::
2018.02.02 — «Акварэльная гісторыя» Белдзяржстраху / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
«Акварэльная гісторыя» Белдзяржстраху
Спасылка
Дата публікацыі
02.02.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Гледачы спектакля «Кар’ера доктара Раўса» ў Тэатры беларускай драматургіі 1 лютага атрымалі нечаканы падарунак: аказалася, што ў РТБД Дзень народзінаў. З гэтай нагоды адкрыліся дзве выставы акварэляў Юрася Брэля. На выявах — беларускія традыцыйныя абрады і краявіды розных гарадоў.
1 лютага 1992 года быў пастаўлены першы спектакль тэатра, «Куку» па п’есе Міколы Арахоўскага. З гэтай нагоды сёлета ў РТБД адкрыліся дзве выставы акварэляў Юрася Брэля, намаляваных на замову Белдзяржстраху. У тэатры яны былі паказаныя публіцы ў арыгінале ўпершыню. Некаторыя з выяў трапілі на карпаратыўныя календары і календарыкі кампаніі.


Па словах мастака, акварэль цяпер — не дужа модная тэхніка. Серыя «Абярэжныя традыцыі» нарадзілася з любові Юрася Брэля да беларушчыны, хаця ў штодзённым жыцці, як сам прызнаўся, мастак гутарыць па-руску. Узгадваў студэнцкія гады, калі яго настаўнік Фёдар Свісцілін, сам украінец, казаў: «Каб я не чуў ад цябе няроднай мовы!» Да таго ж, Юрась гадаваўся ўлетку ў бабуль і назіраў, як яны працуюць на зямлі, як жнуць — традыцыі яму знаёмыя.


Калі Белдзяржстрах звярнуўся да яго з прапановай аб супрацоўніцтве, аказалася, што не ўсё так проста, не стае выяўленчага матэрыялу, і мастак думаў нават адмовіцца ад замовы. Але ўзгадаў пра сябра, фатографа Аляксея Сталярова, які здымаў шмат абрадаў. Папрасіў у таго фота і на аснове іх зрабіў акварэлі. Добра знаёмы з гэтай сферай чалавек нават пазнае некаторых герояў выяў у твар. Напрыклад, на адной з акварэляў — маленькая ўдзельніца гурта «Калыханка» з Міханавічаў павязвае на дрэва папяровую птушку падчас гукання вясны, арганізаванага Студэнцкім этнаграфічным таварыствам у Вязынцы.


Серыя «Акварэльная гісторыя» прысвечана 95-гадовай дзейнасці Белдзяржстраху. На акварэлях — выявы розных беларускіх гарадоў на працягу ХХ стагоддзя. Для акварэляў збіралі старыя здымкі і паштоўкі, часам камбінуючы некалькі розначасовых выяў. Работы суправаджаюцца подпісамі з цікавымі фактамі гісторыі Белдзяржстраху:


Упраўленне дзяржаўнага страхавання, арганізацыя-папярэднік Белдзяржстраху, распачаў працу ў 1921-м годзе, у Мінску, на Карла Маркса, 7.

У 1920-х, з ростам заможнасці насельніцтва, стала модным страхаванне жыцця.

Да 1930 года страхаваннем ад агню былі ахопленыя амаль усе сялянскія гаспадаркі БССР. Калі здараўся пажар, страхоўка выплочвалася не пазней, чым праз тыдзень.



Выставы можна паглядзець у фае тэатра. Прэс-сакратарка РТБД Святлана Латышава заклікала таксама звярнуць увагу на абноўленную галерэю выяў актораў тэатра.

Фота аўтаркі

Рэдакцыя "Новага часу" віншуе РТБД з Днём народзінаў!

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.07.2019 18:23:44

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.