::
2017.02.17 — «На Грамніцы адліга – з ураджаем будзе хвіга». Старажытны абрад правялі на Палессі / Belsat / Белсат — тэлеканал
Загаловак
«На Грамніцы адліга – з ураджаем будзе хвіга». Старажытны абрад правялі на Палессі
Спасылка
Дата публікацыі
17.02.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

«На Грамніцы адліга – з ураджаем будзе хвіга». Старажытны абрад правялі на Палессі

photo


2016.02.17 12:07

У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёну адсвяткавалі Грамніцы, як гэта рабілі нашыя продкі стагоддзі таму назад.

Унікальнасць абраду ў тым, што ён існуе толькі ў гэтай мясцовасці. Дзякуючы высілкам мясцовага калектыву «Палескія напевы» яго праводзяць кожны год.

https://www.youtube.com/watch?v=oeiHK1O0yCk&feature=youtu.be

Мясцовыя жыхары і ўдзельнікі калектыву, якія захавалі даўнюю традыцыю, абышлі вёску з іконаю, грамнічнымі свечкамі ды старажытнымі песнямі, просячы ў Бога абароны ад зла ды блаславення на добрыя справы.

На абыход вёскі сабраліся амаль усе жыхары селішча. Разам яны танцавалі, вадзілі карагоды. Дзеткі насілі з сабой упрыгожаную яркімі кветкамі елку, якая сімвалізуе вясну. Лічыцца, што калі елка добра ўпрыгожаная, то вясна будзе прыемнай і цёплай.

Удзельнікі абраду распавялі, што агонь на грамнічнай свечцы – святы. Ён не дае ў гэтыя дні ўсялякай нячыстай сіле выклікаць бяду.

https://www.youtube.com/watch?v=o24YbRqQVcI&feature=youtu.be

Грамніцы – старажытнае паганскае свята ў гонар агню, якое з прыходам хрысціянства на беларускія землі было адаптаванае да новай рэлігіі. У выніку і да сённяшніх дзён яно спалучае як паганскія, так і хрысціянскія элементы.

Мяркуецца, што назва «Грамніцы» паходзіць ад імя паганскага бога Грамаўніка (ці Перуна) – бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі ўраджаю. Паводле іншых тэорый, свята паходзіць ад павер’я, што ў гэты дзень Ярыла выпрабоўвае на нячыстай сіле свае стрэлы, таму з гэтага дня цалкам верагодна пачуць першыя грымоты.

У хрысціянскай традыцыі Грамніцы – гэта ўспамін ахвяравання Божага Сына Ісуса Хрыста ў святыні, якое адбылася на саракавы дзень пасля Раства. У святыні немаўля Ісуса і Ягоную сям’ю спаткаў старац Сімяон. Таму свята часта называюць «Стрэчаннем». У народзе кажуць, што на «Стрэчанне» зіма з вясною спатыкаецца.

Каталікі адзначаюць Грамніцы 2 лютага, праваслаўныя – 15-га лютага.

З Грамніцамі беларусы звязваюць мноства народных прыкметаў. Калі ў гэты дзень вялікі мароз, то снег хутка сыдзе, а лета будзе пагодным і сухім. Калі ж у гэты дзень пацяплее, то вясна будзе ранняй, але летам ураджаю не будзе («На Грамніцы адліга – з ураджаем будзе хвіга»).

Асноўны традыцыйны рытуал на Грамніцы – асвячэнне свечак у святынях. Грамнічныя свечкі запальваюць у выпадку пагрозы небяспекі, хваробы, даюць у рукі хвораму ці чалавеку, які канае, каб яны дапамаглі яму ачуняць ці спакойна перайсці ў лепшы свет.

Пасля Грамніц традыцыйна пачыналі рыхтавацца да веснавых палявых прац – мужчыны напраўлялі сохі і бароны, а жанчыны сядалі за кросны.

МР, belsat.eu

СМІ
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.08.2019 03:56:38

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.