::
2018.10.07 — Вершы шляхцянкі з-пад Століна (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Вершы шляхцянкі з-пад Століна (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
07.10.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У галерэі tut.by 6 кастрычніка прайшла прэзентацыя паэтычнага зборніка Ірыны Ляшкевіч «Вас я чакала». Атрымаўся сапраўдны творчы вечар: Ірына чытала свае вершы і прозу, спявала, распавядала пра жыццё на Палессі, у роднай вёсцы Мачуль ля Давыд-Гарадка.
У вершах Ірыны Ляшкевіч чуецца фальклорная аснова, нешта няўлоўна нагадвае традыцыйныя песні: ці то рытміка, ці то агульны настрой… Ужо не раз паэтка чула, што яе творы можна спяваць. І праўда ўжо два вершы пакладзеныя на музыку, столінскім ансамблем “Выцінанка” і творцам Георгіем Барташам. Акрамя вершаў Ірына Ляшкевіч піша трапныя побытавыя замалёўкі пра сваё штодзённае палескае жыццё, якія публікуе ў Фэйсбуку. Напрыклад, ці ведалі вы, што вясковая сям’я хутчэй залічыць у свае шэрагі кароўку і каня, чым коціка і сабачку, як гарадская? Леанід Дранько-Майсюк параўнаў прозу Ірыны Ляшкевіч з творамі Янкі Брыля. Віншуючы жанчыну, сябры пажадалі, каб наступнай стала кніга яе прозы. Акрамя дару пісаць Ірына мае пакліканне да музыкі. Спявала яе маці і вучыла дачку. Цяпер Ірына кіруе дзіцячым ансамблем “Згадка” Мачульскага дома фальклору, сама спявае ў традыцыйнай і эстраднай манерах, грае на баяне.



Рэгіён, дзе жыве Ірына, Пагарынне, адметны сваёй гісторыяй і традыцыйнай культурай. Тут было шмат шляхты, якая захавала праваслаўнае веравызнанне і ажно да 1980-х імкнулася не жаніцца з сялянамі. Тут, у вёсцы Альпень, – радавое гняздо шляхецкага роду Ляшкевічаў-Зяновічаў-Альпенскіх. Сталіцай мясцовасці можна лічыць Давыд-Гарадок, што да 1961 года быў раённым цэнтрам, а цяпер страціў гэты статус на карысць Століна.

Павіншаваць Ірыну прыйшлі родныя, сябры-творцы і землякі, у тым ліку паэт родам з Давыд-Гарадка Леанід Дранько-Майсюк, даследчыка традыцыйнай культуры Ірына Мазюк, сябры суполкі “Загароддзе”. Некалькі сяброў выслалі відэавіншаванні, дзе чыталі вершы Ірыны. Паэт Георгій Ліхтаровіч, які не змог наведаць імпрэзу і павіншаваць паэтку асабіста, адмыслова з нагоды прэзентацыі напісаў чарговы верш-“ліхтарык”.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 16.10.2019 13:27:19

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.