::
2014 - Юраўскі абрад в. Ахонава. Пераведванне немаўляці. Частаванне абыходнікаў. Перакідванне і рванне пасу (стужкі). [экспедыцыйнае відэа]
Загаловак
Юраўскі абрад в. Ахонава. Пераведванне немаўляці. Частаванне абыходнікаў. Перакідванне і рванне пасу (стужкі).
Жанр
экспедыцыйнае відэа
Працягласць
3:36
Прэвію/афіша
Аўтаматычнае прэвію
Дзе паглядзець (спасылкі)
Пра відэа

2014.05.05_в. Ахонава Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Назіралі і часткова ўдзельнічалі ва ўнікальным Юраўскім абрадзе "выкідання поясу". Абрад існуе ў жывой традыцыі.

Абрад аказіянальны. Ладзіўся 5 траўня ўвечары пад час юраўскага абыходу вёскі (ад крыжа да крыжа). Некалі было дзьве групы спяваючых, якія ішлі ад канцоў вёскі да сярэдзіны, дзе таксама даўней быў крыж. У адрозьненьні ад валачобнага абыходу, адведвалі толькі тыя двары, у каго было вясельле альбо радзіны "за цэлы год" (ад Юр'я да Юр'я). Калі нейкі год не было ні радзінаў, ні вясельля, абрад не праводзіўся. Толькі абыход вёскі па вуліцы і сьпевы і словы каля крыжоў.

Гаспадар мусіў частаваць абыходнікаў (вынесці копу яек, кіўбасу, гарэлку, сыр, прысмакі). Частавалі абыходнікаў праз плот. Гаспадыня павінны была "выкінуць пояс" (перакінуць праз плот плецены/тканы пас). Пас ірваўся на кавалкі ўдзельнікамі абраду (звыч. мужчынамі). Яго перацягвалі, каб парваць, па некалькі чалавек з абодвух канцоў. Кожны хацеў сабе адарваць кавалак. Калі было немагчыма парваць, пас рэзалі на кавалкі па 10-15 см. Але кажуць, даўней не рэзалі, толькі ірвалі. Фрагменты пасу падзяляліся паміж ўсімі удзельнікамі абраду. Першы аддаваўся гаспадарам. Захоўваліся кавалкі пасу цягам году, ад Юр'я да Юр'я, пасьля тыя кавалкі спальвалі, нехта захоўваў усё жыцьцё. Лічыцца, што яны маюць магічную моц цягам году – абараняюць ад урокаў людзей і скаціну, лекуюць ад пэўных хваробаў і т.п., калі іх мець пры сабе. Пас у наш час замяніўся на крамную стужку.

На "выкідванне поясу" сьпяваліся адмысловыя песьні альбо хлопцу альбо дзеўцы. Сёлета былі адны хрэзьбіны. Нарадзілася дзяўчынка. За дзяўчынку выкінулі стужку. Перад тым сьпявалі:

Маладая, маладая малодачка,

выйдзі, выйдзі, выйдзі-выйдзі на вулачку,

вынясь-вынясь, вынясь-вынясь падарачак

падарачак, падарачак,- паясочак,

копу яек, копу яек на паўміску,

каўбасою, каўбасою акружыці,

белым сырам, белым сырам залажыці.

Аўтары
Звязаныя асобы
Звязаныя калектывы
Год публікацыі
Дакладная дата публікацыі (калі вядома)
25.04.2020
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 18.08.2020 00:17:05

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.