Снежань і студзень у народным календары беларусаў зазвычай праходзілі пад знакам Калядаў. Гэтага свята чакалі, да яго рыхтаваліся, таму і спраўлялі заўсёды шумна і весела, усёй вясковай грамадой. Бо традыцыйна завяршэнне года ў народзе лічылася ці не самым цяжкім перыядам. Ночы доўгія і халодныя, час цягнецца павольна, ды яшчэ і пост, што пачынаецца ў канцы лістапада і доўжыцца да Калядаў, забараняе танцаваць, спяваць і весяліцца. Гэтымі днямі многія хварэлі, адбываліся страшныя падзеі. Памятаеце Купалаву раннюю паэму «У Піліпаўку» з трагічным сюжэтам, напоўненую жахамі і містыкай? Таму, калі складаны час мінаў, усе стараліся павесяліцца, патанцаваць і нагуляцца, нібы кампенсуючы страчаны час.
Магчыма, у такой чаканай радасці варта шукаць і карані трывалага замацавання неабходнасці шумна святкаваць Каляды. І сёння многія калядуюць, калядоўшчыкаў вітаюць не толькі ў вясковых хатах, але і ў гарадскіх кватэрах. А на Лепельшчыне, Вілейшчыне і Глыбоччыне, як і спрадвек, моладзь ладзіць гульню «Жаніцьба Цярэшкі» (гэтае ігрышча ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі). Дарэчы, вясёлае свята, што дазваляе з прыемнасцю прабавіць час усёй грамадзе, таксама «прыжылося» ў горадзе. Цярэшку неаднойчы «жанілі» ў Мінску і Віцебску, падчас адмысловых вечарын Дударскага клуба, Спеўнага сходу, свята праходзіла ў постфальклорным клубным фармаце.
Сама па сабе гульня «Жаніцьба Цярэшкі», якая ладзілася ў адзін з калядных вечароў і магла доўжыцца аж тры дні, вельмі цікавая. Па сутнасці гэта вясельна-тэатральная дзея, што спалучае тэатр, спевы, танцы, музыку, імправізацыю. Моладзь збіралася ў хаце ці карчме і танчыла, прыглядаючыся адно да аднаго. З боку старэйшых выбіралі «бацьку» і «маці», якія сачылі за парадкам правядзення абраду, рытуальна-абрадавым частаваннем і агульнай весялосцю.
Бацька зазвычай спявае такую песню:
Я дзядок яшчэ нічога,
Пасадзіў пшанічкі многа,
А пшанічка ўся калосіцца,
За мной дзеўкі ўсе носяцца.
Каля поўначы пачыналася ўласна «жаніцьба». Бацька выводзіў дзяўчыну, матка — хлопца і «скручвалі» іх у танцы. Пасля гэтага «маладыя» звалі адно аднаго «бабулька» і «дзядулька», пераўвасабляючыся такім чынам у продкаў. Калі ўсе пары «перакручваліся», удзельнікі абраду па чарзе лавілі адзін аднаго, суправаджаючы працэс вясёлымі прыпеўкамі-«цярэшкамі».
Глыбінная сутнасць абрадавай гульні заключаецца ў магчымасці для моладзі пазнаёміцца, знайсці сабе пару. Цікава, што ў «Цярэшцы» няма гледачоў і выканаўцаў, усе з’яўляюцца ўдзельнікамі.
Але ж хто ён такі, гэты загадкавы Цярэшка, якога неабходна было «ажаніць»? Персанаж Цярэшка мае міфічнае паходжанне. Ён сустракаецца ў народнай казцы і з’яўляецца «драўляным хлопчыкам», што ажывае на радасць бяздзетным бацькам, а з цягам часу ў народнай свядомасці ператвараецца ў апекуна, дарадчыка. У тапанімічным паданні аб вёсцы Цярэшкі Вілейскага раёна яе заснавальнік Цярэшка — мудры і таямнічы чалавек, які ведае час сваёй смерці і памірае ў адзіноце. Так адыходзілі ў іншы свет, згодна з беларускімі вераваннямі, чарадзеі і варажбіты. Таксама «цярэшкам», адпаведна слоўніку Івана Насовіча, звалі матылька, які, як вядома, «засынае» на зіму, робіцца нежывым, а ўвесну «ажывае», як драўляны хлопчык з казкі.
Даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што за вобразам Цярэшкі можа хавацца старажытнае боства кахання. Магчыма, гэта і праўда, бо, як паказвае практыка, даволі часта пары, што ўтварыліся для жартоўнага вяселля, потым ствараюць сапраўдныя сем’і. Нават нашы продкі ставіліся да гэтай жартоўнай гульні досыць сур’ёзна: у гэты вечар мог вырашыцца іх лёс і сямейнае шчасце. Дарэчы, паводле няпісанага правіла, дзяўчына-«бабулька» не мае права наўпрост адмовіцца ад «дзядулькі», выбранага для яе. Але спосаб уцякчы ад яго ўсё ж існуе: гэта можна зрабіць падчас танцаў і прыпевак, калі хлопец павінен дагнаць дзяўчыну і пацалаваць.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Максіма ВЕЧАРА
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.