::
2017.08.04 — Час жніва, вяселляў і гульняў / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Час жніва, вяселляў і гульняў
Спасылка
Дата публікацыі
04.08.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Час жніва, вяселляў і гульняў


Нездарма ў беларускай мове апошні месяц лета атрымаў сваю назву. Гэтая пара спрадвек праходзіць у клопатах пра збор ураджаю, яго парадкаванні ў свірнах, у вясёлых забавах. Нярэдкія ў гэты час і вяселлі: сем'ям маладых у жніўні прасцей зладзіць святочны стол і запрасіць як мага больш гасцей, а надвор'е дазваляе бяседзе доўжыцца да самай раніцы.

Каманда праекта «Наперад у мінулае» разам з нашым карэспандэнтам вось ужо цэлы год не толькі занатоўваюць народныя песні, што яшчэ захаваліся ў жывым бытаванні, але і прадстаўляюць іх суадносна з каляндарна-абрадавымі традыцыямі пэўнай мясцовасці. І акурат у жніўні мы выходзім на «другое кола»: зноў кіруемся ў вандроўку ў пошуках старадаўніх звычаяў. Гэтым разам завітаем на Піншчыну, у самае сэрца Палесся. Запрашаем гледачоў канала «Беларусь 3» далучацца да нас, бо на працягу месяца раскажам, чым знакавая касавіца ў вёсцы Церабень, як адзначаюць зажынкі ў Ладаражы, што амаль на мяжы з Украінай, і запросім на малацьбу і вяселле ў Сташаны.


Першы ўбраны сноп — імяніннік — прынята дарыць гаспадару.

Фальклорны гурт — з царкоўных пеўчых

Вёску Церабень некалі заснавалі браты Завадскія. Яны набылі тут зямлю і пачалі церабіць лес, гэта значыць высякаць дрэвы, каб здабываць драўніну і вызваляць ворыўную зямлю. Адсюль і назва паселішча. Паступова будавалі дамы, побач сяліліся іншыя сем'і, гадавалі свойскую жывёлу, сеялі збожжа. Яшчэ да вайны ў гэтых мясцінах была распаўсюджаная хутарская форма вядзення гаспадаркі, гаспадары сяліліся ў лесе, на палях каля буйных сенакосаў, а ўжо пасля вайны некаторыя хутары знікалі, а некаторыя разрасліся і з цягам часу аб'ядналіся ў вёску. Спачатку тут было толькі 15 дамоў, а ўжо ў 1960—1970-я гады ў Церабні жыло каля 500 чалавек.

Еўдакія Пашыц шмат гадоў працавала ў мясцовай школе настаўніцай. Але вось ужо выйшла на пенсію, аўдавела, але не змагла ўседзець без любімай арганізатарскай справы. Таму разам з сяброўкамі — пеўчымі ў царкве — два гады таму стварыла фальклорны гурт «Церабяначка». У вёсцы сёння няма Дома культуры, дзе спявачкі маглі б гуртавацца, таму часцей за ўсё сустракаюцца на сядзібе лідаркі калектыву. Адсюль і пачынаюць святочныя абыходы вёскі на Тройцу (тут паводле традыцыі прынята прыбіраць і вадзіць «Куста»), Купалле, Каляды. Еўдакія Антонаўна расказвае, што за досыць непрацяглы час існавання гурта жанчыны «асвоілі» многія традыцыйныя абрады, іх сталі запрашаць на рэгіянальныя святы і фестывалі. На кожным «Церабяначка» прадстаўляе менавіта мясцовыя песні, звычаі.

