:: calculation
2013
Загаловак text
ХАРЧЫЧЫ
Спасылка embed
Дата публікацыі date
31.05.2013
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

Можна толькі ўявіць, што месца на зямлі, дзе мы зараз стаім або ідзём, працуем або жывём, хавае ў сабе мноства загадак і таямніц. Што адбывалася тут стагоддзі і тысячагоддзі таму назад, якія падзеі разгортваліся, хто і як тут жыў, чым займаўся…? Іншы раз зямныя пласты прыўзнімаюць шторку таямнічасці, запрашаючы зазірнуць у мінуўшчыну.

Толькі некалькі гадоў таму назад стала вядома пра багаты археалагічны і гістарычны скарб каля вёскі Харчычы Пагосцкага сельсавета. Урочышча Курганне са старымі могілкамі (менавіта таму вяскоўцы называюць гэта месца старымі могілкамі) зааралі і пасадзілі лес. Але ж ніхто і падумаць не мог, калі трапляліся каменныя знаходкі, што гэта не проста камяні, а сведкі далёкай гісторыі, якія пра многае могуць расказаць.

ХАРЧЫЧЫ

Невялікая вёсачка амаль на ўскрайку нашага раёна яшчэ зусім нядаўна не выклікала асаблівай цікавасці, а некалькі гадоў таму назад яна стала прыцягваць навукоўцаў і проста цікаўных людзей. Менш чым за кіламетр ад Харчыч на старых могілках, побач з якімі ўзвышаюцца курганы вышынёй у 2-3 метры, былі знойдзены каменныя помнікі – помнікі не толькі археалогіі і гісторыі, але і мастацтва, духоўнай культуры. Раскопкі, якія тут праводзілі выкладчыкі і студэнты гістарычнага факультэта БДУ, выявілі каменныя крыжы ІХ-ХІІІ стагоддзяў. Якраз падчас раскопак давялося пабываць у Харчычах майму калегу Аляксандру Бычкоўскаму, аб чым ён падзяліўся ў апавяданні “Сведка веры”: “…Хлопцы з экспедыцыі ўзрадаваліся нашаму візіту. Ужо амаль месяц сярод лесу ў вёсцы Харчычы быў разбіты лагер, а раскопкамі за мінулы тэрмін займаліся ў лепшым выпадку дні тры-чатыры. Перашкаджала непагадзь. Але археолагам усё ж пашчасціла высветліць, што месца доследаў унікальнае ў сваім родзе, адно з нешматлікіх у Беларусі. Тут ляжаць захаванні, датаваныя 9-13 стагоддзямі. Іх колькасць выклікае думку аб існаванні ў старажытнасці на месцы Харчыч горада. Па характары форм курганоў і могільнікаў можна прасачыць пераход ад язычніцтва да хрысцяінства. З’ява рэдкая. Убачыўшы гасцей з райцэнтра, прыбыўшых пазнаёміцца з працай археолагаў, даследчыкі з радасцю згадзіліся наладзіць экскурсію.

Даволі працяглы час нас вадзілі па месцах раскопак. У нейкі момант мы спыніліся на акрайчыку маладога лесу, дзе пару-тройку дзесяцігоддзяў існавала калгаснае поле.

— Вы ўяўляеце, на чым зараз стаіце, — прамовіў наш экскурсавод Аляксандр Плавінскі (беларускі археолаг і выкладчык БДУ).

Ён уважліва і загадкава паглядзеў на купіны каля нашых ног. Мы, дылетанты, нічога не цямілі. Купіны, мох, дрэвы, сухое галлё — што ў іх загадкавага?

— Вы толькі зірніце сюды, — вучоны хуткімі рухамі саскроб мохавыя наросты і падняў з зямлі каменны крыж метра з паўтара ў вышыню. – Прыблізна трынаццатае стагоддзе.

Мы вохкнулі.

Груба абцясаны, старажытны, ён нёс водар змрочнай мінуўшчыны і сведчыў аб часах забытых, людзях, чые думкі і здзяйсненні даўно зышлі ў невараць, растаялі ў вечнасці…”

Не растаяла ў вечнасці, не знікла зробленае іх рукамі, дайшло да нас праз сем і больш стагоддзяў, стала рэальнай сведкай далёкай мінуўшчыны, да якой можна дакрануцца.

Акрамя крыжоў, як расказаў бярэзінскі краязнаўца Ігар Леанідавіч Жукоўскі, які таксама сустракаўся з археолагамі, у харчыцкім Курганні была знойдзена пацерка – жаночае ўпрыгажэнне, якое трапіла сюды з Урала. Увогуле, раскопкі і сапраўды сведчаць аб тым, што на месцы Харчыч быў горад, з развітым рамесніцтвам, асабліва шмат было кузняў. Ёсць меркаванне, што тут быў лесасплаў, а таксама камняломні, пра што можна меркаваць па раскіданых па лесе валунах.

