::
2018.07.13 — Лета заканчвацца: прыйшоў Пятрок — апаў лісток / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Лета заканчвацца: прыйшоў Пятрок — апаў лісток
Спасылка
Дата публікацыі
13.07.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

12 ліпеня праваслаўныя адсвяткавалі Дзень Пятра і Паўла. Якія ўрачыстасці прымяркоўваліся да гэтага свята ў традыцыйнай вёсцы? Што з іх захоўваецца ў жывой традыцыі? Што за вобразы стаяць за гэтымі святымі?



 

 

Пятро ды Ілля

 

Шырока вядомая ў Беларусі прыказка «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Ілля — апала два» апавядае пра змены ў прыродзе. Падавалася б, на Пятра (12 ліпеня ў праваслаўных) па сучасным календары яшчэ няма нават паловы лета, а ў традыцыйных уяўленнях ужо пачынала наступаць восень.

 

 

Нічога дзіўнага, калі ўважліва паглядзець на будову традыцыйнага календара. Кропкі сонцаваротаў пазначалі сярэдзіну лета (каля 20 чэрвеня) і сярэдзіну зімы (прыкладна 20 снежня), а раўнадзенствы — сярэдзіну вясны (каля 20 сакавіка) і восені (прыкладна 20 верасня).

 

 

Дні сонцаваротаў і раўнадзенстваў не былі фіксаванымі, змяшчаліся ў розныя гістарычныя перыяды праз асаблівасці руху нябесных цел. У «этнаграфічны» час, калі рабілася пераважная колькасць апісанняў традыцыйных беларускіх абрадаў, гэтыя кропкі ўжо не супадалі са святамі, што прымяркоўваліся да іх і замацаваліся ў хрысціянскім календары (па старым стылі, Каляды — 25 снежня, Звеставанне — 25 сакавіка, Купалле — 23 чэрвеня, шэраг восеньскіх святаў). Мяжа між летам і восенню ў такіх разліках прыпадае прыкладна на Іллю (па старым стылі — 20 ліпеня, па новым — 4 жніўня), а Пятрок выступае мяжой, пасля якой лета ідзе на спад.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пятро фігуруе разам з Іллём і ў іншых прыказках:

 

 

«Святы Пятро ўкаласіўся, а святая Ілля жыта жала».

 

 

«Пётр з каласком, Ілля з калабком».

 

 

«На Пятра — крышку хлеба напякла, на Іллю — поўну печ хлеба наллю».

 

 

«Пётр-Павел час убавіў, Ілля-прарок — два ўвалок».

 

 

 

 

 

Працяг вядомай прыказкі пра надыход восені можа быць і іншым:

 

 

«Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Барыс — асыпаўся ўвесь ліст».

 

 

«Прыйшоў Спас — скіне ўсіх нас!».

 

 

 

 

 

 

 


Дзень святых Барыса і Глеба праваслаўныя адзначаюць 6 жніўня, а Спас — 14, 19 і 29 жніўня (мядовы, яблычны і хлебны). Такім чынам, межы сезонаў у традыцыйных уяўленнях маглі вар’явацца ў розных мясцовасцях і быць расцягнутымі ў часе.

 

 

 

 

 

Пятро: свята і святы

 

Што яшчэ казалі пра свята Пятра і Паўла ў беларускіх вёсках?

 

 

«Пятрок — восеньскі святок, аткуся лісток».

 

 

«Святы Пятро — у жыце ядро».

 

 

«З святога Пятра ў жыце пажня».

 

 

«Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць».

 

 

 «Святы Пятрок папары барануець, поле раўнуець, грунт гатуець».

 

 

 

 

 

 

 

Свята Пятрок прыпадала на час актыўнай касьбы, пачыналася жніво. У беларускіх прыказках, прымаўках і валачобных песнях Пётр выступае як апякун хлеба і хлебаробаў, аднак, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе не біблійны святы, а ўвасабленне свята (дня ў календары), пары палявых работ. У валачобных песнях з пералікам святаў гадавога кола, якія спявалі гаспадару, сустракаюцца радкі:

 

 

«Святы Пётра жыта родзіць».

 

 

«Святы Пётра сярпы востра».

 

 

«Святы Пётра жыта спеліць».

 

 

«Святы Пётра жыта наліваіць».

 

 

«Святы Пятро талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць».

 

 

«— Дзе ж ты бываў, святы Пётра?

 

 

— Я дома не быў, па полі хадзіў,

 

 

Па полі хадзіў, жытка зажаў,

 

 

Жытка зажаў, снапок звязаў,

 

 

Снапок звязаў, у копку злажыў!»

 

 

Свята Пятра згадваецца ў большасці валачобных песень з пералікам святаў. Па частотнасці згадак Пётра саступае толькі Юр’ю з Міколам.

