::
2018.07.28 — Нашто пчале ласіныя рогі? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Нашто пчале ласіныя рогі?
Спасылка
Дата публікацыі
28.07.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Анатацыя

У гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава адкрылася выстава, прысвечаная традыцыйнаму беларускаму бортніцтву. Так, менавіта бортніцтву, а не пчалярству — старадаўняму промыслу, які квітнее і сёння, калі на падворку побач з хатай стаяць вуллі. Борці ж заўжды знаходзіліся ў лесе, далей ад людскіх вачэй. Традыцыя ляснога бортніцтва вельмі старадаўняя. Больш за тое — жыве яна, аказваецца, і дагэтуль. Летась ёй быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Поўны тэкст

Калода ў некалькі ахопаў

Па словах арганізатараў — Веткаўскі музей і аб’яднанне “Братэрства босых бортнікаў” — выстава “Пчолачкі гудуць, хатку будуюць” стала першай спробай адлюстраваць у музейнай прасторы гэты традыцыйны беларускі промысел. Экспанатаў, датычных пчалярства, у беларускіх музеях нямала, прычым сям-там можна спаткаць не толькі вуллі, але і калоды. Але каб уся экспазіцыйная прастора была аддадзеная толькі такому кірунку пчалярнай справы, як бортніцтва, — такога яшчэ не было!

Як распавёў загадчык музейнага філіяла Пятро Цалка, выстава мае перад сабой мэту растлумачыць, чым бортніцтва адрозніваецца ад сучаснага пчалярства, у чым яго асаблівасць і адметнасць, і чаму яно — каштоўная спадчына нашай гісторыі.

— У наш век распаўсюджаныя перадусім сучасныя рамачныя вуллі, а гэта ж зусім не тое самае, што борці або калоды, — тлумачыць куратар выставы Пятро Цалка. — У першую чаргу, бортніцтва — гэта справа лясная, натуральная і прыродная. Вядома, усё пчалярства пачыналася са збору мёду дзікіх пчол. З часам чалавек, які назіраў за прыродай, зразумеў, што дупло вельмі маленькае і там не можа быць багата пчол і мёду. Таму тое дупло першы пчаляр вырашыў павялічыць “механічна” — пешняй, скобляй, сякерай.

Калі ж дрэва, у якім была борць, валіў вецер, то выратаваную яго частку з борцем зацягвалі на іншае дрэва і называлі ўжо калодай. І гэта быў наступны этап у развіцці справы, у якім удзел чалавека стаў большым.

— А пасля чалавек падумаў: а навошта яму цягацца ў лес, калі можна тую калоду каля хаты паставіць, — працягвае экскурсію спадар Пятро.

Цэнтрам выставы і служыць такая старадаўняя калода, зробленая са ствала хваіны. Каб абхапіць яго, аднаго чалавека замала. Першапачаткова гэта таксама быў борць. І калі дрэва, відаць, вырвала навала, з яго зрабілі калоду. Таму і называем яе борць-калода.

— Чалавек уладкаваў унутры яе вялікую прастору. Калі дрэва паваліла, яго абсеклі і яно стала калодай, — тлумачыць спадар Цалка. — Прычым яшчэ нават не спілавалі, а менавіта абсеклі! Вось, калкі бачна ў ім, іх забівалі, каб ствол не рассякаўся, і такім чынам яго ўмацоўвалі. Сама калода ХІХ стагоддзя, а вось калі борць з’явілася — гэта пытанне. Пэўна ж, нашмат раней.

Як за пчоламі хадзіць

За Веткаўскім музеем даўно замацаваліся два брэнды, дзякуючы якім ён вядомы далёка па-за межамі рэгіёна: па-першае, культура старавераў Веткі, па-другое — беларускае народнае ткацтва. Але, як сведчыць новая выстава, установа не спыняецца на дасягнутым і крочыць далей. У тым ліку, і ў плане экспазіцыйным.

Як патлумачыў куратар, рабіць “звычайную” выставу яму не хацелася. Вядома, можна было б выставіць у шэраг калоды, розныя прыстасаванні і інструменты бортнікаў, але тое было б занадта проста і не вельмі цікава. Тым больш, гэта ўжо не быў бы Веткаўскі музей.

— Мы заўжды імкнёмся да нечага большага, чым простая дэманстрацыя сваіх скарбаў, — кажа Пятро Цалка. — Скажам, тыя ж ручнікі… Мы іх паказваем перадусім не як тэкстыль, а як носьбіты пэўнай семантыкі, датычнай фальклору абрадавай культуры. Вось і на выставе “Пчолачкі гудуць, хатку будуюць” мы таксама дэманструем не асобныя прадметы, а найперш саму з’яву “Бортніцтва”.

І сапраўды, у традыцыйнай культуры ніводная рэч не можа існаваць сама па сабе — кожная з іх упісаная ў пэўны культурны і сацыяльны кантэкст. Менавіта гэта і спрабавалі прадэманстраваць аўтары праекта. Самыя розныя, быццам не звязаныя паміж сабой рэчы, добраўпарадкоўваюць адно аднога, уключаючыся ў агульны кантэкст і раскрываючыся па чарзе. Зыходным жа пунктам канцэпцыі стаў стараверскі рукапіс ХІХ стагоддзя “Як за пчоламі хадзіць”.

Стараверскі мёд

Стараверы ў нас часта ўспрымаюцца як суровыя паборнікі даўніх хрысціянскіх традыцый. Як ні дзіўна, такі вобраз рускіх старавераў у гэтай кнізе яднаецца з беларускім паганскім міфалагічным светаўспрыняццем. Тут ідзе гаворка пра забабоны, звязаныя з пчалярскім промыслам, падаюцца прыкметы, расказваецца, якім чынам і якой вадой трэба асвячаць вулей, а таксама што на якія святы належыць рабіць, каб быў добры “ўраджай” мёду.

