::
2012 - Брацкая свяча, дак. фільм. Рэж. Ірына Волах [дак. фільм]
Загаловак
Брацкая свяча, дак. фільм. Рэж. Ірына Волах
Жанр
дак. фільм
Працягласць
41:58
Прэвію/афіша
Аўтаматычнае прэвію
Дзе паглядзець (спасылкі)
Пра відэа

Аўтар сцэнарыя Вольга Лабачэўская
Рэжысёр Ірына Волах 
Аператар Аляксандра Мяснікова 

Фільм аб старажытным і сучасным звычаі  рабіць агульную Свячу - ахвяру здымалі на Каляды і Шчадрэц 2012 года ў вёсках Лука і Гарадная  Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Здымкі фільма адбываліся 10-14 студзеня 2012 года.

У вёсцы Лука Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе жыве наш герой Мікалай Цімафеевіч Пешка, захаваўся звычай вырабу агульнай свячы-ахвяры на Шчадрэц — Новы год па старому стылю. Калісьці гэты звычай быў шырока распаўсюджаны ў мясцінах, дзе людзі займаліся пчалярствам. Сёння толькі ў адным месцы на Беларусі можна пабачыць, як мужчыны ўсе разам робяць з воску брацкую свячу. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэта Богу “дар ад людзей”, “людзкая ахвяра”. 

Такі звычай звязаны з царкоўнымі брацтвамі — аб’яднаннямі міран вакол Царквы, якія вядомы на Беларусі з XVI стагоддзя. Але семантыка звычаю рабіць агульную свячу, якую потым ахвяруюць на храм, мае значна больш глыбокія карані. Ён паходзіць ад родавых брацтваў, ад сябрыны, дзе практыкавалася агульнае валоданне пчоламі членамі аднаго роду. 

Пчалярскія веды традыцыйна перадаваліся па мужчынскай лініі. Магчыма з гэтай нагоды, у вёсцы Лука мужчыны ў адзін з калядных вечароў збіраюцца разам, размінаюць воск у далонях і, далучаючы кавалак да кавалка, ствараюць вялікую свечку-ахвяру.

Мясцовыя жыхары ў большасці сваёй ужо не займаюцца пчалярствам, але па-ранейшаму выконваюць старажытную традыцыю, выконваюць з шчырай вераю, што іх ахвяра паспрыяе дабрабыту ўсіх вяскоўцаў. Дзве брацкія свечкі можна ўбачыць у царкве свяціцеля Нікалая ў вёсцы Гарадная. Іх запальваюць падчас літургіі і на вялікія святы. Трэцяя свяча перададзена жыхарамі в. Лука ў дар Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту і, па яго благаславенню, змешчана ў Свята-Духавым кафедральным саборы г. Мінска 

Над кінафільмам працавала каманда спецыялістаў, майстроў этнаграфічнага жанру. Мэтр айчыннага кінематографа рэжысёр Ірына Волах, аўтар шматлікіх дакументальных стужак этнаграфічнай тэматыкі: “Лаўрышава”, “Навагрудак”, “Тры каралі. Вадохрышча”, “Беларускі народны каляндар. Вялікдзень”, “Беларускі народны каляндар. Юр’еў дзень”, “Любча. Восем дзён лета” і інш. А сцэнарый да “Брацкай свячы” пісала Вольга Лабачэўская — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў. 

“Дзякуючы здымкам, — кажа Вольга Лабачэўская, — мы змаглі стаць удзельнікамі гэтага рытуалу, дакрануцца да моцы традыцыі, якая злучае людзей адной вёскі ў адзінае цэлае. Гэтыя ўражанні, якія, спадзяемся, атрымае і наш глядач, пераконваюць у тым, што наша беларуская вёска жывая сваімі традыцыямі і духам. Мы імкнуліся, каб фільм, зняты ў рэчышчы візуальнай антрапалогіі, дазволіў сучаснаму, у першую чаргу гарадскому гледачу, пражыць з нашымі героямі некалькі дзён, далучыцца да адвечнага ладу сялянскага жыцця і спасцігнуць яго духоўныя каштоўнасці”. 

Аўтары
Год публікацыі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 17.08.2023 03:58:49

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.