:: calculation
2012
Загаловак text
Калі музыка — альтэрнатыва спякоце
Спасылка embed
Дата публікацыі date
25.02.2012
Катэгорыя category
рэцэнзіі
Поўны тэкст text

Лета — традыцыйна час адпачынку і падарожжаў. Музычная ж сцэна ў гэты час вызначаецца маўклівасцю: канцэртная дзейнасць згортваецца, а выданне і прэзентацыя новых музычных рэлізаў скарачаецца да мінімуму. Але ў гэтай тэндэнцыі бываюць і выключэнні. Не так даўно беларуская фанаграфічная калекцыя займела некалькі цікавых музычных выданняў, пра якія сёння пойдзе размова ў аглядзе новых беларускіх альбомаў.

Рэха вялікай традыцыі

Некамерцыйны праект удзельнікаў «Дударскага клуба» — дыск «Дударская музыка Беларусі» — мае значны адукацыйны кантэкст. На ім упершыню сабраны пад адной вокладкай узоры беларускай дудовай музыкі, якраз таго перыяду нашай гісторыі, калі гэты інструмент меў вялікую значнасць для народнай культуры, лічыўся ледзь не галоўным у нацыянальным фальклорным пантэоне, а таксама, больш пазнейшага перыяду бытавання дуды. З другога боку, з’яўленне на дыску архіўных трэкаў з запісамі дударскай музыкі можна лічыць вялікай удачай тых даследчыкаў, якія ў Беларусі шчыльна займаюцца вывучэннем гісторыі беларускай дуды і аднаўленнем школы ігры на ёй.

Тое, што ёсць адчувальныя вынікі росшукаў, сведчаць запісы народных мелодый у выкананні беларускіх дудароў 30-х гадоў мінулага стагоддзя Сцяпана Шыкоўскага і Хведара Стэся, прадстаўленыя на дыску. Першы трэк «Лявоніха» адразу рыхтуе нам яскравы сюрпрыз. Толькі добра ўслухаўшыся ў мелодыю твора, можна пазнаць славуты беларускі танец. І гэта не выпадкова: у часы, калі рабіўся гэты запіс, былі вядомы дзясяткі варыяцый «Лявоніхі». І дударскі варыянт — адзін з найбольш пераканаўчых. Да таго ж, час змяніў акустычную атмасферу запісу, і цяпер знакамітая мелодыя ахутана касмічнымі гукамі і тэмбрамі. Але для спрактыкаванага ў дударстве вуха гэтыя гукі і ёсць крыніцай спазнання гісторыі інструмента і фундаментам нацыянальнай выканаўчай школы. Як і наступныя найгрышы названых напаўзабытых беларускіх дудароў, творы якіх адшукалі маладыя энтузіясты. Сярод такіх каштоўных знаходак і «Дудар» у выкананні Хведара Стэся. У гэтых старажытных напевах, якія калісьці гучалі на сямейных святах ці пахаваннях, абрадах, ці проста ў корчмах, адчуваецца велічная прастата мелодый, магутны духоўны патэнцыял беларускай дуды як сакральнага інструмента.

Што тычыцца іншых трэкаў гэтай фанаграфічнай навінкі, то яны дэманструюць напрамкі, па якіх сёння ідзе развіццё айчыннай дударскай школы. Тут ёсць адноўленыя па нотных запісах узоры фальклорных найгрышаў, творы, якія рэканструяваныя паводле запісаў беларускіх фалькларыстаў і этнографаў мінулага. Яны на дыску гучаць у апрацоўцы гурта «Testamentum Terrae» пад кіраўніцтвам Юрася Панкевіча — «Слаўны Паніч» і «А я люблю піва», якія былі адшуканыя выканаўцамі ў запісах Міхала Федароўскага.

Для маладых слухачоў пададуцца цікавымі джазавыя імправізацыі з выкарыстаннем дуды міжнароднага трыа Кашкурэвіч—Ковера—Вішняўскас, ды-джэйскія эксперыменты з мелодыямі «Старога Ольсы» DJ Anton’а. Таксама, як і фолк-рок ад крэатыўных «Litvintroll», і Тодара Кашкурэвіча, які аднойчы запісаў разам з гуртом «Vicious Crusade» класічную цяпер «Тодараву песню».

Дыск «Беларуская дударская музыка» стаў яшчэ адным крокам да ўмацавання беларускай дударскай школы, метадычным дапаможнікам для пачынаючых выканаўцаў. Да таго ж выдатным гукавым дапаўненнем да матэрыялаў альманаха «Dudar» — асаблівага гонару беларускіх выканаўцаў на дудзе.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя выданні app
Звязаныя аўдыёрэлізы app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 01.08.2018 20:29:24

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.