::
2016.03.11 — «Дзед памёр, а ягоны струк усё роўна стаіць». Як у Кісялях Дзеда «хавалі» / Belsat / Белсат — тэлеканал
Загаловак
«Дзед памёр, а ягоны струк усё роўна стаіць». Як у Кісялях Дзеда «хавалі»
Спасылка
Дата публікацыі
11.03.2016
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

«Дзед памёр, а ягоны струк усё роўна стаіць». Як у Кісялях Дзеда «хавалі»

photo


2016.03.11 08:04

«Пахаванне Дзеда» – унікальны беларускі эратычны рытуал.

У беларускай народнай традыцыі зіма заўсёды атаясамлівалася са смерцю прыроды, а вясна – з яе перараджэннем, зараджэннем новага жыцця. Немалаважную ролю ў дахрысціянскім светапоглядзе беларусаў гралі продкі, якіх традыцыйна называлі Дзед ды Баба – першыя смяротныя людзі, ад якіх пайшоў чалавечы род.

Раней усіх продкаў-мужчынаў паміналі на Дзяды, а жанчын – на Бабы. Смерць і перараджэнне прыроды адлюстравалася і ў масленічных абрадах, калі да гэтага часу падчас Масленіцы спальваецца жаночая лялька (пудзіла) у чалавечы рост. У вёсках Маскаляняты, Далгаполаў, Гняздзілаўка, Зарэчча, Кісялі, Крошкі, Селішча і Пушча Гарадоцкага раёну Віцебскай вобласці ў перыяд масленічнага тыдня калядоўшчыкі пудзілы не спальвалі, а «хавалі», а эратычную масленічную абрадавую гульню «Пахаванне Дзеда» усцяж праводзяць у вёсцы Кісялі.

У 2013-ым годзе абрад атрымаў статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці і быў узяты пад ахову дзяржавы.
Раней традыцыю правядзення «Пахавання Дзеда» у сябе падтрымлівала Марыя Сафронава з Маскалянятаў, потым Тамара Нікіфарава. Перад пачаткам масленічнага тыдня ляльку-дзеда з саломы ў чалавечы рост з мужчынскай палавой атрыбутыкай майструе ў сваёй хаце разам з іншымі ўдзельніцамі абраду Надзея Зіновіч з вёскі Кісялі.

На «пахаванне» у дом «нябожчыка» загадзя запрашаюць гасцей, а самога Дзеда кладуць, як належыць,галавой у чырвоны кут, пакідаючы яму свечку ў збожжы і чарку з хлебам.

Жанчыны, што сабраліся ў хаце, пачынаюць аплакваць нябожчыка, перыядычна пераходзячы ад галашэння да смеху і распавядаючы пра тое, якім па-сапраўднаму актыўным і ненасытным палавым гігантам быў дзед Цімка.

Паступова высвятляецца, што Дзед праз усялякія хітрыкі паспеў завезці інтымныя стасункі з практычна ўсімі ўдзельніцамі абраду. Пацвярджэннем гэтаму служыць перыядычнае паторгванне адной з жанчын за нітку, што прывязалі да морквы, альбо да косткі, якая падымаецца паміж ног Дзеда: нягледзячы на смерць свайго гаспадара, ягоны чэлес па-ранейшаму жывы.

Падчас абрадавай гульні пацвердзіць прычыну смерці Дзеда прыходзіць спачатку лекар, а потым яго адпявае поп. Пасля ляльку выносяць на вуліцу і вязуць хаваць на ўскраіну вёскі, дзе жанчыны працягваюць галасіць, не маючы жадання развітвацца з Дзедам. А потым – прыкопваюць снегам.

Пасля «пахавання» гаспадыня запрашае ўсіх у хату, каб памянуць Дзеда. Падчас застолля высвятляецца, што, нягледзячы на смерць Дзеда, жыццё працягваецца, і гаспадыня ўжо знайшла сабе другога. Такім чынам памінкі ператвараюцца ў вясёлае застолле з песнямі, танцамі ды пахабнымі, але вельмі смешнымі народнымі прыпеўкамі.

АС, belsat.eu

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.05.2019 12:51:55

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.