::
2015.04.25 — Ад харошага целяша і трэска хараша / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Ад харошага целяша і трэска хараша
Спасылка
Дата публікацыі
25.04.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Як Варвара Грэцкая ўзвяла помнік адселенай вёсцы.

Амяльное — адзін са шматлікіх населеных пунктаў на Гомельшчыне, які пасля чарнобыльскай бяды 1986 года застаўся толькі ў памяці тых, хто там нарадзіўся. Між тым, носьбіты традыцый, продкі якіх на працягу стагоддзяў апрацоўвалі зямлю, спявалі песні, выхоўвалі дзяцей, адыходзяць у вечнасць... Так мы паступова страчваем сувязь з імі і спрадвечнымі законамі быцця, па якіх яны жылі.

Самабытная народная культура пад пагрозай знікнення, гаворыць супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтваі беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Генадзь Лапацін. Менавіта таму ён, калі пазнаёміўся з мясцовай жыхаркай Варварай Грэцкай, палічыў неабходным занатаваць амаль што кожнае слова, якое пачуў за 10 гадоў стасункаў. Дарэчы, урэшце іх гутаркі ператварыліся ў кнігу, якая так і называецца: «Варвара Грэцкая як з'ява беларускай народнай культуры» (Гомельскае выдавецтва «Барк»).

25-35

25-35

А магла б стаць партыйным дзеячам

— Кніга гэтая — самы лепшы падарунак у маім жыцці, — гаворыць 90-гадовая ўраджэнка пасёлка Амяльное, якая цяпер жыве ў Ветцы. — Я Генадзю ад душы ўсё, што ведала, расказала. Я пела, а ён усё запісваў... І кніга нарадзілася. Ён мяне паважаў, хадзіў, не грэбаваў...

Генадзь Лапацін правёў столькі сустрэч з Варварай Грэцкай, што і падлічыць зараз немагчыма. Урэшце, як кажуць абое, яны сталі «сямейнікамі».

— Так атрымалася, што мы з Варварай Аляксандраўнай спадабаліся адно аднаму з першага погляду. Напачатку штосьці запытаў, паразмаўляў, а потым кажу — можна, я яшчэ прыйду? Яна кажа — прыходзь. І цяпер мы з ёй проста гутарым. Не як этнограф з інфармантам, а як добрыя сябры. Вельмі ўдзячны ёй і магу толькі шкадаваць, што я не сын гэтай цудоўнай бабулі. Гэта — школа жыцця. Тое, на чым спрадвеку трымалася беларуская сям'я. Тыя карані, якія цяпер ужо страчаны.

Між тым Генадзь занатаваў ад гэтай унікальнай вясковай жанчыны фактычна ўвесь фальклор Амяльнога. У аповедах Варвары Грэцкай, яе слушных думках, заў-
вагах і разважаннях сапраўды адлюстравана душа народа, яго калектыўная памяць.

Дарэчы, у сваёй кнізе этнограф беражліва захаваў дыялектныя асаблівасці маўлення Варвары Аляксандраўны, зразумела, яе гаворка адрозніваецца ад літаратурнай беларускай мовы. Таму ў прыведзеных далей прыкладах — менавіта гэтыя асаблівасці маўлення. Гаворка Варвары Грэцкай выразна перадае строй яе думак, душэўны стан, індывідуальнасць светаўспрымання, шчырасць і непаўторнасць інтанацый.

Гэтая жанчына заставалася жыць у родных мясцінах ад нараджэння і да таго часу, пакуль у Амяльным яшчэ былі людзі. Пакідала родную вёску апошняй, пасля адсялення адтуль літаральна ўсіх. Між тым лёс яе мог скласціся зусім па-іншаму, калі б у маладосці паслухала сяброўку:

— Калісь, яшчэ ў юнацтве, Сняжкова Нінка (зямлячка Варвары Аляксандраўны, яе аднагодка, у будучым партыйны і дзяржаўны дзеяч, намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР) усё казала: «Давай! Я табе памагу. Пайдзём са мной вучыцца». Я ў маткі папытала. Яна мне: «Едзь! У Нінкі матка ё, да і здаровая. Ідзіця, разыходзьцеся, а мы з бабай будзім падыхаць». Ні пусціла...