На касавіцу ў вёсцы прынята збірацца вялікай грамадой. Тут сенакосы вялікія, сіламі адной сям'і цяжка справіцца, таму талака ствараецца досыць хутка, праца ідзе спорна. Дарэчы, майстэрства касіць прадэманструюць не толькі мужчыны, але і жанчыны: за гады ўдоўства многія звыкліся самастойна спраўляцца з гаспадаркай, хоць сёння гэтыя ўменні многім не так і патрэбныя, больш часу бавяць з дзецьмі і ўнукамі ў гарадах. Аднак старадаўнія завядзёнкі ўсё яшчэ жывуць. Жанчыны зазначаюць:

— Калі прыязджаем на балота грэбсці сена, спачатку хрысцімся і просім у бога дапамогі такімі словамі: гасподзь нябесны, сонейка яснае, дапамажы нам на гэтым полі сена ўбраці, каб дажджу не было. Каб паспелі зграбсці і дадому павазіць.

Натуральна, падчас працы, абеду ў полі (а есці на свежым паветры заўсёды смачней) жанчыны спяваюць. Касавіца тым і прывабная, што строга не рэгламентуе рэпертуару спеваў, таму часцей за ўсё над полем гучаць лірычныя пазаабрадавыя песні — менавіта іх часцей за ўсё просіць душа ўлетку.

«Калі добрая доля, стань да шлюбу са мною...»

Тут вас прывітаюць хлебам-соллю. Скажуць, што чуткі пра смерць беларускіх вёсак перабольшаныя, бо жыццё тут віруе, а сам невялікі пасёлак поўніцца скарбамі. Самы вялікі скарб, як вядома, — людзі, таму і ў Сташанах вельмі ганарацца сваім народным фальклорным калектывам «Чабатухі». Яны і прыпеўкі паспяваюць, і вяселле зладзяць у адпаведнасці са старажытнымі палескімі традыцыямі, і невялікую тэатралізаваную пастаноўку натхнёна прадставяць, зацягнуць душэўнае: «Ой, калі ж той вечар, дый павечарэе...» і згадаюць сумную песню пра тое, як «падружка мяне з мілым развела».

«Чабатух» часта запрашаюць на вяселлі, таму яны добра ведаюць, як правесці абрад у адпаведнасці з традыцыямі, што існуюць на Палессі спрадвеку. Напрыклад, калі маладую збіраюцца прыбіраць перад шлюбам, спяваюць песню:

Сіняя ды валошачка каля тыну стаяла,

Каля тыну стаяла на вуліцу паглядала.

Маладая Манечка тую расу збірала

Расою ўмывалася
дый да шлюбу сабіралася.

Ужо прыбраную маладую вядуць да стала, абводзяць яе вакол тры разы пад песню «Брат сястру на пасаг вядзе», дзе ёсць такія словы:

Дый падай жа мне шубу,
бо я еду да шлюбу,

Да божага дому. Дай божа долю.

Калі добрая доля,
стань да шлюбу са мною.

Калі я не тая — не станавіся са мною...

Затым маладых выпраўляюць у царкву на вянчанне, першым павінен ісці жаніх, за ім — нявеста. Звычайна на такое свята збіраецца ўся вёска, таму ў гэты час гучыць песня, што папярэджвае: маладым і ўсёй вясельнай працэсіі на шляху да храма нельга пераходзіць дарогу, бо ў адваротным выпадку шлюб будзе нешчаслівы і працягнецца нядоўга.

Калі вярнуліся з вянчання, амаль адбылася святочная бяседа, усе наеліся і напіліся, прыходзіць час забіраць маладую ў дом жаніха. Тады спяваюць вось такую песню, якую, думаю, многія пазнаюць па больш сучаснай кампазіцыі «Жар-жар», што выконвае этна-трыа «Троіца»:

Заграбай мамка жар-жар,

Будзе-будзе дочкі жаль-жаль.

Заграбай мамка попел,

Мы ж тваю дочку схопім.

Схопім ды ручанькамі,

Схопім ды беленькімі.

Павязем вараненькімі.

А вось калі вяселле скончылася, усе ўжо збіраюцца раз'язджацца па дамах, госці могуць учыніць гаспадарам шкоду. Зазвычай нехта з іх таемна выходзіць у двор і выпускае з хлява курэй, пеўняў, свіней. У гэты ж час у доме скачуць на лавах, б'юць гаршчок, спяваючы прыпеўкі:

Мы ж так і не паедзем,

Шкоданькі не зрабіўшы,

Гаршка не пабіўшы.

