::
2017.12.27 — Фальклорны гурт «Варган» рыхтуе альбом «Музыка беларускай Поўначы» / Самміт+ТВ / sammit.tv
Загаловак
Фальклорны гурт «Варган» рыхтуе альбом «Музыка беларускай Поўначы»
Спасылка
Дата публікацыі
27.12.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Полацкі фальклорны гурт «Варган» абвясціў пра пачатак працы над незвычайным праектам. Зборнік «Музыка беларускай Поўначы», запіс якога ідзе поўным ходам, мае выйсці ў першай палове 2018 года.

— Мы рыхтуем альбом, які пакажа ўсё багацце традыцыйнай музычнай культуры Полаччыны, — распавяла кіраўнік фальклорнага гурта «Варган» Вольга Емяльянчык. — Гэта ўнікальны край, фактычна эпіцэнтр некалі панаваўшай дударскай традыцыі. На нашым дыску будуць прадстаўлены кампазіцыі, выкананыя акапэльна, прагучаць там і песні як абрадавыя, так і пазаабрадавыя. Прагучаць і традыцыйныя архаічныя інструменты, такія як дуда, цымбалы, колавая ліра.

Фальклорны гурт «Варган» паўстаў 8 год таму. Назву калектыў атрымаў невыпадкова: археолагі неаднаразова знаходзілі варганы на тэрыторыі Полацка. Прагучыць, дарэчы, гэты музычны інструмент і на новым альбоме. Першапачаткова калектыў складаўся са студэнтаў-гісторыкаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, аднак з цягам часу да гурта далучыліся і іншыя людзі, якія цікавіліся беларускай традыцыйнай культурай.

— Акрамя цікавых гарадоў і мястэчак Беларусі, мы выступалі і за межамі нашай краіны: Расія, Літва, Латвія… Праз нашы выступы гледачы знаёміліся з беларускай традыцыйнай культурай, тым каларытам, той асаблівасцю, якая сёння адраджаецца, — распавяла удзельніца фальклорнага гурта «Варган» Алена Ізергіна. — Вельмі прыемна, што сёння традыцыйная культура мае малады твар.

Матэрыялы для запісу альбому збіраліся ў экспедыцыях, у якіх прымалі ўдзел у тым ліку ўдзельнікі «Варгана». Шэраг песень запісаны ўдзельніцай гурта Ганны Лутавай ад сваёй бабулі, якая жыве ў вёсцы Шастова Полацкага раёна. Ёсць песні, якія паходзяць і з суседніх раёнаў — Глыбоччыны, Ушаччыны і іншых рэгіёнаў беларускай Поўначы. Працэс запісу плыты адбываецца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. У запісе гурту «Варган» дапамагае вядомы этнограф і музыка Алесь Лось — пэўныя партыі ў яго выкананні прагучаць на альбоме. Выступае спадар Алесь і ў якасці саўндпрадусара альбома:

— Я займаюся ўжо больш за 30 гадоў этнаграфіяй, музыкай. Мы тут знайшлі агульную тэму, і нам вельмі цікава працаваць разам. Я дапамагаю і правакую, з другога боку, на тое, каб гэтыя цікавыя маладыя людзі, дзяўчаты і хлопцы, зразумелі, на якой зямлі знаходзяцца, і які багаты пласт культуры тут, побач з намі — на Полаччыне.

У альбом «Музыка беларускай Поўначы» ўвойдзе болей за 30 кампазіцый у выкананні гурта «Варган». Ён стане другім у серыі «Традыцыя». Мэта стваральнікаў плыты — максімальна дакладна перадаць аўтэнтычную манеру выканання традыцыйнай музыкі, яе энергетыку і каларыт. «Варган» звяртаецца да людзей, неабыякавых да традыцыйнай культуры, з прапановай падтрымаць праект праз краўдфандынгавую платформу «Талака».

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Відэа Аляксандра МАЦЮШЭНКІ.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 04.11.2019 04:45:33

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.