::
2018.04.21 — Спадчыне аптымізацыя не перашкода? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Спадчыне аптымізацыя не перашкода?
Спасылка
Дата публікацыі
21.04.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Спадчыне аптымізацыя не перашкода?

№ 16 (1351) 21.04.2018 - 28.04.2018 г

Сёння назва вёскі Новае Палессе гучыць зусім не так аптымістычна, як у савецкі час, калі яна замяніла “немілагучную” Каросцін. Дзяцей там зусім вобмаль, школа даўно зачыненая. Аднак у маленькім паселішчы ў Лельчыцкім раёне захавалася частка Палесся старога, спрадвечнага. Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў мае статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Толькі вось… Можа стацца так, што ўнікальны фальклорны гурт, які тыя песні зберагае, неўзабаве апынецца без даху над галавой.

На пачатку былі планы надаць статус элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “брэндаваму” святу Новага Палесся — Стрэчанню. Але аказалася, што мясцовы гурт “Палескія напевы” мае вельмі багаты рэпертуар. Ён уключае песні з усяго каляндарнага, а таксама сямейнага і пазаабрадавага цыклаў. Гурт узнаўляе ўнікальныя традыцыі святкавання Калядаў, Дабравешчання, Вялікадня, Юр’я, Троіцы, паказвае на сцэне праграмы па вяселлі і ўлазінах (“ухошчына”). Таму ў 2009 годзе пад ахову дзяржавы быў узяты ўвесь той культурны пласт у сукупнасці. “Палескія напевы” выконваюць песні, што паспелі запісаць ад старэйшых жыхарак вёскі.

Сёння ў калектыве восем удзельнікаў: загадчыца сельскага клуба Марыя Светава, хормайстар Ніна Палын, спявачкі Надзея Кужалевіч, Валянціна Баравая, Любоў Бялоцкая, Ева Грыцкевіч, акампаніятар Аляксей Баравы. Усе яны — перад- або пенсійнага веку. Па стане здароўя ўжо не выступае з гуртом, але кансультуе па рэпертуары Надзея Лісіцкая, якой сёлета спаўняецца восемдзясят.

Але нават у такіх варунках можна знайсці спосабы перадачы традыцый. Сёлета на святкаванне Стрэчання прыязджалі вучні з вёскі Ударнае (цэнтр сельсавета). Іх разам з настаўнікамі прывёз школьны аўтобус. Дзеці ўзялі на сябе выкананне вялікай часткі абрадавых дзеянняў: дзяўчынка трымала ўпрыгожаную ёлку, хлопцы везлі яе на санках. Удзельніцы гурта “Палескія напевы” распавялі дзецям пра свята. Гурт разам з дзецьмі і ўсімі ахвочымі вадзіў карагоды на пляцоўцы між крамай і клубам. Потым удзельнікі і назіральнікі прайшлі шэсцем па вёсцы да прыдарожных крыжоў, замацавалі там упрыгожаную ёлку, а леташнюю спалілі. Перад ад’ездам дзяцей чакаў пачастунак.

Адным словам, традыцыя жыве — прынамсі, пакуль што. Клубу Новага Палесся пагражае закрыццё. У вёсцы цяпер прапісана 120 чалавек, а калі ў населеным пункце менш за 100 жыхароў, то ўстанову культуры могуць аптымізаваць. Пра гэта ў вёсцы ўжо пагаворваюць.

Для паселішчаў, дзе жыве праява нематэрыяльнай спадчыны, выключэнняў не прадугледжана. Пасля закрыцця клуба некаторыя гурты-носьбіты элемента НКС працягваюць збірацца па хатах, але ў большасці выпадкаў спыняюць дзейнасць.

Заканадаўча гэтыя нюансы канкрэтна не рэгламентуюцца. Падаючы дакументы для надання статуса ў Міністэрства культуры, мясцовы райвыканкам бярэ на сябе ахоўныя абавязальніцтвы, якія сам прапісвае, падпісвае і потым імкнецца выконваць. Атрымліваецца, што (не)аптымізацыя ў пэўнай ступені залежыць ад мясцовага кіраўніцтва. Пытанне можа паўстаць наконт рэсурсаў: наколькі раён можа сабе дазволіць утрымліваць клуб у маленькай вёсачцы толькі дзеля аховы элемента НКС?

Канечне, калі была б магчымасць, то сельскія ўстановы культуры і фінансаваліся б па-іншаму, і тыя ж элементы НКС карысталіся большай вядомасцю ды пашанай у сваёй мясцовасці і па ўсёй рэспубліцы. Але ж хочацца верыць, што мясцовыя ўлады робяць усё магчымае для аховы нацыянальных каштоўнасцей на сваёй тэрыторыі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
фалькларыстка

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 21.06.2019 03:17:14

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.