::
2018.07.01 — Пахавалі Алеся Зайку. Пахавалі вялікага чалавека / Наша Ніва / nn.by
Загаловак
Пахавалі Алеся Зайку. Пахавалі вялікага чалавека
Спасылка
Дата публікацыі
01.07.2018
Катэгорыя
іншае
Поўны тэкст

«Мы пахавалі вялікага чалавека» 5

Пра Алеся Зайку, які пайшоў з жыцця на мінулым тыдні, піша галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько.

Пахавалі Алеся Зайку. Пахавалі вялікага чалавека. Вялікага ў сваёй бязмернай дабрыні, у сваёй шчырай любові да Беларусі, у плёне працы, якую ён ахвяраваў Айчыне.

Ён быў выдатным спецыялістам у галіне лакальнай этналогіі. Кола яго навуковых зацікаўленняў улучала дыялекталогію, фразеалогію, парэміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў аднаго з самых адметных і цікавых куткоў Беларусі — радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Яму ніхто не прапаноўваў і не зацвярджаў планавых тэмаў, ён ніадкуль, ні з якой навуковай установы, не атрымліваў заработнай платы. Ён сам быў установай — шматпрофільнай навуковай установай у адной асобе.

Вынікі працы даследніка ўражваюць: «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» (2011), «Населеныя пункты Івацэвіччыны» (2012), «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» (2014), «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны» (2015). Ім падрыхтаваныя да выдання «Нарысы з гісторыі і культуры Івацэвіччыны» і «Мікратапаніміка Івацэвіччыны». І, апрача гэтага, багата матэрыялу засталося ў рукапісах.

Гэтак супала, што ў той дзень, калі «Мікратапаніміка» падпісвалася да друку, Алесю Зайку раптоўна стала блага і ён ужо быў на Божай пасцелі. Мы з ім наперад дамаўляліся выдаць гэтую кнігу да ягонага 70-годдзя і 12 жніўня планавалі наладзіць прэзентацыю.

Там ён намерваўся звярнуцца з заклікам да ўсіх краязнаўцаў, да ўсіх зацікаўленых людзей нашай краіны збіраць мікратапонімы. Сістэмна занатоўваць найменні ўсіх урочышчаў: пушчаў, лясоў, гаёў, балот, балацін, ручаёў, крыніц, паплавоў, лугоў, равоў, пагоркаў, канаваў, старых дарог — усіх адметных мясцін.

Казаў мне: «Гэта складовая частка нашай мовы і гісторыі, гэта наш нацыянальны скарб, які імкліва знікае. Бо адыходзіць старое пакаленне, людзі, для якіх тыя сцежкі-дарожкі, палеткі, сенажаці, азёры ды рачулкі, дзе прайшло іх жыццё, былі дарагімі сэрцу мясцінамі, з якімі навек зраднілася душа. Нельга дапусціць, каб гэта бясследна прапала. Гэта мова нашай зямлі».

Спасылаючыся на свайго паплечніка і аднадумца Алеся Разанава, ён казаў: «У Швейцарыі знойдуць якое адметнае слоўца і ладзяць дзеля яго цэлую навуковую канферэнцыю, а мы, маючы такое багацце, гэтак нядбайна да яго ставімся».

Вось гэты запавет свайго сябра я хачу давесці да ўсіх, у каго б’ецца беларускае сэрца, хто мае змогу і жаданне паслужыць Айчыне, хто адчувае асабістую адказнасць за яе будучыню. Алесь Зайка паказаў прыклад, як гэта рабіць.

Зміцер Санько
https://nn.by/?c=ar&i=212058

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 05.01.2019 21:04:27

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.