— Гады тры ўжо археолагі не ездзяць, — гаворыць Вольга Іосіфаўна Ціхановіч, — а да гэтага кожнае лета наведваліся. Жылі ў палатках у лесе. Калі студэнты прыходзілі ў вёску, мы іх яблыкамі, агуркамі частавалі, цыбулі нашчыпім. Яны часта наведваліся да нашага Міронавіча (ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сцяпана Міронавіча Любецкага), калі ён яшчэ жывы быў. Яму цікава было іх паслухаць, і ім — яго.

Вольга Іосіфаўна ветліва згадзілася пабыць маім экскурсаводам. Сабраліся былі і да старых могілак, аднак дарэмна. Я не ўлічыла асабівасцей гэтага года. Нават у канцы мая пешшу туды без гумавых ботаў не дабрацца, на аўтамашыне тым больш не праедзеш. Таму ўжо пазней давялося звяртацца за фотаздымкам да Паўла Абазовіка, які пабываў там з сябрамі гады два таму назад. Бярэзінскі юнак і зараз не хавае захаплення ад магчымасці дакрануцца да старажытнасці.

На жаль, як адзначалі вяскоўцы, добра, калі сёння на сваім месцы засталіся лічаныя крыжы. Некаторыя з іх навукоўцы забралі ў сталічны музей, але і астатнія крыжы (нават у чалавечы рост) сталі знікаць у невядомым напрамку, пасля чаго нашы краязнаўцы, каб захаваць каменную спадчыну, прывезлі два крыжы ў Беразіно, для мясцовага музея, які мяркуецца стварыць.

Па расказах вясковых старажылаў, як узгадаў І.Л. Жукоўскі, гадоў 50 назад каменныя крыжы былі размешчаны роўнымі радамі ў напрамку поўнач-поўдзень. Стаялі яны групамі, што сведчыць пра сямейны прынцып пахавання. Сустракаліся каменныя крыжы розных памераў, некаторыя дасягалі паўтара метра вышыні і 60-80 сантыметраў шырыні. Салерныя знакі на некаторых крыжах звязаны з язычніцкім пакланеннем сонцу і агню, якое зарадзілася з паяўленнем земляробства.

***

Дарэчы, ёсць нямала, ці то павер’яў, ці забабонаў, звязаных з каменнымі крыжамі. Гаварылі, што “невядома адкуль бралася таямнічая сіла і не давала спакою тым, хто перавозіў крыжы”. Верылі, што яны лечаць, бароняць ад эпідэмій, пажараў, іншых няшчасцяў.

Магчыма, гэта і дапамагло вёсцы ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Дарэчы, як расказала Соф’я Дзмітрыеўна Лявіцкая, якая прыязджае ў бацькоўскую хату з горада, існуе легенда пра тое, што ў немцаў на карце на месцы вёскі быў пазначаны горад Корчычы. Гэта легенда таксама пацвярджае версію аб тым, што горад быў. Маючы на ўвазе назву Корчычы, якая хутчэй за ўсё пайшла ад слова “карчы”, больш зразумелай становіцца і версія назвы вёскі, пра якую расказала адна са старэйшых жыхарак Н. К. Малашкевіч.

— Шчаслівая наша вёска, — гаворыць Надзея Конанаўна, — поўнасцю ўцалела ў вайну. Партызаны начуюць – выедуць, немцы прыязджаюць, і ніколі не сустракаліся. Але ўсяго было. Напачатку вайны расстралялі сям’ю Ходасаў – бацьку і двух сыноў. Памятаю сам пачатак вайны. Я на Гару (у Высокую Гару) ішла, малако здаваць несла, а тут самалёты гудуць. Кажуць, вайна пачалася. Як нашы адступалі, не відаць было. А немцаў шмат ехала, на конях і матацыклах. Спыніліся на дарозе (тады да Кармы лесу не было, поле навокал, але ў вайну не засявалася, дык зарасло), і кажуць майму тату: “Пан, Масква, Масква!”. Маўляў, у Маскве будзем. Дык амаль за 5 гадоў не ўдалося да Масквы дастаць.

Ёсць у гэтым і заслуга вяскоўцаў з Харчыч, якія кармілі партызан, давалі начлег, вопратку. У пошуках матэрыялу пра Харчычы я зусім выпадкова натрапіла на ўспаміны жыхаркі горада Беразіно Валянціны Рыгораўны Дудко, якая нарадзілася і вырасла ў гэтай вёсцы. Патэлефанавала ёй.

