::
2018.05.05 — Рэй вядзе дударская Глыбоччына (фота, відэа) / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Рэй вядзе дударская Глыбоччына (фота, відэа)
Спасылка
Дата публікацыі
05.05.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

У Глыбокім праходзіць Міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй». У Беларусь з’ехаліся музыкі з усёй Еўропы, 5 траўня адкрыліся дзве выставы і адгрымеў гала-канцэрт.
Сёлета адбыўся ўжо другі дударскі фестываль у Глыбокім. Яго ініцыятар — глыбачанін па паходжанні Віталь Воранаў, што цяпер жыве пад Познанню ў Польшчы. З падтрымкай мясцовай улады хлопец збірае ў невялікім мястэчку міжнародныя фестывалі і прасоўвае брэнд «Дударская Глыбоччына»: у фальварку Палівачы ў 1907 годзе была створана тэатральная трупа Ігната Буйніцкага, у складзе якой граў дудар Адам Шульга. З вёскі Верацеі паходзіць найстарэйшая беларуская дуда, вырабленная ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя (цяпер захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы). У засценку Калеснікаў на Глыбоччыне нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі, які ў сваёй творчай спадчыне мае і пераказ народнай казкі «Дудар». Ёсць звесткі пра дудароў з вёсак Ліпна і Свіла.


Як тлумачыць Віталь Воранаў, на фэст запрашаюць толькі аўтэнтычных выканаўцаў, якія прадстаўляюць свае рэгіёны, бо нават у межах адной краіны дуды могуць значна адрознівацца. Напрыклад, сёлета ў Глыбокае прыехалі прадстаўнікі Польшчы з рэгіёнаў Козла, Суха Бескідска і Велікапольшча, і кожны ансамбль гучаў зусім непадобна да іншых. Таксама Глыбокае наведалі прадстаўнікі славацкіх рэгіёнаў Нітра і Арава, латышскага рэгіёну Суйты, чэскай Мараўскай Валахіі. «Цвіком» праграмы сталі дудары з партугальскага рэгіёну Торэш Вэдраш. Беларусь прадстаўляў сам Віталь Воранаў, ансамбль «Рэхта» з Лепельшчыны, у складзе якога грае дудар Васіль Шкіндзер, дудары з Мінска Дзяніс Сухі, Сяргей Чубрык і Антось Бельскі. Спецыяльным госцем «Дударскага рэю» стаў Зміцер Дзёмін — глыбачанін па паходжанні, майстар па вырабе дудаў і дудар, які цяпер жыве ў Карэліі, а граў на эстонскай дудзе.


5 мая ў Глыбокім адкрылася адразу дзве выставы: выцінанкі Наталлі Сухой «Гісторыі дрэваў» і «Славацкія дуды ў ХХІ стагоддзі». У 2015-м годзе славацкая культура дударства была ўнесенная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Рабіліся спробы зрабіць мультынацыянальную намінацыю, куды ўлучыць і беларускае дударства, але пакуль што справа не здзейснілася. Рыхтуецца падобная намінацыя ад Польшчы і іншых краін. Як ні дзіўна, наконт шатландскага дударства, бадай, самага вядомага ў свеце, у сувязі са спісамі UNESCO пакуль нічога не чуваць.


Дудары паездзілі па раёне, пайгралі для глыбаччан і перазнаёміліся. Некаторыя з іх наведваюць Глыбокае не ўпершыню, былі летась на «Дударскім рэі» ці прыязджалі на Вішнёвы фестываль, які разам з дударствам можна ўжо лічыць брэндам Глыбокага. Не сказаць, каб «Дударскі рэй» прывабліваў натоўпы турыстаў, але, здаецца, усё яшчэ наперадзе.

Фота і відэа аўтаркі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.02.2023 14:08:20

Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Відэакурсы па этнаграфіі

Самы час вучыцца анлайн! Нашы відэакурсы размешчаны на адукацыйнай платформе Stepik.org і акрамя відэа утрымліваюць праверачныя тэсты для самакантролю.

Запісацца

Выкладчык: Уладзімір Лобач

Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў

Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Запісацца

Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі

Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў

Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.