых з “Алялюяй”. Некалькі разнавіднасцяў “Хрыстоса” – “маскоўскі”, “рускі”, “беларускі” – вылучаюцца ў песенна-тыпалагічным плане і прадстаўлены трыма тыпамі валачобных. “Хазяйскі” і “дзявоцкі” “Хрыстос”, як правіла, адрозніваюцца паводле выканання – пад вокнамі і ў хаце.

Хутар Харушова (в. Чурылава Дальняе), Шук Зоя Міхайлаўна (1942 г.н.), Адамовіч Феадосія Віктараўна (1943 г.н.), Шчасная Іларыя Віктараўна (1931 г.н.), Шук Соф’я Аляксандраўна (1930 г.н.).

Цярэшка Зоя Антонаўна (1928 г.н.):
– Вялікадня… вот там ужо і цяпер ходзюць. Там “Хрыстос”, там “Алялюю”. Абіза-ацільна пад вокнамі. І ціпер ходзюць у нас. Вот. Такая мода. “Хрыстос” пяюць… а хто “Лялюю”, хто “Хрыстос”. І малыі во рыбяты і ходзюць во… хто… (Ш.С.)
– Паспявайце нам “Хрыстос” (К.Т.)
– “Хрыстос”? /…/ А ну “Хрыстос” тада кароцінька тада давайце (Ш.С.)
– Караценька?
– Кароценька.

Пайдзём, братцы, мы в гэтат(ы) дзень…
Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!
Павісялём добрах(ы) людзей…
Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!
Гаспадару славім пану…
Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!
Мы падходзім пад аконца…
Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!
Пад аконца на ўсход сонца..
Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа! Што дзеіцца-паводзіцца…
Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа! Што за вашым за палацам…
Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!


Лакотка Зінаіда Фёдараўна (1929, нар. у в. Беларуская) з вёскі Мілейкі:

– Ну на Пасху ж абізацільна ужо гэта. А начынаць гэтат даўнейшы “Хрыстос” ніхто ня ўмеў, я толька адна. Ну, дак яны тады да мяне ўжо ідуць, ну і тады ідзём. /…/ "(а) Гаспадару, слаўны пану", а ўсе падхватывалі “Хрыстос, Сын Божый”. Усе падхватавалі, я толька начынала.

Ці спіш-ляжыш, спачываіш? /…/
Хрыстос, Сын Божый.
Калі спіш, дык прабудзіся.
Хрыстос, Сын Божый.
Устань рана-ранюсінька,
Хрыстос, Сын Божый.
Мыйся бела-бялюсінька.
Хрыстос, Сын Божый.
Глянь в аконца на ўсход сонца,
Хрыстос, Сын Божый.
В тваім дварку як у вянку:
Хрыстос, Сын Божый.
Пчолы шумяць, рыка плывець.
Хрыстос, Сын Божый.
Ля той ракі цырква стаіць,
Хрыстос, Сын Божый.
А ў той цэрквы сам Бог сядзіць…
Хрыстос, Сын Божый.

Веснавыя абрадавыя практыкі прадстаўлены на Мёршчыне выхадамі ў жыта на Юр’еў дзень. З песенных фіксацый вылучым вяснова-купальскі тып з рэфрэнам “А-то-то”, каменціраваны як “жытняя”, “пад жыта з гармонікам ідуць і пяюць” (“Вісна-красна, што ты нам прынісла, а-то-то”). Уласна “вісна” прадстаўлена ў экспедыцыйных запісах 2009 года адзінкавым песенным узорам з баладным сюжэтам пра малойца (“Ў чыстым полі пад белай бярозай”).