 

 

У жанры народнай прозы сустракаюцца аповеды пра святога Пятра як падарожнага, што вандруе з Хрыстом па зямлі. Гэты вобраз бліжэйшы да біблійнага святога апостала, які спачатку быў рыбаком, а потым стаў місіянерам і вандроўнікам. Біяграфія апостала Пятра праяўляецца ў элементах святкаванняў дня Пятра і Паўла ў беларускіх вёсках. Напрыклад, у Шыпілавічах Любанскага раёна на Петрака частуюцца рыбнай юшкай, бо апостал Пётр быў рыбаком.

 

 

Няма нейкай агульнай мадэлі святкавання Петрака для ўсёй Беларусі. У некаторых лакальных традыцыях пачыналі вадзіць пятроўскія карагоды, і вадзілі да Спаса, дзесьці адорвалі пастухоў малочнымі прадуктамі, а тыя плялі каровам вянкі. Часта ладзіліся гулянні, гасцяванні, кірмашы і фэсты.

 

 

 

 

Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

 

 

Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, livingheritage.by

 

 

 

 

 

У некаторых вёсках на Пятра прыпадала святкаванне аброчнага дня, што быў усталяваны як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам у цяжкой сітуацыі.

У вёсцы Наркі Чэрыкаўскага раёна абраз святых Пятра і Паўла ў комплексе з самаробнай свячой штогод 13 ліпеня пераносяць у новую хату, папярэдне знасіўшы да святой крыніцы на малебен. 12 ліпеня да свячы нясуць аброкі-ахвяраванні, а пачынаецца святочнае дзеянне яшчэ 11 ліпеня насукваннем да старой свячы новага воску. Гэты комплекс абрадавых дзеянняў мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Пачытаць пра яго падрабязней можна тут і тут.

 

 

Святкаванне Петрака адноўлена ў Шыпілавічах Любанскага раёна па расповедах старэйшых жыхароў. Праходзіць малебен ля прыдарожнага крыжа, абраканне ля крыжа на гары, карагоды па вуліцах. Кульмінацыяй свята становіцца распальванне абрадавага вогнішча, скокі праз яго — кумленне хлопцаў і дзяўчат — а таксама спальванне папяровых шапак, якія дзяўчаты зрываюць у хлопцаў. Раней палілі сапраўдныя старыя шапкі, якіх ужо сёння не знайсці.

 

 

«Жджы Пятра — сыр з’ясі!»

 

 


 

Святу Петрака ў Шыпілавічах ужо восьмы год папярэднічала школа традыцыйнай культуры «Пятровіца». Яе назва адпавядае мясцоваму найменню Пятроўскага поста, што ў праваслаўных пачынаецца са свята Троіцы і цягнецца да Пятра. Пра пост у народных прыказках з усёй Беларусі:

 

 

«Пятроўка — самая галадоўка».

 

 

«Хто ў Пятроку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць».

 

 

«Жджы Пятра — сыр з’ясі!».

 

 

У песні з Любанскага раёна, што спявалі дзяўчаты, дражнячы хлапцоў:

 

 

«Цяжка да важка Пятра ждаць,

 

 

Ды на дзевак паглядаць,

 

 

Цягнецца хлопцам Пятровіца, гардовіца…»

 

 


 

 

 

 

Сёлета ўдзельнікі «Пятровіцы» вучыліся танчыць, спяваць, пячы хлеб, разбірацца ў зёлках, навіваць наміткі і завязваць хусткі, каштавалі мясцовыя прысмакі і любаваліся прадметамі традыцыйнага побыту. У апошнія гады на школу прыязджае ад 40 да 60 чалавек, якія жывуць на сядзібе сям’і Кухарэнкаў, якія і арганізуюць імпрэзу. Танцы выкладае этнахарэограф з Любані Сяргей Выскварка, а спевы — кіраўніца фальклорнага гурта «Варган» з Полацка Вольга Емельянчык.

 

 

Сёлета былі асобныя майстар-класы па спевах для хлопцаў, пад кіраўніцтвам спевака Уладзіміра Ціханоўскага, які нарадзіўся ў Мсціслаўскім раёне, а цяпер жыве ў вёсцы Рачэнь Любанскага.

 

 

Пра маляваныя дываны майстра наіўнага жывапісу Паўла Марціновіча, што жыў у вёсцы Засмужжа Любанскага раёна, распавяла мастацтвазнаўца з Мінска Ірына Смірнова. Аказваецца, сюжэты Марціновіч браў з паштовак і рэпрадукцый, прывезеных з сабой пасля ўдзелу ў Другой сусветнай вайне. Асабліва шмат ён перапрацоўваў работы аўстрыйскага мастака Ханса Зацка.

 

 

 

 

 

 

 

Танцы для ўдзельнікаў «Пятровіцы» гралі Васіль Васільевіч Семашкевіч (гармонік), Мікалай Міхайлавіч Юшкевіч (барабан), і гарманіст Ігар Вузлоў з Масквы.

 

 

 

 

 

Фота і відэа Алены Ляшкевіч і з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.09.2019 00:38:00

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.