Лічыцца, што лавы трэба паламаць, каб іх больш не маглі выкарыстоўваць у вясельнай бяседзе, а значыць — малады і маладая жылі доўга і разам усё жыццё.

Уставай раненька ды жні да позненька

На самым поўдні Беларусі, у глыбіні Палесся, амаль на мяжы з Украінай, патанае ў зеляніне вёсачка Ладараж. Тут, у сельскім доме фальклору, ужо многа гадоў існуе калектыў «Ладаражаначка». Жанчыны — старэйшыя і маладзейшыя — часта выступаюць на фэстах у Беларусі і за мяжой, прадстаўляючы аўтэнтычныя абрады і песні рэгіёна. Дарэчы, яны перанятыя ад мясцовых жыхарак, носьбітаў фальклору. Тут складана адрозніць, якая песня беларуская, а якая — перанятая ад суседзяў-украінцаў: суседзі навучылі спяваць па-свойму, і мясцовыя жыхары часта наведваліся ў госці ў суседнія ўкраінскія вёскі, перадавалі ім свае ўменні.

На балота (так тут называюць сенакос) на касавіцу ў вёсцы Церабень збіраюцца ўсёй вёскай.

Нам пашанцавала занатаваць адметнасці зажынкавага абраду, што нашы продкі традыцыйна ладзяць перад жнівом. Паводле прыкмет, пачыналі жыта жаць, калі паспявалі ў лесе чарніцы. У гэты час казалі: «Уставай раненька ды жні да позненька». Рыхтуючыся да жніва, прыбіралі ў хаце, выходзячы на поле, адзявалі чыстае адзенне, бралі з сабою нішку — адмыслова падрыхтаваны фартух ці кавалак тканіны, абрус, куды складалі ежу і абрадавыя рэчы, што неслі на поле.

Клалі ў нішку хлеб, загорнуты ў чыстую хустачку, соль, грамнічную свечку, ваду, малако, сала, каўбасу. Грамнічная свечка, хлеб і соль — ахвяра духам поля, нашы продкі верылі, што ў жыце могуць жыць злыя духі, ведзьмы, якіх трэба было задобрыць падарункамі і «загаварыць» адмысловай замовай. Казалі такія словы: «Стань на шэсць ніў, на тысячу кіп, на тысячу міраў, каб добра было нам жаці, дапамажы нам, божа...» Нішку звязвалі адмысловым чынам, як сумку, навешвалі на плячо і неслі на поле.

Калі ўсе вясковай грамадой кіраваліся на жніво, сачылі, каб ніхто не перайшоў дарогу і не сапсаваў працу. Прыйшоўшы на поле, спачатку трэба было павітацца са збожжам і зямлёй, сказаць такія словы: «Добры дзень, ніўка, ядраное жыта, мы да цябе прыйшлі». Перахрысціўшыся, блаславіўшы поле, пачыналі працу.

Першыя зжатыя каласкі клалі крыж-накрыж як ахвяру дзеля спорнай працы. А першы сноп — яго ў Ладаражы прынята называць «імяніннікам» — упрыгожвалі кветкамі, стужкамі, перавязвалі ручніком, наміткай ці кавалкам палатна. «Імянінніка» перадавалі на захаванне гаспадару поля. Сноп ставіўся на покуці і знаходзіўся там да Прачыстай, што прыпадае на канец жніўня, фактычна да завяршэння жніва. Ды і потым ад «імянінніка» не пазбаўляліся. Яго саломай кармілі свойскую жывёлу, калі яна хварэла, каласкі з яго таксама лічыліся лекавымі. Зерне з «імянінніка» асвячалі ў царкве, ім і пачыналі засяваць поле на наступны год.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Саспелі чарніцы — саспела і жыта

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 26.05.2019 00:36:16

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.