::
2018.01.21 — Лялькі, што жывуць на “Нябёсах” / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Лялькі, што жывуць на “Нябёсах”
Спасылка
Дата публікацыі
21.01.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Лялькі, што жывуць на “Нябёсах”

№ 3 (1338) 21.01.2018 - 30.01.2018 г

У нядзелю ў Мінску завяршыўся ІV Міжнародны Калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў Нябёсы: з лялькай да Бога”. За чатыры дні дзеці і дарослыя змаглі ўбачыць 19 спектакляў з сямі краін свету: Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Расіі, Украіны, Эстоніі. Гран-пры паехаў у Львоў: яго атрымаў тамтэйшы тэатр “І людзі, і лялькі” за спектакль “Скінія залатая”.

— Фестываль праводзіцца па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
Паўла, — гаворыць мастацкі кіраўнік праекта Аляксандр Ждановіч, вядомы па шматлікіх ролях у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, на тэлебачанні і ў кіно. — “Нябёсы” маюць і ярка выяўлены дабрачынны аспект: калектывы-ўдзельнікі з радасцю выступаюць не толькі ў нядзельнай школе Свята-Елісавецінскага манастыра, дзе адбываюцца асноўныя фестывальныя падзеі, але і ў Дамах-інтэрнатах. Такія паездкі ладзяць таксама тыя, хто з тых ці іншых прычын не змог патрапіць у асноўную праграму, бо заявак з кожным годам становіцца ўсё больш.

Фестываль развіваецца, і не заўважыць гэта немагчыма. Справа не толькі ў паляпшэнні яго арганізацыі. Да батлейкі ўсё больш актыўна далучаюцца спектаклі, самыя розныя паводле тэматыкі, эстэтыкі, жанраў, выкарыстаных прыёмаў. Летась, да прыкладу, усіх вельмі ўразіў “атмасферны” спектакль з Расіі, перад паказам якога ўсім, начынаючы з членаў журы, завязалі вочы і ў такім стане, узяўшы за руку, праводзілі ў залу, дзе публіка і надалей арыентавалася выключна на слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя адчуванні. Сёлета падобных эксперыментаў, разлічаных не толькі на невідушчых, але і на нашае з імі паразуменне, не было. Але ў многіх спектаклях узнікалі свае “разыначкі”, прычым даволі часта — за кошт самага разнастайнага сінтэзу. Біблейская гісторыя апыналася “ўнутры” сучаснага аповеду, узмацняючы асветніцкую скіраванасць дзеі. Спалучаліся марыянеткі, пальчаткавыя лялькі, плоскасныя выявы. Тэатр ценяў, панарамны тэатр, “шматпавярховасць” батлеечнай скрыні. Вобраз Смерці, што прыходзіць да цара Ірада, і вясёла-жахлівы макабрычны танец шкілета з сучасных трылераў (“Мішка і Каляды” Тэатрыка Сашы Луняковай з Пушкіна, што атрымаў дыплом “За лепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля”). Жывы план і праекцыі з тэхнікай эбру, якая ў побыце завецца “маляваннем на вадзе” (сумесная вільнюска-маскоўская “Легенда пра Калядную ружу”). Маскі-каптуры і вынаходлівая работа з тканінай (“Умка — белае мядзведзяня” тэатра ProJekt з Эстоніі, вылучаны “За лепшае выяўленчае рашэнне”).

— На сёлетнім фестывалі было менш батлеечных спектакляў, каляднай тэматыкі, але агульны ўзровень узрос, — сведчыць член журы, тэатразнаўца Кацярына Яроміна. — Гэта адбылося не толькі таму, што стала больш прафесійных калектываў, пашырылася геаграфія ўдзельнікаў. Аматарскія калектывы таксама паказвалі сёлета больш якасныя працы, якія можна было разглядаць яшчэ і з пазіцый мастацкасці. Для папулярызацыі тэатральнага мастацтва гэта, безумоўна, добра. Але надалей, думаю, фестываль павінен больш дакладна вызначыцца са сваёй спецыфікай. Бо цяперашні этап успрымаецца хутчэй “пераходным”. Усім зразумела, што паказаць чарговы, нічым не прыкметны пераказ гісторыі пра цара Ірада — замала. Але дзе тыя межы, што вылучаюць гэты фестываль сярод іншых? Невыпадкова Гран-пры атрымаў спектакль “Скінія залатая” з Львова. Там было найперш траплянне ў спецыфіку “Нябёсаў”, а да таго ж спалучэнне аўтэнтыкі, сучаснасці, прыгажосці.