Варвара Аляксандраўна не па чутках ведала як жаночую, так і мужчынскую працу. Умела прасці, ткаць, шыць, вышываць, цяслярыць, плесці з лазы... Калі сям'я засталася без бацькі, жанчына ўзяла на сябе самыя што ні на ёсць мужчынскія абавязкі. Пры гэтым, гаворыць, бацька для яе заўсёды быў прыкладам сапраўднага мужчыны:

— Бацька ўсё ўмеў мужчынская... У яго былі і напільнікі, і рубанкі, і фуганкі... Сам і рубіў хату... Нада залапіць штаны — ён садзіцца, сабе штаны залапя...

25-34

25-34

З патрэбнай песняй па жыцці

У доме Грэцкіх заўсёды спявалі. І разам з тым дзетак, нават самых маленькіх, вучылі, што кожнай песні ёсць сваё пэўнае месца ў прасторы года. Катэгарычна было забаронена ў народнай традыцыі спяваць тое, што не адпавядала календару — каб бяду не наклікаць. Бо любая каляндарная песня ёсць размова з боствам. Недарма нашы продкі казалі: што ў народзе — тое ў прыродзе, — удакладняе Генадзь Лапацін:

— Не тое спяваем — не тое і атрымліваем. Песню нельга пераносіць праз мяжу. Боства рэагуе на тэкст. Калі спяваем нешта не тое — яно будзе перашкаджаць нам. Таму і маленькай Варвары бабуля казала: «Не спявай песню несвоечасова — ёй балець будзе». Для больш дарослай знаходзіліся іншыя аргументы: «Во ўжо бязбожніца. Калі папала якія пяеш... Людзі смяяцца будуць». А калі рабіць усё, як патрэбна, — можна кіраваць прыродай. Менавіта такім чынам нашы продкі, напрыклад, выклікалі дождж. Між тым, на прыкладзе традыцый сям'і выпрацоўвалася дзяржаўнае мысленне вясковых жыхароў. Яна так і кажа: сям'я — гэта невялічкая дзяржава. Цікава, што Варвара Аляксандраўна, працягваючы гэту тэму, звяртаецца да прыкладаў Леніна, Сталіна, Фідэля Кастра, Маргарэт Тэтчэр, Гарбачова, Машэрава ды іншых. І пры гэтым яна зусім беспраблемна супастаўляе вясковае мінулае з самымі апошнімі падзеямі сусветнага маштабу. Гаворыць: «Маткі дзяцей кідаюць, а ён (Гарбачоў) страну такую кінуў. Такую магучаю — Савецкі Саюз. Таво шта дурачок — мечаная галава. Страна, як сям'я бальшая. А ён хляпнуў, да пайшоў».

25-33

25-33

Сусвет у прыкметах

Энцыклапедыя жыцця беларускай вёскі Амяльное — гэта не толькі песні каляндарнага і сямейна-бытавога цыклаў, але звычаі і абрады, забароны, легенды, прыкметы, павер'і... З іх можна даведацца пра ўклад і маральныя асновы быцця, уяўленні пра жывёльны і раслінны свет, міфалогію... А па вялікім рахунку — гэта карціна сусвету ва ўяўленнях беларусаў. Вось самыя цікавыя ад Варвары Грэцкай.

* Свадзьбу цяперь у адном месці гуляюць, ці ў рэстарані, а тады жаніх — ты прыглашаеш свой род, а нявеста сабе. Гуляяць у жаніха — свой род, у нявесты — свой, а тады ужо, нагуляюцца, сабіраюцца за маладой: «Паедзімця за маладой!» Запрягаяць коней, садзяцца на воз і едуць за маладой. Стаіць маладая, пяюць свадзьбашныя песні, выкупляіць. А тады ўжо палаценцам забірая нявесту і выводзя, кругом стала абойдзя тры раза, на воз садзяцца, віконай благаслаўляюць... А ў цэрькву да свадзьбы.