— Справа ў тым, — распавяла жанчына, — што я шукаю хлопчыка, якога партызаны прывялі да нас. Наш дом стаяў у канцы вёскі, побач з лесам. Напэўна таму партызаны асабліва часта прыходзілі да нас абагрэцца, пераначаваць, паесці. Мама шыла для іх маскіровачныя халаты. Памятаю, як, хутчэй за ўсё па іх заданні, я хадзіла разам з мамай у Бялавічы, дзе быў гарнізон. Неяк, напэўна ўжо ў канцы вайны, партызаны прывялі хлопчыка, ухутанага ў дзве вялікія хусткі з махрамі. Адзінае, што мы пра яго ведалі, дык гэта тое, што яго звалі Слава. Мама, вядома, ведала болей, але яна памерла 2 мая 1945 года. Нас тады адправілі па інтэрнатах, хлопчыка – у Бярэзінскі. Вельмі хацелася б даведацца пра яго лёс.

У партызанах быў бацька В.Р. Дудко – Рыгор Пятровіч Мірончык, пасля вызвалення Беларусі пайшоў на фронт. На фронт пайшлі іншыя мужчыны і хлопцы.

-Мой тата, Конан Архіпавіч, які ў час Першай сусветнай вайны ваяваў, — працягвае аповед Н.К. Малашкевіч, — калі выпраўляў у салдаты брата Віктара, наказваў: “Ні на што чужое не зайздросці, толькі калі патрапіць што з’есці”. Брат потым вярнуўся з вайны, як і большасць нашых аднавяскоўцаў.

Хаця жыхарка Харчыч Ганна Аляксандраўна Сіняк да гэтага часу вядзе пошукі свайго дзядзькі Івана Андрэевіча Любецкага, які прапаў без вестак.

***

Мірны час пачаўся з аднаўлення калгаса імя Мікаяна, які быў арганізаваны ў 1933 годзе. Пазней ён далучыўся да саўгаса “Дзмітравічы”, пасля раздзялення гэтай гаспадаркі ў лютым 1966 года Харчычы ўвайшлі ў склад саўгаса “Высакагорскі”. У пачатковую школу дзеці, па словах В.Р. Дудко, хадзілі ў Глінішча, потым — у Высакагорскую сямігодку.

— А што пасляваенны час, — перапытвае Н. К. Малашкевіч, — працавалі ў калгасе – сеялі і ўбіралі, лес церабілі, каменне качалі, лапнік ламалі. Грошай не плацілі, таму збіралі ягады і грыбы, сушылі іх і прадавалі. А што ўжо травы паелі!

Надзеі Конанаўне ад каляд пайшоў 90-ы год. Усё жыццё яна працавала ў калгасе, ветэран працы. Да гэтага часу стараецца не звяртацца да дактароў, нават не ведае, што такое ўколы. Яна адна з нешматлікіх карэнных жыхарак Харчыч.

Свая, мясцовая, і Лізавета Дзмітрыеўна Круталевіч. Вольга Іосіфаўна Ціхановіч выйшла сюды замуж з Заклеўя, Марыя Паўлаўна Белая – з Тылькаўкі. Тады, у 1960-ыя гады, калі яны пераехалі сюды, вёска была гаманкой. Двароў няшмат, але амаль у кожным — шматдзетная сям’я, не менш за 200 чалавек жыло. Сёння на 11 падворках пражываюць 12 вяскоўцаў.

***

Нешматлікія хаты на адзінай вясковай вуліцы губляюцца ў яркай майскай зеляніне. Пасярод вёскі — могілкі, дзе побач з сучаснымі пахаваннямі – помнікі-камяні. Яны, вядома ж, не такія старажытныя, як крыжы на старых могілках, але таксама вельмі даўнія – невядома хто і калі там пахаваны. Пры ўездзе ў вёску не адразу можна заўважыць рачулку Харчычку, якая калісьці была сапраўднай жыватворнай сілай. Менавіта з яе, пакуль не выкапалі калодзежы, бралі ваду для гаспадарчых патрэб.

— Але часцей ваду набіралі ў крыніцах, іх тут шмат было, — заўважае Н.К. Малашкевіч. – Добрая, смачная вада была. З-за крыніц нават зімой рэчка дужа не замярзала.

— Раней яна была глыбейшая і чысцейшая, — пацвярджае В.Р. Дудко, якая гэтай вясной пабывала ў родных мясцінах, — а цяпер алешнікам усё зарасло, ён амаль на вуліцу выходзіць.

Ледзь не на вуліцу ў разводдзе пачала выходзіць і сама Харчычка. Рачулку аблюбавалі бабры, набудавалі там плацін, з-за чаго вада не толькі да дамоў і агародаў падступае, але і затоплівае лес.

Лес тут навокал. Багаты грыбамі і ягадамі, рознай жыўнасцю, ён абдымае вёску з усіх бакоў, нібы імкнучыся схаваць. А можа і захаваць тое вечнае, што заўсёды цікавіла і будзе цікавіць усе наступныя пакаленні.

***

Выказваю ўдзячнасць за дапамогу Вользе Іосіфаўне Ціхановіч.

Ала АЛЬФЕР.

Фота аўтара.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 03.11.2018 12:34:50

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.