15 лютага 2018 г., на Стрэчанне, журналістка Алена Ляшкевіч наведала Новае Палессе. Гурт у добрым стане, але людзей, у т. л. дзяцей, у Новым Палессі мала, таму адмыслова на свята дзеці прыязджаюць з цэнтра с/с, в. Ударнае, а клубу ў Новым Палессі пагражае закрыццё.
15 лютага 2018 г., на Стрэчанне, журналістка Алена Ляшкевіч наведала Новае Палессе. Гурт у добрым стане, але людзей, у т. л. дзяцей, у Новым Палессі мала, таму адмыслова на свята дзеці прыязджаюць з цэнтра с/с, в. Ударнае, а клубу ў Новым Палессі пагражае закрыццё.
Элемент “Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычным фальклорным калектывам "Палескія напевы" в. Новае Палессе, Ударненскі с/с, Лельчыцкі р-н, Гомельская вобласць” быў узяты пад ахову ў 2009 г. На пачатак 2018 г. у “Палескіх напевах” 8 удзельнікаў:
загадчыца клуба Светава Марыя Уладзіміраўна, 1953 г. н.;
хормайстарка Палын (Бараг) Ніна Аляксееўна, 1955 г. н., нар. у в. Данілевічы, у Новым Палессі жыве з 1972 г.;
акампаніятар Баравы Аляксей Васільевіч, 1949 г. н., мясц.;
Баравая Валянціна Антонаўна, 1949 г. н., мясц.;
Бялоцкая Любоў Цярэнцьеўна, 1955 г. н., нар. у в. Прыбалавічы;
Грыцкевіч Ева Пятроўна, 1951 г. н., мясц.;
Лісіцкая Надзея Лаўрэнцьеўна, 1938 г. н. (не ўдзельнічае ва ўсіх выступах, кансультуе па рэпертуары), мясц.;
экс-хормайстарка Кужалевіч Надзея Мікалаеўна 1952 г. н., мясц.
Стрэчанне – галоўнае свята для гурта, у пэўным сэнсе брэндавае. У Новым Палессі зусім мала дзяцей, школа даўно зачыненная. Але інтарэс да свята ў моладзі ёсць, прыязджаюць вучні з вёскі Ударнае (цэнтр сельсавета). Сёлета іх прывёз школьны аўтобус. З дзецьмі прыехалі настаўнікі.
Дзеці ўзялі на сябе выкананне вялікай часткі абрадавых дзеянняў: дзяўчынка трымала ўпрыгожанную ёлку, хлопцы везлі яе на санках. Успаміны старэйшых жыхароў Новага Палесся неаднастайныя: некаторыя ўзгадваюць, што адразу па вайне з ёлкай у руках на санках каталі жанчыну, што нядаўна выйшла замуж, некаторыя – што дзяўчыну на выданне. Некаторыя ўзгадваюць пра дзяцей і падлеткаў як выканаўцаў абрадавых дзеянняў. Гэты варыянт Стрэчання ўзнаўляецца сёння ўдзельнікамі гурта “Палескія напевы”.
Сёлета абрад пачаўся з таго, што ўдзельніцы гурта распавялі дзецям пра Стрэчанне, выканалі песні “Весна-весна, вясняначка, чыя ж дочка Мар’яночка”, “Благослові Божа весну заклікаці”. Гурт разам з дзецьмі і ўсімі ахвочымі далучыцца вадзіў карагоды “Вы гуляйце, дзеўкі”, “Конопелюшка”, “Коло мліна каліна” на пляцоўцы між крамай і клубам. Потым удзельнікі і назіральнікі прайшлі шэсцем па вёсцы да прыдарожных крыжоў. Хлопцы везлі на санках дзяўчынку з ёлкай, а спявачкі ішлі следам з песняй “Конопелюшка”. На крыжы вісела леташняя сухая ёлка, якую там па ўласнай ініцыятыве замацавалі ў 2017-м 4 старэйшыя жыхаркі Новага Палесся, што не ўдзельнічаюць у гурце “Палескія напевы”. Звычайна яны робяць гэта на досвітку 15 лютага ці з вечара 14-га, каб ніхто не бачыў. Сёлета праз тое, што 2 з 4 жанчын забралі дзеці, яны ёлку не рабілі. Ёлка, якую летась вешалі ўдзельніцы “Палескіх напеваў” была загадзя знятая з крыжа.
Замацавалі новую ёлку, павадзілі карагод “Коло мліна каліна”, назад да клуба ішлі з прыпеўкамі пад гармонік. Там удзельніцы “Палескіх напеваў” спалілі леташнюю ёлку (толькі сваю, чужую пакінулі на крыжы), пачаставалі дзяцей.
У рэпертуары “Палескіх напеваў” каляндарныя, сямейна-абрадавыя і пазаабрадавыя песні. Гурт узнаўляе святы Каляды, Дабравешчанне, Вялікдзень, Юр’я, Троіцу, але не робіць іх штогод.
На Дабравешчанне выпякалі хлеб з крыжам і хадзілі з ім у госці, у карагод. На Троіцу вадзілі Маю (кшталту Куста): “Важдзеніе Маі, эта ціпа Куста такога. Но мы выбіралі дзевачку, наряжалі её ў Куст, тожа так вот наряжалі і хадзілі, ціпа валачобнікі”. На Вялікдзень хадзілі ў госьці да кумоў. На Юр’я адбываўся выган кароў, кожны нёс пачастунак пастуху, потым пастухі разам частаваліся і гулялі на полі, вадзілі карагоды.
Гурт паказвае на сцэне праграмы па вяселлі і ўлазінах (“ухошчына”). Ухошчына, напрыклад, паказвалі падчас адкрыцця бібліятэкі ў Лельчыцах: запускалі ката, заходзілі з сухарамі, кідалі зерне і капейкі, прыгаворвалі, выконвалі царкоўныя песні.
У вясельную праграму ўваходзіць суканне свечак (прыкладна 30 см, упрыгожванне іголачкамі з васковымі шарыкамі, папяровымі кветкамі, барвінкам), упрыгожванне ёлкі (такой жа як на Стрэчанне), дзеянні з караваем, песні.
Вялікая праблема ў тым, што клубу Новага Палесся пагражае закрыццё. У вёсцы цяпер прапісана 120 чалавек, а калі ў населеным пункце менш за 100 жыхароў, то ўстанову культуры ліквідуюць. Для вёсак, дзе пад аховай знаходзіцца элемент НКС, выключэнняў не робяць. Пасля закрыцця клуба некаторыя гурты працягваюць збірацца па хатах як, напрыклад, “Незабудкі” ў Галавенчыцах Чавускага раёна, але ў большасці выпадкаў спыняюць дзейнасць.
Алена Ляшкевіч
Выкладчык: Уладзімір Лобач
Аб’ём: 70 урокаў, 14 гадзін відэа, 127 тэставых пытанняў
Курс прапануе паглыбленае азнаямленне з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі. Прадстаўлены лекцыі па раздзелах і тэмах вучэбнай праграмы "Этнаграфія Беларусі", якая выкладаецца аўтарам у Полацкім дзяржаўным універсітэце.
Выкладчык: Зміцер Скварчэўскі
Аб’ём: 13 урокаў, 2 гадзіны відэа, 100 тэставых пытанняў
Сярод разнастайных аспектаў беларускай міфалогіі, прадметам курсу абраны персанажны код: боствы, духі, дэманічныя істоты, героі і т.п.
Каментароў — 0
Маеце пытанне ці заўвагу? Напішыце ў каментары. Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.