* Паводле ўяўленняў, якія існавалі ў нашых вёсках, будучыня дзіцяці закладалася яшчэ да яго нараджэння. Таму існавала шмат правілаў паводзін цяжарнай жанчыны. Гэтаму вучылі будучых маці, прынамсі, маці — дачок, а бабулі — унучак. Свае сакрэты былі і ў бабулі Варвары Аляксандраўны, якая зрабіла на яе выхаванне вельмі значны ўплыў:

— Усё казалі: «Гарэлкі піць нельзя!» — дзіцёнак будзя п'яніца. І ў нас п'яніц не было. І яшчэ: «С подала нельзя есць, патаму шта папрасімка дзіцёнак будзя».

* Лічылася, што перш за ўсё чалавеку павінна пашанцаваць нарадзіцца ў добрай сям'і. Варвара Аляксандраўна, не абцяжараная ведамі пра генетыку, прыводзіць прыклады, у якіх на першы план выступае менавіта спадчыннасць. Прычым яна можа адбіцца праз некалькі пакаленняў:

— Ад харошага целяша, дак і трэска хараша... А як плахі... Ён і здохня, дак пакаленіе астанецца чарцінае.

* Адкуль бяруцца дзеці — на гэты конт было і такое тлумачэнне для малых:

— Крычыць баба: «У трэсках найшла! Палядзіце-ка! Пайшла: ляжыць дзіцёначык, унясла». Я, ужо, пайду к Крыўцовым, гаварю: «Цётка! У нас ужо дзіцёначык ё». — «Ну, і слава Богу». — «Баба пашла трэсак уносіць, а ён у трэсках ліжаў». Яна: «Ну, бывая: то ў капусці, то ў трэсках, то дзе ў мішку — куды Бог укіня».

* Баба мая кажа: «Унучачка, ты даўжна быць шчаслівая. Ты ў сарочцы радзілась. Ты паляжала ў пялёнках, увярцелі, палядзім — мордачка не такая. Пачалі аблупліваць, аблупілася сарочачка і з ручак, і з ножак, такая тоненькая, як плевачка. Дак ты ў сарочцы радзілась».

* Сям'я вучыла спачуванню і павазе да тых, каму больш цяжка прыходзіцца. Варвара Аляксандраўна расказвае, як яны рыхтаваліся да Вялікадня, як яйкі гатавалі не толькі для сваіх, але і для тых, у каго іх няма:

— Баба і кажа: «Полячка, нада дзісятак, вот сіряты дзеці, німа ні бацькі, ні маткі, нада і ім аднесць». Бацька наш калісь казаў: «Сам не даеш, но сіратаў пакармі».

* Дарэчы, Вялікдзень у сэрцы і традыцыях беларусаў заставалася галоўным святам — нягледзячы на ўсе забароны эпохі агрэсіўнага атэізму:

— Мы знаім ужо, што будуць учацялі ругацца, што крашаныя яйцы нясеш. Учыцілка: «Хто з яйцамы прышоў?» Ну, усі ж маўчаць. Хлопцы хітрыя, схаваюць у калошы, завяжаць аборкай унізу, а мы куды схаваім? Яна ў сумках паглядзіць: «Січас жа ідзі выкінь! Рылігіі папрыносілі сюда!». А ціпер, во, бачыш, век міняіцца.

* Расказваючы пра Амяльное і яго звычаі, нельга абысці абрад «Страла», які там захоўваўся на працягу стагоддзяў. «Ваджэнне «стралы» — гэта рытуальнае шэсце жанчын. Яны хадзілі па вуліцах вёскі і выконвалі песню: «Як ішла стряла да ўздоўж сяла...» і ў пэўных месцах (на скрыжаваннях, на краі вёскі) вадзілі «карагоды». Асноўныя падзеі адбываліся на свята Ушэсця. У гэты дзень жанчыны ў суправаджэнні «ражаных» апошні раз праходзілі па вуліцах вёскі з веснавымі песнямі, выходзілі ў жытняе поле, дзе паміж парасткамі жыта «стрялу хавалі». Гэта значыць, закопвалі ў зямлю брошкі, завушніцы, манеткі, грабеньчыкі ды іншае. «Штоб лён рос», «штоб пажара не было», «штоб урадзіла, і штоб дожч не мясіў» — так растлумачвалі сэнс старажытнага абраду.

