:: calculation
2014
Загаловак text
Дударская навука па-лонданску
Спасылка embed
Дата публікацыі date
28.03.2014
Катэгорыя category
інтэрвію
Поўны тэкст text

Другая міжнародная дударская канферэнцыя прайшла ў Лондане. Сёлета ў межах форуму гучалі дуды з Грэцыі, Шатландыі, Францыі, Маёркі, а таксама… Беларусі. Даклад, прысвечаны гісторыю беларускіх дудаў і іх сучаснаму адраджэнню прачытаў музыка, даследчык, намеснік старшыні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Яўген Барышнікаў.

 

— Узровень сёлетняй канферэнцыі быў такім жа высокім, як і ў мінулым годзе, — распавядае адзін з арганізатараў канферэнцыі, этнамузыколаг, магістр мастацтваў Касандра Балоса-Бардзін. — Думаю, што на гэты раз да нас завітала больш гасцей з-за мяжы — а гэта яшчэ адно пацверджанне значнасці імпрэз падобнага кшталту. Яны аб’ядноўваюць навукоўцаў і музыкаў з розных краін свету. Леташнюю канферэнцыю здымалі на відэа для тэлеканала BBC, а ў гэтым годзе да нас завітала Турэцкае нацыянальнае тэлебачанне. Спадзяюся, што праз некалькі гадоў і даследчыкі з Турцыі стануць удзельнікамі гэтага міжнароднага форуму. Я вельмі ўражаная рухам па адраджэнні дуды, што цяпер назіраецца ў Беларусі. Прэзентацыя Яўгена Барышнікава паказала прысутным, што ў вашай краіне традыцыі набываюць новае жыццё. Трансфармуючыся ў сучасным свеце, яны захоўваюць і старажытныя рысы. Культура Беларусі не вельмі добра вядомая ў Заходняй Еўропе, і я рада, што канферэнцыя дала Яўгену магчымасць прадставіць адзін з яе бакоў розным даследчыкам і музыкам.

Ці складана было беларусу фактычна ўпершыню распавядаць такой шырокай міжнароднай аўдыторыі пра адраджэнне нашай дударскай традыцыі? Чаму быў абраны менавіта такі падыход — аб’яднанне гісторыі і сучаснасці дударства Беларусі ў адным дакладзе?

— Дагэтуль не было публікацый пра дуды Беларусі, даступнай англамоўнай, а значыць і ўсёй замежнай аўдыторыі, — распавёў Яўген Барышнікаў. — Таму мне было важна хаця б у агульных рысах раскрыць тэму, закрыць нашую “белую пляму” на дударскай мапе свету. Галоўны акцэнт я зрабіў на “этнаграфічных” дудах. Акрэсліў рэгіён распаўсюджання такой канструкцыі дуд, які ўключае акрамя поўначы Беларусі яшчэ Аўкштайцію, Латгалію і захад Смаленшчыны і Цвершчыны. Этнічная сітуацыя ў азначаным рэгіёне дазволіла ў якасці намінацыі прапанаваць тэрмін “беларуска-літоўская дуда” (менавіта ў такім парадку), які паводле наяўнай на сёння інфармацыі падаецца мне найбольш карэктным.

Што да адраджэння лакальных дудовых традыцый, то яно адбываецца па ўсёй Еўропе. У прыватнасці, The Bagpipe Society, адны з суарганізатараў канферэнцыі, маюць асаблівую цікаўнасць да папулярызацыі іншых дудаў Брытаніі, акрамя агульна вядомых шатландскіх. Таму я палічыў, што наш досвед можа быць цікавы і карысны, асабліва што тычыцца працы з моладдзю і выкарыстання сучасных тэхналогій.

Рэакцыя ж была на дзіва стрыманай. Пытанняў не было, і гэта мне падалося прыкметай адсутнасці цікавасці. Аднак у перапынку шмат хто падыходзіў і дзякаваў за добры даклад, маўляў усё вельмі ясна і зразумела. Таму і не ўзнікла пытанняў. Балазе я падрыхтаваў багаты ілюстратыўны матэрыял: карты, фотаздымкі, запісы. Мэтай было прэзэнтаваць нашыя дуды на годным узроўні, і вынікам я цалкам задаволены. Плануецца, што тэкст дакладу будзе неўзабаве надрукаваны у часопісе Chanter, які выдае The Bagpipe Society.

