::
2018.07.21 — Быў бы рыцарскі бой, а дама сэрца знойдзецца / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Быў бы рыцарскі бой, а дама сэрца знойдзецца
Спасылка
Дата публікацыі
21.07.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Не паспеў я прыехаць з Карэліччыны, як наша тэлебачанне паведаміла, што археолагі даследуюць у гэтым краі рэшткі драўлянага сярэднявечнага замка часін Вялікага княства Літоўскага. Знойдзены посуд, манеты, кафля і (дзіва дзіўнае!) нават музычныя інструменты. Вёска, побач з якой зроблена адкрыццё, так і не была названая. Я звязаўся з дырэктарам Карэліцкага цэнтра культуры Наталляй Гароднік. Яна і распавяла, што раскопкі вядуцца ля вёскі Беразавец. Што ні кажы, Карэліччына — раён замкаў! Цікава, як будзе называцца праект мясцовых работнікаў культуры, звязаны з культурным развіццём гэтага кутка Гродзеншчыны?

А Мсціслаўшчына рыхтуецца да чарговага “Рыцарскага фэсту”. Свята сярэднявечнай культуры пройдзе 4 — 5 жніўня. Да ўдзелу запрашаюцца мастакі, рамеснікі, адукацыйныя цэнтры, творчыя майстэрні. У склепе Кармяліцкага касцёла запланавана правядзенне квэсту “Тайны рукапісу”. У вежы-данжон на Замкавай гары будзе дзейнічаць выстава зброі. Пра скарбы Мсціслаўшчыны (у тым ліку — пра залаты дукат) распавядзе экспазіцыя з фондаў мясцовага музея, якая размесціцца на археалагічным раскопе. Можна прыняць удзел у паляванні на вядзьмарак. Запланавана праца кірмаша, выступленні вулічных тэатраў і музыкаў. І, безумоўна, ахвотных чакаюць рыцарскія баі. Тачыце мячы, воі!

Прайшло свята Пятра і Паўла. Здавён павялося: каб быў добры ўраджай, 12 ліпеня ніхто ў полі не працуе. Вось што піша на гэты конт дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская: “У аграгарадку Пятрэвічы адбылося тэатралізавана-абрадавае свята “Пятроўскі вянок”. Спачатку была служба ў царкве. Потым прыбіралі воз і аб’язджалі вёску. А гаспадыні ўжо былі гатовыя да сустрэч, віншаванняў, песень, падарунка ў выглядзе вянка, які трэба закінуць на дах дома. І чым даўжэй ён там праляжыць, тым лепей будзе ўраджай і мацней здароўе. Так што кожны падворак быў прыбраны, упрыгожаны і пахі кулінарных вынаходстваў луналі над вёскай. Пасля ўсе сабраліся на тэатралізацыю “Неяк раз у Пятроў дзень”. А канцэрт падрыхтавалі калектывы Пятрэвіцкага і Брольніцкага СДК ды Бенінскага сельскага клуба”.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Маляўка распавяла пра вельмі важны для яе праект, распачаты яшчэ летась. Называецца ён “Вартыя памяці людской…” Зразумела, што гаворка — пра захаванне імёнаў тых землякоў, хто ствараў гісторыю Ганцавіцкага краю. Бібліятэкары па драбніцах збіралі інфармацыю, гутарылі са сведкамі, адшуквалі фотадакументы. Так з’яўляліся замалёўкі-нарысы, якія і склалі аснову аднайменнага зборніка, які сёлета пабачыў свет. Сярод шаснаццаці артыкулаў — расповеды пра старшыню калгаса імя Сяргея Кірава Міхаіла Кунцэвіча, фельчара Чудзінскай бальніцы Сцяпана Барсукевіча, дырэктара Вялікакруговіцкай школы Уладзіміра Муху. Але работа над рэалізацыяй праекта працягваецца і сёлета. Так што зборнік павялічыцца ў памерах значна.

Навіна ад аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. У Гудагайскім касцёле трыццаць гадоў служаць Богу і людзям айцы Казімір і Леанард. З гэтай нагоды перад святыняй адбылася ўрачыстасць. У ёй браў удзел ансамбль народнай песні “Жытніца” аграгарадка Кракоўка.

У расійскім Кургане прайшоў 46-ы Усерасійскі вакальны і музычны конкурс. Выхаванцы настаўніка Наталлі Латышавай (ДШМ № 3 Барані) паказалі неблагія вынікі. Дыпломы лаўрэатаў атрымалі: першай ступені — піяністка Паліна Пастаногава, трэцяй — піяністка Вікторыя Лапцінская. Лаўрэатамі першай ступені сталі цымбалісткі згаданай школы Ганна Мамантава і Ганна Карповіч. Дзяўчаты займаюцца ў класе настаўніка Жаны Жыхаравай, канцэртмайстар — Наталля Латышава.