Ніна Канстанцінаўна Санько (1919 г.н., нар. у в. Парадні, праваслаўная), старэйшы інфармант, узнавіла ўзор веснавой балады. Прыведзены далей заключны фрагмент балады працягваецца яе каментарыем, які раскрывае нерушнасць у свядомасці носьбітаў традыцыі часава-функцыянальнай абумоўленасці каляндарнай мелатворчасці:

“… Мамка плачаць ат веку да веку, Жонка плачаць ад году да году, Сістра плачаць ат рання да’беду. – Вот гэта вісна…
– А калі вясну пачыналі пець?
– Вясну? Ну вот вясной там і піялі… У нас ні пяюць гэдак… Вот я чую цяпер хоць калі пяюць: Купалінка, купалінка, а дзе ж твая матка ці дочка… А гэта… а у нас купальню… купальскіі песьні
толька на купальню піялі, болей ніколі, як гэтага… як хадзілі па купальню. Жнíва – як жыта жалі піялі. Я цяпера хоць і… калі захочуць – тады пяюць. Па цілівізару чуваць… /…/”

Купальскі рэпертуар складае яшчэ адну ўстойлівую частку этнапесеннага фонду Мёршчыны. Ён дастаткова аб’ёмісты па песенных варыянтах, узнаўленню якіх спрыяў і час запісу напярэдадні купалля. Трывала бытуюць ў розных вёсках (у розных тэкставых варыянтах) тыпы напеваў “Пірад Пятром пятым днём”, “Ляцеў чыжак ціраз рынак”, “Пятрова ночка маленька”.

Асаблівасць жніўнага і восеньскага песенных цыклаў Мёршчыны складае размытасць іх межаў. Устойліва ўтрымліваюцца ў памяці старэйшых жанчын дажынкавые “райковыя” напевы. Напевы тыпу з абрамленнем (“Выйдзі, выйдзі, наша гаспадынька раненька на ніўку, выйдзі, выйдзі”, “Рада, рада наша пірапёлка”) атрыбутуюцца і як дажынкавыя, і як “жніво”. Напевы з уключаным рэфрэнам “рана-рана” каменціруюцца як жніўныя (“Павейце ветры (2), рана-рана, па чыстам полю”) і як ярына (“А ў цёмнам лесі мядзведзь рыкае, рана-рана, мядзведзь рыкае”). З восеньскіх зафіксаваны ўзор “када лён ірвалі” (“На гары лён”).

У вёсцы Дзянісава (Дзянісóва), якая знаходзіцца амаль каля самага балота Ельня, засталося ўсяго дзве хаты. Мароська Фаіна (Фаня) Сямёнаўна (1927 г.н.) разважае:

…Эта каб вярнулася б усё даўнейшае, як па-даўнейшаму… Н’але ж цяперака даўнейшых людзей мала асталося… нас мала асталосі… Вот у Мюхах тамака дзве бабы – там ніхто не павучыць, у Сухавежы тожы ніхто ні павучыць… гэтага, там, маладыі бабы… Ды й нет саўсём такіх людзей ужо! Нету людзей, усе паўміралі. Тока я і ішо адна, я бадзяюся і Аксіння Мароська. Тожа ш песельніца. І гэта… і гэта.. дзве… Я ж кажу, да мяне… летась прыяджалі, але праз свадзéбныя толька паталісі…”.

Менавіта яна ўзнавіла той адзіны ўзор жніўнай:

– Я ўжо і забылася як… Болей гэна як яравое, а як жыта жаць…
Арэхав’я зялёная, арэхав’я зялёная ціраз тын на вуліцу,
З-пад таго арэхаўя, з-пад таго арэхаўя сівы кон(і) вылітаіць…”

Напевы “талакі” фіксаваліся на Мёршчыне ў розным часавым замацаванні – веснавым, летнім (перад Янам, пасля Яна), восеньскім. Калядныя фіксацыі гэтай экспедыцыі ўключылі адзінкавы рэчытатыўны узор “Каліда, каліда, дайце нам пірага”. А вось гучанні і апісанні “Жаніцьбы Цярэшкі” (яе адметнасць на Мёршчыне складае перакручванне пар) фіксаваліся тут неаднойчы. Сямейна-абрадавы песенны цыкл вылучаецца на Мёршчыне багаццем структурна-рытмавага і меладычнага ўвасаблення напеваў “свадзебных” і хрэсьбінных. У свадзебным цыкле зафіксавана выкананне песень “з заваротамі”, калі кожная група (пара) жанчын выконвае адзін песенны радок па чарзе. З этнаграфічнага комплексу свадзьбы ўразілі апісанні таго, як прыданыя (сваты з боку маладой) у адказ на брахлівыя прыпеўкі “ламалі лаўкі” – скакалі па лавах, покуль тыя не паламаюцца. “Хрэзьбіны” на Мёршчыне асабліва багаты паводле структурна-тыпалагічных праяў і інтанацыйнасці. Зразумець інтанацыйную адметнасць хрэзьбінных напеваў заходняй тэрыторый Мёршчыны далі магчымасць запісы з вёскі Пéстуны, сугучныя паўночным лявонпальскім гучанням з архіва С. Панізніка.