І сапраўды, складана не пагадзіцца з меркаваннем, што Беларусь для Захаду — хутчэй terra incognita, чым частка агульнаеўрапейскай культурнай прасторы. Таму цікава, як на нас рэагуюць замежнныя даследчыкі культуры заходніх краін? І ў цэлым, ці выклікаем мы цікавасць?

— Тут не трэба мець ілюзій, — разважае Яўген. — Напрыклад, даклад пра дуды Беларусі быў у адным тэматычным блоку з дакладамі пра дуды Грэцыі і Маёркі. Гэткія ускрайкі цывілізаванага еўрапейскага свету, экзотыка. Трэба прызнаць, што для жыхароў Заходняй Еўропы мы перэферыя, маргінэз. І ў той жа сітуацыі знаходзяцца большасць краінаў Усходняй Еўропы. Нас проста не ведаюць. Мы прылятаем з ніадкуль, пра нас ніхто нічога не ведае, і таму можна рабіць што заўгодна, фарміраваць які заўгодна імідж. Што тычыцца культуры, Беларусь — практычна чысты аркуш паперы. А ў маляванні на чыстым аркушы ёсць вялікая свабода дзеянняў. Але і вялікая адказанасць.

Лондан — гэта Вавілон, плавільны кацёл, дзе варыцца, кіпіць агромністая колькасьць моў і культур. Там вельмі лёгка згубіць уласную ідэнтычнасць, распусціцца, стаць “брытыш”, як большасць імігрантаў. Нават у мяне было непрыемнае адчуванне, што абалонка маёй ідэнтычнасці выпрабоўваецца на цэльнасць і моц. Гэтай абалонкі не ўратуеш “касцюмам беларуса”, апранутым на Купалле, не замацуеш штучнымі ін’екцыямі патрыятызму.

Брытанцы — імперцы, у іх музеях культурніцкія артэфакты з усяго свету. І гэта іншы ўзровень мыслення, планетарны маштаб. Мы можам шчасліва сядзець на сваім утульным нацыянальным хутары, ганарыцца архаічнай народнай культурай і 45 тамамі зборніку “Беларуская народная творчасць”. Але калі выходзіць з гэтымі скарбамі на шырокі прастор, у адкрыты космас мульцікультурнага свету — што мы можам гэтаму свету прапанаваць, чым зацікавіць? І ўрэшце рэшт, ці не задыхнемся мы у гэтым космасе? Ці захаваем сваю ідэнтычнасць, адметнасць? Мы для іх — не унікальныя, мы адны з многіх экзатычных культур планеты. І гэта трэба прызнаць як дадзенае, як умовы задачы. Толькі тады можна будзе гэтую задачу вырашыць.

А можа, і не ўсё так сумна, і нават з пункту гледжання “імперскай” шматнацыянальнасці беларуская культура ўсё мае права на ўвагу і шанец зацікавіць міжнародную супольнасць?

— Такія падзеі, як міжнародная дударская канферэнцыя — пэўнага кшталту вароты да адкрыцця новых культур, — мяркуе Касандра Балоса-Бардзін. — Спядзяюся, беларускія музыкі атрымюць больш магчымасцей выступаць на розных фестывалях па усёй Еўропе і распаўсюджваць ідэю значнасці мясцовай культуры. Адным са шляхоў распаўсюду інфармацыі можа стаць інтэрнэт, а таксама пераклад некаторых важных матэрыялаў на англійскую мову. Спадзяюся, аднойчы будзе прасцей атрымаць візу і вольна падарожнічаць па свеце. Што, безумоўна, паспрыяе культурнаму абмену паміж рознымі краінамі.

Дарэчы, беларускія даследчыкі цяпер робяць новы крок у справе знаёмства Еўропы з айчыннай культурай і гісторыяй. Гэтымі днямі ў Лонданскім універсітэцкім каледжы праходзіць навуковая канферэнцыя “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі”. Думаецца, гэты форум можа стаць новым крокам да адкрыцця і далейшага вывучэння нашай краіны.

Марына ВЕСЯЛУХА

Апублікавана ў газеце “Літаратура і мастацтва” 28 сакавіка 2014 г. 

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 15.07.2018 16:39:07

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.