— Скажам, тут напісана, што, каб абкурыць вулей, трэба ўзяць трошкі мурашніку. Маўляў, тады сіла і працавітасць мурашоў перадасца пчолкам, — распавядае Пятро Цалка. — Вельмі цікавыя ў кнізе апісанні, якой павінна быць сапраўдная пчала. Лепш прачытаць гэта непасрэдна з кнігі, — смяецца экскурсавод і падводзіць да стэнда з каштоўным прадметам. — “Госпадзі, утвердзі маёй пчале ласіныя рогі, рысьі ногі, лісью кротасць, воўчыю смеласць, мядвеж’ю сілу”. І гэтая сімвалічнасць прасочваецца цягам усёй выставы.

Сапраўды, экспазіцыя напоўнена не толькі пчалярскім інструментарыем, але і ручнікамі, абразамі, прадметамі побыту, так ці інакш звязанымі з промыслам. Адно з такіх цікавых прыстасаванняў — самабітка. Зробленая з дубіны з калкамі і падвешаная на дрэва, яна надзейна бараніла лясныя борці ад няпрошаных гасцей.

— Калі мядзведзь лез на дрэва, яна яму, натуральна, замінала. І ён пачынаў яе лапай адкідваць. Тая, канечне ж, вярталася, тады мядзведзь яшчэ мацней яе штурхаў і ў выніку мог нават забіцца самабіткай, якую сам і разгадаў, — працягвае экскурсію спадар Пятро. — А вось адна з самых рэдкіх на выставе рэчаў — гэта тагачаснае альпінісцкае прыстасаванне: лезіва са скуры лася. Борці часцей за ўсё ўсталёўвалі вельмі высока на дрэвах, і пры дапамозе такога лезіва бортнік падымаўся ўгору. Ніжняя частка дрэва гладкая, таму адзін канец перакідваўся праз дрэва і ён сам сябе падымаў. Вельмі прыгожая рэч, з арнаментаванай сядушкай. Цяпер яна захоўваецца ў фондах Лельчыцкага краязнаўчага музея.

У выставе сабраны прадметы з розных музеяў, а таксама і з прыватных збораў калекцыянераў. Ёсць нават і працоўныя інструменты цяперашніх бортнікаў-практыкаў.

На карце — мядзведзь

Як сцвярджаецца ў энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”, наш край цягам стагоддзяў задавальняў патрэбы ў мёдзе і воску ўсіх усходніх славян. Гэта адлюстравалі і старадаўнія еўрапейскія картографы, копіі мапаў якіх прадстаўлены на выставе.

— Тэрыторыя сучаснай Беларусі там пазначана як месца, дзе мядзведзі лазяць па дрэвах — каб мёд дзерці. На адной мы бачым мядзведзя, які залез на дрэва да борця, і вакол яго лётаюць злыя пчолы. На другой — мядзведзь таксама на дрэве, але тут яшчэ і самабітка вакол яго хістаецца.

А завяршае выставу раздзел, прысвечаны сучаснаму беларускаму бортніцтву. Як адзначыў спадар Цалка, толькі ён ведае больш за сто імёнаў тых, хто і па сёння працягвае старадаўні промысел. Прычым большасць з іх — гэта бортнікі спадчынныя, і калоды ім дасталіся ад бацькоў і дзядоў.

— І вось яшчэ адно пацверджанне таму, што традыцыя і ў наш час актуальная і жывая, што яе няма патрэбы адраджаць з нуля, — тлумачыць куратар выставы. — Тут прадстаўлены фотаздымкі, зробленыя Альфрэдам Мікусам у Лельчыцкім раёне, дзе яшчэ ёсць спадчынныя бортнікі. На здымках можна пабачыць увесь працэс работы.

Эпіцэнтрам сённяшняга беларускага бортніцтва, па словах даследчыка, з’яўляецца менавіта Гомельскае Палессе, перадусім Лельчыцкі раён — вёскі Глушкавічы, Дзяржынск, Букча, Сіманічы. Але бортнікаў спаткаць можна ледзь не па ўсёй Беларусі.

— Кожны наведвальнік нашай выставы зможа ўпісаць у спіс бортнікаў новыя прозвішчы — тых, каго ён ведае альбо ведаў раней. Такім чынам мы плануем стварыць як мага больш поўны інвентар усіх, хто займаецца або займаўся гэтай справай.

***

Як само бортніцтва, так і прысвечаная яму выстава несупынна развіваюцца. Ужо пасля адкрыцця ў экспазіцыю плануюць уключыць дадатковыя інтэрактыўныя элементы. Напрыклад, дупло борця ажыве, і кожны, падышоўшы да яго, зможа пачуць, як у сваіх вуллях гудуць пчолы. З’явіцца і відэа пра промысел, і квэст-гульні, здольныя дапамагчы раскрыць сімвалічны сэнс выставы.

Калі ж у вас не атрымаецца яе адведаць бліжэйшым часам, то не бяды. Насуперак моднай зараз тэндэнцыі рабіць выставы на пару тыдняў, калі адзінай яе публічнай імпрэзай становіцца ўрачысты вернісаж з фуршэтам, у гомельскім філіяле Веткаўскага музея пазнаёміцца з традыцыямі беларускага бортніцтва можна ажно да канца лістапада.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.04.2019 18:46:58

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.