::
2018.04.13 — Адчыняйцеся, нябёсы і зямля! / СБ. Беларусь сегодня / sb.by / Советская Белоруссия
Загаловак
Адчыняйцеся, нябёсы і зямля!
Спасылка
Дата публікацыі
13.04.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Адчыняйцеся, нябёсы і зямля!

Са старажытных часоў беларусы святкуюць Юр’е -- цікавы і відовішчны вясновы абрад

Каб “адамкнуць зямлю і выпусціць расу — на цёплае лета, на буйное жыта”, на Юр’е водзяць карагоды. Па павер’ях, гэта сам святы Юрый, галоўны апякун урадлівасці і плоднасці, бярэ ў Бога ключы ад зямлі і адмыкае яе. 


Вясновае Юр’е прыпадае на 6 мая. У гэты дзень карагоды ідуць па вёсцы, 

вітаючы песнямі суседзяў, сваякоў, родных:

Ой, выйду я на вулачку, бычкі бушуюць,

Юр’я, Юр’я, бычкі бушуюць.

Бычкі бушуюць, бо вясну чуюць, 

Юр’я, Юр’я, бо вясну чуюць.

Захоўваючы песні, рамёствы, народныя касцюмы, удзельніцы самадзейнасці захоўваюць, без перабольшвання, душу вёскі, яе духоўнае багацце і аблічча

Лічылася добрай прыкметай сустрэць карагод у полі. А калі спеўны гурт з караваем завітае ў гаспадарскі двор, — чакай багатага ўраджаю і добрага здароўя на ўвесь год. Каб не хварэць, трэба з раніцы выкачацца ў траве, бо Юр’ева раса лічыцца лекавай ад сурокаў, “ад сямi хвароб”. Свойскай жывёле раса таксама давала сілы і малочнасць. Нездарма дагэтуль кажуць: “Выганяй карову на Юраву расу, на Божую красу”. І яшчэ: “Як на Юр’я раса, хопіць коням аўса”.

Пачастункі пастухам

Калі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна першы раз пасля зімы выганяюць на пашу кароў, каля варот хлява кладуць яйка — “каб жывёла была сытая, з круглымі бакамі і не мела шкоды ад нядобрага вока”.

Юр’е — пастухова свята. Гаспадары, выганяючы сваіх рагуль, частавалі пастушкоў караваем, яйкамі, салам. А тыя, святкуючы, смажылі ў полі на вогнішчах яешню, спявалі песні. І абавязкова клалі пад бярозку кавалачак хлеба, кажучы: “Хазяін лесавы, палявы, балотны! Прымі нашу скаціну, зберажы яе ад звера лютога, ад чалавека ліхога, здаровай дадому вяртай!”


Сімвал жыцця

Каравай на Юр’е пячэцца з раніцы. У хаце збіраюцца жанчыны і дзяўчаты і пад абрадавыя песні кветкамі і галінкамі маладых бярозак упрыгожваюць гэты сімвал жыцця. Выносіць з хаты каравай — як ахвяру богу зямлі Ярылу — давяралі толькі добраму і дбайнаму гаспадару. Ахутаўшы чырвонай хусткай, нясуць каравай на поле з ярка-зялёнай рунню. А наперадзе карагода трымаюць у руках звычайныя граблі, да якіх прывязаны чырвоны ці зялёны фартушок, які здалёк кідаецца ў вочы. Заходзіць у збажыну дазваляецца толькі праз “вароты” з ручніка — нібы ў адамкнёныя Юр’ем вароты зямлі. Першымі “ўваходзяць” граблі і каравай, за імі — увесь карагод, спяваючы:

Вялі дзеўкі карагод,

Сам Бог напярод...

Калі каравай пакласці на зямлю і ён схаваецца ў жыце — чакай добрага ўраджаю. Паднімаюць каравай высока, нібы сонца, каб і хлеб рос высокі і дужы.

Дзе карагод ходзiць, там Бог жыта родзiць,

А дзе не бывае, там улягае.

Дзе карагод уецца,

Там жыта ўдаецца.

А дзе не бывае, там улягае...

Спявалі і іншыя песні. Качаліся па жыце. Каб яно расло, скакалі па ім. На мяжу поля клалі кавалачак карагоднага каравая і прыгаворвалі: “Каб Бог даў да вырасла жыта, да спяклі булку, да смачная была...”