Алея сяброўства, распавядае Андрэй Струнчанка, з’явілася ў цэнтры Мазалава (Віцебскі раён) у пазамінулым годзе як сімвал згоды, адзінства і міру ў межах сацыякультурнага праекта “Дыялог народаў і культур”. Сёлета замежныя студэнты з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава і ветакадэміі, а таксама мясцовая моладзь ды ветэраны працягнулі акцыю “Алея сяброўства” і добраўпарадкавалі населены пункт.

Дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра культуры Галіна Крацянок распавядае, што жыхары аграгарадка Сінькі і навакольных вёсак сталі ўдзельнікамі “Свята беларускіх гаспадынь”, якое ладзіцца тут другі год запар. Гэтым разам мясцовыя работнікі культуры прысвяцілі мерапрыемства хлебу. Прэзентаваліся вырабы з мукі кожнага падворка. Кожная вуліца трымала творчую справаздачу. А ў аграгарадку Солы, піша Галіна Крацянок, ДК прэзентаваў свята “Аграгарадок шчаслівых сем’яў”. Гаворка ішла пра творчыя захапленні. Былі прадстаўлены жывапіснае, кулінарнае, рамесніцкае мастацтвы.

Дзіцячы інструментальны ансамбль “Менестрэлі” Ракаўскай школы мастацтваў (кіраўнік — Кацярына Дварэцкая, канцэртмайстар — Кацярына Сеніна) атрымаў Гран-пры на XVI міжнародным фестывалі “Калейдаскоп талентаў. Лета 2018” у горадзе Жывец (Польшча). Усяго ў фэсце бралі ўдзел больш за 90 салістаў і калектываў з Латвіі, Украіны, Эстоніі, Расіі, Беларусі. У гала-канцэрце лаўрэатаў удзельнічалі не толькі “Менестрэлі”, а і вучаніца першага класа блок-флейты Ракаўскай школы Дзіяна Дробыш (настаўнік Павел Дварэцкі), якая заняла першае месца ў катэгорыі “Дэбют”.

“Лялечная казка Ірыны Панок” — так называецца выстава, якая дзейнічае ў чытальнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэкі. Ірына Панок вырабляе лялькі з воўны, ласкутнага шыцця, нават з ваты. Кожны твор, піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фондам Алена Огер, — унікальны па суадносінах колеру і фактуры, па стылістыцы і майстэрстве выканання. Цацкі і лялькі калекцыі сапраўды выглядаюць казачнымі персанажамі.

У аграгарадку Белагурна Дзятлаўскага раёна прайшло свята бліноў, якое стала часткай раённага праекта “Дбайных людзей славім — вясёлую гадзіну бавім”. Арганізатары нагадалі гасцям, што блін — сімвал цяпла і ўрадлівасці. У канцэрце прынялі ўдзел раённыя артысты Алеся Чурай, Дар’я Вабішчэвіч, Андрэй Добыш, Таццяна Загорцава, Людміла і Аляксандр Баклушыны. Не абышлося, натуральна, і без дэгустацыі бліноў — са згушчаным малаком, мёдам, маслам, мачанкай. Паведаміла пра брэндавае свята Настасся Голуб.

Мітынг, прысвечаны дню вызвалення горада, прайшоў у Ашмянах. Кацярына Рудзік распавяла пра тое, што ў раёне цяпер жывуць толькі восем ветэранаў вайны: Таццяна Мягкова, Станіслаў Бралкоўскі, Браніслаў Шагідзевіч, Зінаіда Заблоцкая, Іосіф Прыгодскі, Уладзімір Лашкевіч, Эдуард Сарока і Казімір Заблоцкі. Ушанаванне вызваліцеляў адбылося ў гарадскім парку ля помніка загінулым воінам.

Дзень калектыўнага адпачынку аграгарадка прайшоў у Жупранах, што на Ашмяншчыне. Дырэктар мясцовай клубнай установы Настасся Кеда загадзя паклапацілася пра рэкламу мерапрыемства. І тэма свята была вызначана вельмі канкрэтна — “Душы запаветны куток!” Цёплае слова і музычны падарунак знайшліся для кожнага жыхара. Як паведамілі ў аддзеле метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры, канцэртны складнік мерапрыемства забяспечылі вакальны гурт “Рабінушка” і артысты аграгарадка Алена Лаздзін і Іван Манчак.

Мастацкі кіраўнік Курылавіцкага (Гродзеншчына) цэнтра вольнага часу і культуры Ларыса Траян паведаміла пра свята вясёлых вазкоў. Аналагаў яно не мае, а ў аграгарадку Курылавічы ладзіцца другі раз. Парад “вясёлых вазкоў — чатыры колы” — надзвычай маляўнічы. Вось едуць з кірмашу дзед ды баба, што накупілі цэлы кош смакаты для ўнукаў. А вунь Марыська ды Ясік — героі беларускіх казак. Адмысловы вазок і ў пана Адольфа Быкоўскага.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 18.10.2019 01:43:53

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.