::
2018.09.28 — Як падрыхтавацца да традыцыйнага вяселля / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Як падрыхтавацца да традыцыйнага вяселля
Спасылка
Дата публікацыі
28.09.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

На выставе «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» 27 верасня прайшоў майстар-клас па вырабе вясельных вянкоў і канцэрт гурта Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.
На імпрэзу завіталі пераважна дзяўчаты. Мабыць, вясельная тэматыка мала вабіць хлопцаў. Удзельніцы майстар-класа вучыліся рабіць кветкі на вясельны вянок з паперы, бубачкі з воску, аздобы з дроту. Вядоўца занятка Настасся Глушко распавяла пра традыцыі дзявочага вечара ў Беларусі, калі дзяўчаты збіраліся, каб вырабіць вянок сваё сяброўцы-нявесце. Прысутныя пабачылі прэзентацыю фота вянкоў з усёй Беларусі і суседніх краін рознага часу, даведаліся пра іх асаблівасці.

У канцы занятка, калі кожная ўдзельніца вырабіла па некалькі кветак і аздоб-бубачак, дзяўчаты склалі агульны вянок і памералі яго на Дзіяну Філіпчык разам з фатой у стылі пасляваеннага часу.



Пасля майстар-класа дзяўчаты са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства выканалі песні, прымеркаваныя да розных момантаў традыцыйнага вяселля. Творы, запісаныя ў розных частках Беларусі, гучалі як адзіная сімфонія.
Адна з песень, што прагучала на кацэрце, – “У моры вуціца вымывалыся” з вёскі Канчаны Верхнядзвінскага раёна. Фота выканаўцаў, ад якіх яна запісаная, можна пабачыць на выставе.


Выстава «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» праходзіць у межах Месяца фатаграфіі ў Мінску. Яна адкрылася 12 верасня і працуе да 13 кастрычніка штодзень апроч нядзелі і панядзелка. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, людзям з інваліднасцю і дзецям да 10 гадоў — уваход вольны. 



Фотаздымкі выканаўцаў на выставе суправаджаюцца тэкстамі, запісанымі ад іх, і QR-кодамі, што дазваляюць паслухаць аўдыёзапісы, з якіх “знятыя” тэксты, а таксама вясельныя найгрышы. Можна паглядзець слайд-шоў з аўдыёсуправаджэннем з дапамогай абсталявання Цэнтра сучаснага мастацтва. На выставе таксама дэманструецца фільм “Радзілавіцкае вяселле”, зняты сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў 2017-м на сапраўдным вяселлі ў Лельчыцкім раёне.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.10.2019 03:24:59

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.