::
2018.04.11 — Свята роднае, Велікоднае / СБ. Беларусь сегодня / sb.by / Советская Белоруссия
Загаловак
Свята роднае, Велікоднае
Спасылка
Дата публікацыі
11.04.2018
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Свята роднае, Велікоднае

Спрадвечныя звычаі беларусаў у розных рэгіёнах краіны маюць свае адметнасці, прыцягваюць увагу даследчыкаў з розных краін

У вёсцы Данілевічы, што ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны, каменны крыж мясцовыя жыхары з пяшчотай называюць: Дзевачка. І на Вялікдзень нясуць ёй пачастункі — яйкі, булкі, цукеркі… Нават розныя ўпрыгожванні — фартушкі, сукенкі, каралі… Па мясцовым павер’і, аддаючы Дзевачцы падарункі, загадваюць жаданні. Калі ж тыя здзейсняцца, то абавязкова трэба прынесці Дзевачцы падзяку. Увогуле каменныя крыжы ў Лельчыцкім раёне — не рэдкасць. Аднак толькі два з іх, што ў вёсках Данілевічы і Баравое, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Абрад “Ваджэнне сулы” штогод ладзяць у вёсцы Маркавічы, што на Гомельшчыне 
фота Алены Ляшкевіч

Читайте также

Які “Куст” стараюцца зберагчы палешукі Пра тое, як сёння ў розных рэгіёнах краіны спалучаюцца дахрысціянскія элементы святкавання Вялікадня з хрысціянскімі, расказвала на сустрэчы-лекцыі ў мінскай АРТ-гасцёўні супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Алена Ляшкевіч. Хрысціянскае свята Уваскрэсенне Хрыстова “наклалася”, паводле яе меркавання, на старажытны Вясновы Новы год, што адзначалі нашы продкі. Абодва святы рухомыя, і даты іх разлічваюцца па месяцова-сонечным календары. Цяпер Новы год мы адзначаем зімой, а многія з язычніцкіх традыцый, што былі характэрныя для Вясновага свята, засталіся ды цяпер асацыююцца з Велікоднымі. 

Фарбаваць яйкі лічыцца ў вернікаў адным з важных элементаў падрыхтоўкі да Вялікадня. А ў XVII стагоддзі, напрыклад, па словах Алены Ляшкевіч, з каляровымі яйкамі нельга было заходзіць у хрысціянскі храм — тое лічылася язычніцтвам. І гульня “Біткі ў яйкі”, казалі тады хрысціянскія свяшчэннікі, “ад ліхога”. Сёння ж яйкі фарбуюць у Беларусі ўсе (праваслаўныя, католікі, пратэстанты…) ва ўсіх кутках краіны. У іх пераважае чырвоны колер, але могуць мець яйкі Велікодныя жоўты, зялёны, сіні, аранжавы колер… і тысячы розных узораў. Праўда, калі нехта на працягу года ў сям’і памёр, то яйкі не фарбуюцца зусім або — у чорны колер: залежыць ад мясцовасці. На яйках можна воскам выводзіць прыгожыя ўзоры або выскробваць малюнкі. Стварэнне пісанак і скробанак асабліва пашырана цяпер на Гродзеншчыне. 

Каменны крыж у в. Данілевічы
ФОТА АЛЕНЫ ЛЯШКЕВІЧ

Дарэчы, ёсць і ў Беларусі павер’е, якое вельмі папулярнае ў Заходняй Еўропе: пра Велікоднага зайца, які прыносіць дзецям святочныя пачастункі. Такія легенды існуюць, напрыклад, у Бярэзінскім ды Капыльскім раёнах Міншчыны. “Відаць, заяц асацыяваўся ў продкаў з Вясной, і яе надыход варта ўсім адзначаць дарункамі”, — казала нам Алена.

Читайте также

Што хаваюць у полі жыхары вёскі Валосавічы Чачэрскага раёна? Велікодны перыяд у беларусаў доўгі. Шчырыя вернікі трымаюць Вялікі пост і такім чынам рыхтуюцца да свята за 40 дзён. Найбольш актыўна — у апошні тыдзень. Прыбраць жытло трэба раней за Чысты чацвер. Своеасаблівая традыцыя — упрыгожванне хаты. Раней рабілі выцінанкі, плялі новых саламяных павукоў, якія, кажуць, цягам года “ўбіралі” ў сябе дрэнную энергетыку. А ў Бярэзінскім раёне Міншчыны, Лідскім і Дзятлаўскім Гродзеншчыны і ў Пружанскім на Брэстчыне яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя абавязкова рабілі святочныя ўборы для хаты, часцей за ўсё з галінак елкі. Бо гэтае вечна-зялёнае дрэва лічыцца сімвалам жыцця, адраджэння.   

