"Песенна-гульнявыя традыцыі ў каляндарна-земляробчай культуры Беларусі: Ваджэнне Казы. Жаніцьбa Цярэшкі" (2012, аўтар-складальнік Т. Бярковіч; рэстаўрацыя гуказапісаў і мастэрынг – С. Багданаў; дызайн – Н. Даніловіч, А. Прыбылоў; пераклад на англ. мову ўступнага артыкула – Т. Канстанцінава). Выданне ўключае 2 CD і брашуру, якая ўлучае змест аўдыязапісаў, анатацыю на беларускай, рускай і англійскай мовах, карты арэалаў гульнявых напеваў, нотна-тэкставыя транскрыпцыі асобных нумароў.
Калекцыя "Ваджэнне Казы" (CD 1, працягласць гучання 55’30”) уключае 34 аўдыязапісы песень і расказаў, якія адлюстроўваюць спецыфіку песенна-абрадавай дзеі з Казой – стрыжнёвага складніка традыцыі калядна-шчадроўскіх абходаў на паўднёвабеларускіх тэрыторыях. На дыску прадстаўлены гучанні, прыналежныя да тэрыторыі скразнога пашырэння дзеі з Казой (Гомельскае Палессе – № 9, паўднёвая частка Цэнтральнабеларускага рэгіёна № 23, паўднёвая частка Магілёўскага Падняпроўя № 31), а таксама "кропкавыя" песенныя фіксацыі з Брэсцкага Палесся і паўднёвых раёнаў Віцебскага Паазер’я (Описание: audio № 33).
Калекцыя "Жаніцьба Цярэшкі" (CD 2, працягласць гучання 67’18”) рэпрэзентуе гукавы змест паўночнабеларускай абрадава-гульнявой дзеі перыяду зімовага сонцавароту. 50 нумароў фонакалекцыі даюць уяўленне пра меладыйны стыль напеваў, якія належаць старажытнаму пласту беларускага каляндарна-песеннага фальклору і складаюць ядро песенна-абрадавай каляднай традыцыі. На дыску прадстаўлены традыцыі выканання напеваў "без музыкі" (інструментальнага суправаджэння) ( № 19) і "пад музыку", змешчаны інструментальныя пераклады напеваў "Цярэшкі" ( № 49), тыпавыя для гульні найгрышы.