Наступны фрагмент размовы – з Лідзіяй Антонаўнай Бунта (1928, родам з в. Казлы – “дзе Чэрасы, каля Моху” – вёска не існуе, была спалена немцамі) і Зінаідай Васільеўнай Бунта (загадчык ДК в. Пестуны): – А вазілі у вас бабу? – А бабу вазілі, да (Б.Л.) – У нас возюць і цяпер (Б.З.) – І ціпер возяць! – Хто у тачке, хто у… (Б.З.) – Пасадзюць, вязуць і пяюць ей! Бабе гэтай. А яна зь мятлой сядзіць на вазе! (смяецца) на вазе… абхахатацца… зь мятлой сядзіць… ну і бабу эту трасуць… (Б.Л.) – І што пелі, як яе вязьлі? – Бабе што піялі? Кудрава верба у саду, багата бабка у раду. Кудрава верба – ламалі, багату бабку віталі. – Во такую піялі, але гэтай… ні далгая яна”.

Сабраны матэрыял сведчыць аб тым, што ў памяці носьбітаў песеннай традыцыі Мёршчыны (жанчын 80–90 год, у меньшай ступені – 70 год) на сёння яшчэ захоўваецца большасць каляндарных і сямейна-абрадавых тыпавых напеваў, вядомых па архіўных фондах і публікацыях. 

Фіксацыя інструментальнага фонду этнамузычнай традыцыі Мёршчыны ўключыла акрамя ўласна танцавальных і песенных найгрышаў апісанні танцаў з паказамі і разважаннямі носьбітаў традыцыі: “Ну вот хто да чаго спасобен… Хто чым адароны, каму што Бог даў… Адзін танцуіць – правільна польку танцуіць. Ну у яго ногі ат зямлі ні атрываюцца, і з гэтым танцаваць – як вагон цягнуць. Адругі танцуіць – нага пішаць, кажыцца ні датыкаіцца дажа да зямлі. Вот гэта адароная, гэта… не то што сам наўчыўся… а гэта вот… так адарона Богам ужо” . (Зап. група пад кір-м Т.Л.Бярковіч у в. Іст ад Зінаіды Фёдараўны Людскай (1927 г.н., в. Рунполле), на здымку справа.

“Полька” у выкананні Івана Іосіфавіча Кашпуры (1950 г.н., родам з в. Рачнева) (запіс ў вёсцы Павяцье) 

тэкст падрыхтавала кіраўнік экспедыцыі Т.Л.Бярковіч.
Колькасць трэкаў фальклору
8.0000
Трэкліст

Экспедыцыя БДАМ у Мёрскі раён Віцебскай вобласці (27.06–07.07.2009). Album · 2017

  • 01 - ЭБДАМ2009 Мёры Харушова Валачобная Пайдзём, Братцы
  • 02 - ЭБДАМ2009 Мёры ЛакоткаЗФ Валачобная Ці Спіш - Ляжыш
  • 03 - ЭБДАМ2009 Мёры Парадні - СанькоНК Вісна
  • 04 - ЭБДАМ2009 Мёры Дзянісава - МароськаФС Яравое
  • 05 - ЭБДАМ2009 Мёры Казлы - БунтаЛА Хрэзьб Бабу Вазлілі
  • 06 - ЭБДАМ2009 Мёры Казлы - БунтаЛА Піялі Бабе Хрэзьб
  • 07 - ЭБДАМ2009 Мёры Іст - ЛюдскаяЗФ Пра Танцы
  • 08 - ЭБДАМ2009 Мёры Рачнева - КашпураІІ Полька


Дадатковыя спасылкі
Калектывы
Звязаныя персаналіі (укладальнікі, арганізатары, вядоўцы, збіральнікі і інш)
Год публікацыі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.04.2024 08:42:07

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.