::
2018.03.15 — Гурт Re1ikt запрашае на гарбату / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Гурт Re1ikt запрашае на гарбату
Спасылка
Дата публікацыі
15.03.2018
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст
  •  
  •  

Гурт Re1ikt прэзентуе фірмовую крафтавую гарбату «Рэліктавы лес» і запрашае ўсіх ахвотных на дэгустацыю пад свой акустычны выступ у кавярні «Грай» 18 сакавіка а 19.00.
Гарбата была выпушчанная разам з віленскай мануфактурай Pi і Mar. «Рэліктавы лес» створаны на аснове чорнай гарбаты з дадаткам яблыка, ядлоўцу, дзікай ліпы, чабору, лісця брусніцаў, пупышак хвоі. Апошнія надаюць напою асабліва незвычайны смак, «адчуваецца сіла дрэваў», як кажуць музыкі. Гарбата выходзіць у продаж разам з дадатковым накладам альбома «Лекавыя травы» і з’яўляецца яго лагічным працягам. «Поспех альбома навёў нас на думку ўвасобіць у фізічнай форме тое, што, уласна, натхніла на яго стварэнне — збор беларускіх зёлак», — кажа лідар і бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка.


«Лекавыя травы» выйшлі ў 2015-м, дыскі распрадаліся за год. Падавалася б, у век інтэрнэту ўсе слухаюць музыку он-лайн, каму патрэбныя плыты? Але людзі купляюць іх, у якасці сувеніра з канцэрта і проста так. Вязуць як падарункі сябрам за мяжу і трымаюць у хатніх калекцыях... Траўніца Зоня Ігнатаўна Рудзько з вёскі Рачэнь пад Любанню, выяўленная на вокладцы дыска, нядаўна памерла. Фота непастановачнае: перад тым бабулю прасілі сесці так і гэтак, узяць у рукі галінку, павярнуцца... А падчас перапынку ў фотасесіі, што рабіў у яе на двары Андрэй Дубінін, Зоня Ігнатаўна проста распавядала пра зёлкі, як іх правільна запарваць і спажываць.


Re1ikt зняў ролік з рэкламай гарбаты, неўзабаве ён выйдзе. Яшчэ музыкі працуюць над акустычнай складанкай песень з альбомаў розных гадоў. Акустыка была запісаная не на студыі, а на закінутым хутары пад Браславам. «Па тых мясцінах праходзіў ледавік, сапраўдныя рэліктавыя тэрыторыі — кажуць музыкі. — На хутары няма нават электрычнасці, мы паставілі там абсталяванне, генератар і запісалі песні. Рэліктавыя тэрыторыі сапраўды пракраліся ў гук, гэта можна будзе пачуць». Яшчэ ідзе праца над матэрыялам для новага альбома: зроблена інструментальная частка і дэма некалькіх песень.


Гарбату «Рэліктавы лес» у пакунках можна будзе набыць у шэрагу мінскіх крам (месцы пакуль удакладняюцца). Таксама яна ўвойдзе ў меню кавярні «Грай». Музыкі Re1ikt раяць каштаваць напой менавіта ў «Граі», у прыгожых атмасферных інтэр’ерах. Ці дома, слухаючы альбом «Лекавыя травы».


Адкрытая дэгустацыя гарбаты «Рэліктавы лес» і акустычны канцэрт Re1ikt пройдуць у кавярні «Грай» (г. Мінск, вул. Iнтэрнацыянальная, 33) 18 сакавіка ў 19.00. 

Фота аўтаркі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 12.12.2019 20:13:51

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.