::
2018.08.27 — Навошта мінчукі танчаць на вуліцы? (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Навошта мінчукі танчаць на вуліцы? (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
27.08.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Гарадскія танцы на вольным паветры — з’ява далёка не новая. Часцей гэта адмысловая танцпляцоўка, ці тэраса нейкай кавярні. Але здараецца, што мінчукі проста займаюць гарадскую прастору — і пайшлі ў скокі! Навошта?

 

 

Гэта пытанне мы задалі аматарам вальсаў і народных танцаў. Апошнія збіраюцца штонядзелю за канцэртнай залай «Верхні горад». Для тых, хто любіць вальсы, часам арганізоўвае вечарыны студыя танцу Balancé.

 

 

Звычайна імпрэзы праходзяць у памяшканні, але 24 жніўня танцоры выбраліся ў горад. Кіраўніца студыі Ірына Баслык тлумачыць: «Мы хочам зрабіць наш горад больш радасным і цікавым, як для турыстаў, так і для мінчукоў. Звычайна мы робім хатнія вальсавыя вечарыны ў сябе ў студыі, а цяпер, пакуль надвор’е добрае і ўсе вяртаюцца з адпачынкаў, вырашылі трохі памяняць фармат і, пакуль цёпла, перамясціцца на вуліцу».

 

 

 


Вальсавая прагулка не абмежавалася толькі вальсамі (а іх даволі шмат, акрамя класічнага можна танчыць крос-стэп, ампірны, фігурныя, контрдансы на вальсавых кроках…). Удзельнікі выканалі і іншыя любімыя танцы, змяніўшы за вечар дзве лакацыі.

 

 

 

 


 

Аматары народных танцаў, хоць і выконваюць пераважна беларускія танцы, спадчыну іншых народаў Еўропы таксама шануюць. Збіраюцца ўвесь сезон па нядзелях на адным і тым жа месцы. У халодны час году праходзяць вечарыны ў памяшканні (за навінамі можна сачыць тут).

 


Яшчэ адна суполка збіраецца ў лесе ля метро «Барысаўскі тракт». Пра яе НЧ ўжо пісаў. На так званым «Карчы»шануюць збольшага сярэднявечныя і народныя танцы. Адначасова можа граць даволі шмат музыкаў, але рэй заўсёды вядуць беларускія дуды. На пытанне, чаму ж яны танчаць на вуліцы, танцоры розных накірункаў адказваюць прыкладна аднолькава.

 

 

Сяргей: «Каб унесці нейкую разнастайнасць у працоўныя будні. Каб паказаць іншым людзям, што можна проста выйсці з дому, узяць — і станчыць на вуліцы. Танец — гэта, у некаторым сэнсе, раскрыццё душы, разнявольванне, як ёга, напрыклад. Можна адкрыць для сябе новы свет, набыць лёгкасць. Як казаў Цыцэрон, «Ніхто ў здаровым розуме не стаў бы проста так танчыць».

 

 

Вікторыя: «Для мяне народныя танцы на вуліцы — гэта адказ на запатрабаванні душы. Нешта ўва мне ўключаецца, калі чую жывую музыку, адмысловыя прытупы на асфальце і адчуваю глыбіню моманту. Гэта дакладна больш, чым проста танцы. Гэта вяртанне да свайго "я", да прыроды уласнай душы. Ведаю, што я ніколі не стану танцоркай-прафесіяналкай, а так і буду працягваць "залятаць" на вечарыны па натхненні. Але ў сэрцы заўжды будзе вялікая падзяка да тых, хто гарыць гэтым і дазваляе запаліцца танцамі і іншым».

 

 

Антось: «Няма чаго рабіць дома ўвечары пятніцы, чаму б не схадзіць на танцы?»

 

 

Марыя: «Таму што тут вельмі добра, весела, вольнае паветра».

 

 

Вольга: «Люблю танцы, неістотна, дзе — у памяшканні ці на вуліцы».



 

Чытайце таксама:

Танцы ў лесе пад дуду (фота, відэа)

 



 

 

Аляксандра: «У мяне шмат сяброў у танцавальнай супольнасці, хочацца з імі пабачыцца. Падабаецца танчыць, усё роўна дзе. Я танчу вальс пры любой магчымасці, гэты раз яна выпала на вуліцу».

 

 

Алена: «Танцы на вольным паветры — гэта асаблівы драйв. Ё людзі, што саромеюцца танчыць менавіта на вуліцы, наведваюць вечарыны толькі ў памяшканні, бо так «цывільней». Мне падабаецца, з аднаго боку, што склалася асаблівая супольнасць танцораў, што можна кожны тыдзень прыйсці і пабачыць знаёмых. З другога боку, файна, што з’яўляюцца новыя твары, адкрытая прастора гэтаму спрыяе».

 

 

Уладзімір: «Мне падабаецца танчыць на вуліцы, таму што цёпла, шмат прасторы, могуць далучацца мінакі, з-за чаго колькасць удзельнікаў павялічваецца. Любое мерапрыемства ўлетку лепш праходзіць на вольным паветры. Тым больш, танцы адбываюцца ў адным з самых лепшых месцаў Менска».

 

 

 

 

 

 

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 02.01.2019 14:50:45

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.