Як вядома, святу Вялікадню папярэднічае Вербная нядзеля. Калі цяпер галінкі вярбы ўпрыгожваюць рознымі штучнымі кветкамі, птушкамі, матылькамі, то раней вербачкі выглядалі сціпла: як пучок галінак, які маглі абвязаць чырвонай ніткай. З даўніх часоў дайшлі няхітрыя правілы: абавязкова вярбу трэба асвяціць у храме, а пасля разам з Грамнічнымі свечкамі цягам году захоўваць за абразамі. Гэтыя рэчы, дарэчы, лічыліся магічнымі: з імі праводзіліся розныя абрады, нават лекаванне.

У час лекцыі Алена Ляшкевіч паказала відэа з падарожжа ў вёску Данілевічы Лельчыцкага раёна. Зафіксавала, як мясцовыя жыхаркі тлумачаць, навошта яны ў Велікодную ноч… страляюць: “Клічым да сябе Ісуса Хрыста!”. Яшчэ там прынята паліць вогнішчы перад хатамі або пакідаць гарэць святло ў пакоі на ўсю ноч. Нехта запальвае свечку… У вёсцы Сіманічы Лельчыцкага раёна тлумачаць такія звычаі тым, што ў Велікодную ноч Бог нібыта ходзіць па зямлі ды завітвае на вогнішча ды святло, прыносіць гаспадарам Шчасце і Дабрабыт.

Гаворачы пра Велікодныя традыцыі, немагчыма пакінуць па-за ўвагай і валочобніцтва. Яго, дарэчы, многія даследчыкі лічаць характэрным толькі для беларускага народа. “Арэал валачобніцтва супадае з беларускай этнічнай тэрыторыяй на розных мапах, — казала Алена Ляшкевіч. — Пашырана яно й на Беласточчыне, на Браншчыне…” А ў паўночнай і ўсходняй Беларусі на Вялікдзень і сёння абыходзяць двары валачобнікі, славячы гаспадароў песнямі, збіраюць пачастункі. У заходняй частцы краіны “завітваюць” у хаты да гаспадароў і дзеці. Маленькія “жакі” ці “жачкі”, як іх называюць, часцей за ўсё расказваюць вершы. І атрымоўваюць за тое цукеркі ды печыва.

Даследчыца традыцый і звычаяў беларусаў Алена Ляшкевіч
фота міхася аракчэева

Читайте также

На Любаншчыне шчодра частуюць велікодных валачобнікаў З Вялікадня ў Беларусі пачынаюцца “стрэльныя” карагоды, якія водзяцца на працягу сарака дзён. А пасля, на Ушэсце, “хаваюць”, закопваюць нейкі металічны прадмет — грабеньчык, цвічок, шпільку… Гэта — своеасаблівая ахвяра Зямлі-маці, каб ахоўвала вёску ад голаду. Жыве яшчэ традыцыя “Ваджэнне і пахаванне Стралы” ў вёсцы Бездзеж, што на Брэстчыне, а таксама ў Маркавічах на Гомельшчыне.

Шмат пра што яшчэ ішла гаворка на лекцыі Алены Ляшкевіч. І пра Велікодныя спевы, і змену “тэкстылю” на прыдарожных крыжах… Мне й самой сталі больш зразумелыя многія рэчы. Напрыклад, не ведала раней: што рабіць з леташнімі галінкамі вярбы. Інтуітыўна везла іх на Радуніцу на могілкі. Аказалася, правільна. Так робяць і ў Барысаўскім раёне Міншчыны, і ў Докшыцкім на Віцебшчыне. А можна й спальваць. Нават не чакала, што на сустрэчы будзе так шмат людзей. Некаторыя з слухачоў — заўсёднікі: былі й на папярэдніх лекцыях, што прысвячаліся Масленічным ды Калядным звычаям. Іншыя ж, як і я, трапілі ў АРТ-гасцёўню ўпершыню. Мне падумалася: Вялікдзень, у святкаванні якога перапляліся і хрысціянскія, і дахрысціянскія ўяўленні, — тое свята, што паядноўвае гараджан і сяльчан, малых і дарослых… А ў кожнай сям’і ёсць і свае Велікодныя традыцыі. Мае дзеці, напрыклад, з вечара суботы складваюць у кошыкі асвячоныя булкі ды яйкі. І ў святочную нядзелю вязуць пачастунак бабулям і дзядулям, тыя ж таксама рыхтуюцца — каб у доме былі святочныя гасцінцы ўнукам. Так што для нас Вялікдзень — гэта свята, якое злучае й пакаленні.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 14 (3566), чацвер, 12 красавіка, 2018 у PDF

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.09.2019 03:05:56

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.