Заўсёды чыста, звонка і голасна спяваюць карагоднiкi. Іхнія песні далёка чуваць. Сённяшнія захавальнiкі і носьбіты традыцыі святкавання Юр’я — простыя вяскоўцы: жанчыны-пенсіянеркі, настаўнiкі, клубныя работнікі, спеўная моладзь, школьнікі.

Читайте также

В Дрогичинском районе возродили старинный обряд проводов зимы «Деркачи» З ёлкай і чырвоным “сцягам”

У адрозненне ад вёсак, дзе на Юр’е носяць каравай і фартушок на граблях, у Іванавай Слабадзе Лельчыцкага раёна абрад уключае нашэнне ўпрыгожанай ёлкі. “Няхай гэтак каласочкі на жыце шумляць, як коснічкі на ёлцы зіхацяць!” — кажуць тут. А яшчэ носяць чырвоны “сцяг”, ён сімвалізуе жыта, якое красуе ў полі, а яшчэ бароніць пасевы ад навальніц, граду і працяглых дажджоў.

Пасля ваджэння карагода ўпрыгожаную ёлку пакідаюць у полі — як ахвяру на ўрадлівасць зямлі, добрыя ўсходы і багаты ўраджай, на які спадзяецца кожны гаспадар. А гурт вясёлых жанчын крочыць па сялу ад хаты да хаты, спяваючы пад вокнамі, каб атрымаць традыцыйныя яйкі і бліны. Жвава вытанцоўваюць “баціначкі”, гуляюць у “вароты”.


У гэтым куточку Убарцкага Палесся карагод — не проста малітва, звернутая да Бога, які адмыкае зямлю і спрыяе земляробству. У ваджэнні і спевах — сапраўднае рытуальнае дзейства. Вось як замаўляюць сваімі спевамі ў вёсцы, выганяючы “тавар” у поле на першую расу, на першы выпас:

Ідзі, кароўка, у поле,

Зялёную траву паядай,

Юр’еву расу папівай.

А ты, Юр’я, з таварам хадзі,

Стада глядзі,

Разам з таварам дамоў ідзі!

Гэтымі наказамі-просьбамі гаспадыні нібы баранілі вёску і сваіх дойных карміліц ад нячыстай сілы:

На разыходных дарогах

Будзе стаяць ведзьмярыха —

Вялікая дойніца.

Рожкамі адкаліся,

Ножкамі адбрыкніся,

Хвосцікам адмахніся —

К сабе вядзьмарку не падпусці,

Нясі свой удой дамоў...

Читайте также

Які “Куст” стараюцца зберагчы палешукі Душа вёскі

Цяпер у Іванавай Слабадзе галоўны захавальнік “Юр’я” і іншых старажытных абрадаў — заслужаны аматарскі калектыў “Журавінка”. Зберагаючы песні, рамёствы, народныя касцюмы, удзельніцы самадзейнасці захоўваюць, без перабольшвання, душу вёскі, яе духоўнае багацце і аблічча.

Захаванне абрадаў ніколькі не пярэчыць сучаснаму ладу жыцця, у якім неверагодна хутка нівеліруюцца і знікаюць рысы самабытнай адметнасці нават такога багатага на абрады і звычаі рэгіёна, як Палессе. І няхай сабе карагод на Юр’е ў Іванавай Слабадзе не выконвае цяпер тых асноўных сэнсавых функцый у побыце і сялянскай працы, без якіх не абыходзіліся яшчэ зусім нядаўна. Тым не менш кожная гаспадыня, перад тым як першы раз вывесці сваю “худобу” ў поле, возьме ў рукі асвечаную вярбу і акраец велікоднага пірага, пакладзе перад хлявом яйка і скажа ўпотай тыя магічныя словы, якія казалі яе маці, бабулі і прабабулі. А юр’еўская раніца абудзіцца тымі ж адвечнымі спевамі:

Да подай, маці, ключы

Небеса атварыці

Да росаньку пусціці:

На новае лета, на зялёнае жыта,

На жыта, на пшаніцу,

На ўсяку пашніцу...

Алесь Пушчанскі

infong@sb.by

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.10.2019 20:07:13

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.