::
2018.01.21 — Віркаўскія Каляды: “куры”, “цыганы” і “Гарэзы” / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Віркаўскія Каляды: “куры”, “цыганы” і “Гарэзы”
Спасылка
Дата публікацыі
21.01.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Віркаўскія Каляды: “куры”, “цыганы” і “Гарэзы”

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

Штогод я выязджаю на Стары Новы год у беларускую глыбінку, каб на ўласныя вочы пабачыць жывыя калядныя абрады. Ледзь не з першай вандроўкі імкнулася распавесці аб пабачанным на старонках СМІ. І цяпер ужо не адрозніш, што першаснае: навуковае даследаванне, збор інфармацыі для маніторынгу стану элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, ці імкненне распавесці чытачам нешта цікавае.

Сёлета збіралася ў Луку на Століншчыне, але ў апошні момант вырашыла паехаць у свой родны Клічаўскі раён, дзе ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўнесены дзіцячы калядны абрад “Куры”. Гэта абыход двароў, што здзяйсняецца 13 студзеня дзецьмі школьнага ўзросту, якіх у Віркаве засталося ўсяго 14 дзяцей. Налета большасць з іх скончыць школу ў суседнім Пярэкаллі і раз’едзецца. Хто тады будзе хадзіць “у куры”? Пакуль невядома.

Сёлета Віркаў наведалі таксама ўдзельнікі фальклорнага гуртка “Гарэзы” з Клічава. З імі прыехалі дырэктарка Цэнтра дадатковай адукацыі Ала Пятроўская, выкладчыца Жанна Ачыновіч і метадыстка Вераніка Коўрык, а таксама дырэктар Клічаўскага цэнтра турызму Аляксей Шумскі. Прыемна было бачыць такую цікавасць да вясковага абраду з боку жыхароў райцэнтра. Як патлумачыла Жанна Ачыновіч, яе навучэнцы вельмі хацелі паглядзець на сапраўднае калядаванне і самі пакалядаваць. “Гарэзы” хадзілі з уласнай каляднай праграмай, хаця ведаюць і песню віркаўскіх “курэй”. Адбыўся ў нейкім сэнсе абмен вопытам.

Таксама ў гэты вечар па вёсцы хадзіў гурт калядных “цыганоў” на чале з кіраўніцай віркаўскага клуба Жаннай Васьковіч, якая сама пераапранулася ў цыганку. Нядаўна клуб “перасялілі” з аварыйнага будынка ў бібліятэку. Тут працуе краязнаўца Надзея Дубень, якая ўдзельнічае ў гурце “цыганоў” у ролі Паненкі. З ёй у пары — Пан. Таксама парныя персанажы — Цыган з Цыганкай, Малады з Маладой. Усе яны віншуюць гаспадароў і танчаць. З імі ходзіць Механоша.

Назад у Клічаў “Гарэзы” з’язджалі задаволеннымі і стомленнымі, з поўнай торбай пачастункаў ад віркаўскіх гаспадароў. “Кур” і “цыганоў” вяскоўцы таксама, канечне, не пакрыўдзілі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
малодшы навуковы
супрацоўнік Цэнтра
даследаванняў беларускай культуры, мовы
і літаратуры НАН Беларусі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 09.08.2019 00:47:28

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.