— Дарэчы, у 1991 годзе Варвара Грэцкая была апошняй, хто правёў яго ў сваёй вёсцы на Ушэсце, адзначае фалькларыст Генадзь Лапацін. — Разам яшчэ з адной бабулькай яны разышліся ў розныя канцы вёскі. Потым пайшлі насустрач, сустрэліся, паспявалі, закапалі ў жыце стралу. Сама яна пра гэты абрад расказвае вельмі маляўніча.

— На «Стрялу» старыя бабы дажы і смярцёная надзявалі, штоб ужо прыбрацца красіва. Як стрялу водзяць, «вой лі, вой люлі» скрозь пяюць.

* У кніжцы ёсць шмат прыкладаў «дзіцячага фальклору» ад Варвары Грэцкай. Гэта не толькі калыханкі, загадкі і пацешкі, але і лічылкі, дражнілкі, гульні. Апошнія сучаснаму пакаленню, якое жыве «ў віртуале», бадай, зусім незнаёмыя. Ну, напрыклад — клёк. Вось як у яго гулялі:

— Для гульні бяруць дзве кароценькія палачкі і адну длінную. Адна кароценькая кладзецца на зямлю, а другая («клёк») — упоперак яе, такім чынам, каб адзін яго край упіраўся ў зямлю, а другі быў крышачку прыпаднятым. Той, хто водзіць, дліннай палкай б'е па прыпаднятаму краю такім чынам, каб «клёк» узляцеў уверх. Астатнія гульцы стараюцца яго злавіць. Калі ніхто ні спаймаў, у другі раз вадзі, пакуль хто-нібудзь спаймая другі.

Сакрэт запатрабаванасці

Генадзь Лапацін падкрэслівае, што лёс Варвары Грэцкай — прыклад таго, як творчая асоба здольна рэалізавацца ў асобна ўзятым калектыве носьбітаў традыцыйнай культуры. Жанчыну у ім усведамлялі «пясённіцай».

— Дзякуючы песням яна стала асобай. Не менш цікавымі, чым яе этнаграфічна-фальклорныя веды, падаюцца яе рэплікі, аповеды, разважанні пра абрады, звычаі. Яе рэпертуар уключае практычна ўвесь комплекс тэкстаў традыцыйнай культуры Амяльнога, і яе духоўныя інтарэсы супадаюць з яе асноўнымі заняткамі. Можа, і па гэтай прычыне жанчына была заўсёды, у любым узросце запатрабаванай.

— Міне не міналі, — кажа сама Варвара Аляксандраўна. — «Варька, хадзем на свадзьбу! Хоць будзіш пець да весяліць свадзьбу!» Ё такія бабы ў нас, прыдуць, і з-за стала не вылазяць, сядзяць, толькі ядуць. Сядзяць, як на похаранах. Нада, штоб свадзьба як свадзьба.

Гісторыя ўсёй Беларусі кардынальна змянілася ў 1986 годзе. Лёс асобнай жанчыны з адселенай і закапанай вёскі ў Веткаўскім раёне — толькі адзін з тысяч. І, відаць, тут нельга сказаць — падобных. Бо ў кожнага засталіся свае балючыя ўспаміны пра малую радзіму, дзе кожны куток — родны. Сваёй роднай вёсцы Амяльное Варвара Грэцкая неўзабаве паставіла помнік. Менавіта так можна назваць тэксты, сабраныя ў кніжку Генадзем Лапаціным. Сёлета неюбілейны год сумнай чарнобыльскай даты, але ж вось такі своеасаблівы помнік на Гомельшчыне з'явіўся. Дзякуючы яму нехта даведаецца крыху больш пра Беларусь і сапраўдных беларусаў.

Ірына Асташкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.05.2020 15:51:08

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.