— Пашырэнне межаў, — працягвае тую ж думку член журы, мастак і тэатразнаўца Надзея Якаўлева, — з’ява непазбежная. Але яе трэба ўмець выкарыстоўваць так, каб батлеечная тэма заставалася стрыжнявой. Сапраўды, карані батлейкі — у калядным тэатры. Але насамрэч яна больш шырокая: у ёй ёсць і народна-камедыйныя пласты, і жывыя стасункі з публікай. А ў сучасных рэаліях усё гэта яшчэ і трансфармуецца, прарастае ў новыя адгалінаванні — і пры гэтым захоўвае ўнутры нейкія шчымлівыя ноты. На гэтае развіццё батлейкі і павінен быць скіраваны фестываль.

Але ж ці трэба рэзка адмяжоўвацца ад усяго, што “не батлейка”? Наўрад ці. Па-першае, разнастайнасць яшчэ ніколі не перашкаджала. Па-другое, заўсёды ёсць чаму павучыцца не толькі ў бліжэйшых калег, але і ў прадстаўнікоў іншых тэатральных сфер — і фестываль такую магчымасць дае. А каб не страціць батлеечную скіраванасць, выйсце заўсёды знойдзецца.

— Думаю, надалей трэба падзяліць удзельнікаў па розных намінацыях, — лічыць член журы, галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алег Жугжда. — Прычым гэта павінен быць падзел не на прафесіяналаў і аматараў, а на батлейку і іншыя спектаклі. Сучасны тэатр лялек імкліва развіваецца ў самыя розныя бакі, сінтэзуе дасягненні іншых відаў мастацтва. І не зважаць на гэта не толькі нельга, але і няправільна. Батлейка ж мае сваю спецыфіку, нават каноны, не гаворачы пра шматлікія традыцыі, якія таксама трэба працягваць і развіваць. Да ўсяго, у беларускай батлейцы ёсць свае нацыянальныя рысы, што вылучаюць яе, да прыкладу, ад украінскага вярцепа. Таму фестываль павінен развівацца і ўшыр і ўглыб, садзейнічаючы больш плённай працы з тымі нацыянальнымі здабыткамі, што захаваліся і атрымліваюць сёння другое нараджэнне.

Невыпадкова другі год запар на фестывалі ладзіцца “Школа батлейкі”. Яна ўключае ў сябе лекцыі, майстар-класы вядучых спецыялістаў, у тым ліку — членаў журы і ўдзельнікаў. Слухачы праекта папаўняюць свае тэарэтычныя веды, удасканальваюць практычныя навыкі. Але ж як падлічыць той плён? І ці ёсць ён увогуле? Ці былі відавочныя сёлета вынікі тых жа леташніх ініцыятыў? Ці палепшылася практычнае засваенне вырабу батлеечнай скрыні, лялек, пастаноўкі спектакляў?

— Безумоўна, вынікі заўважныя, — сведчыць Кацярына Яроміна. — Яны выяўляюцца ў павышэнні ўзроўню паказаных на фестывалі батлеечных спектакляў. Але, як я ўжо гаварыла, сёлета іх было не так многа, як раней. На жаль, не ўсе змаглі падрыхтаваць штосьці новае, каб прывезці на фестываль. А хтосьці, можа, і падрыхтаваў, ды не рызыкнуў прадэманстраваць, разумеючы неабходны ўзровень. Упэўнена, гэта часовыя цяжкасці. Чым больш шырока будзе ладзіцца такі абмен вопытам, тым больш адчувальным стане яго засваенне.

— Тым не менш, — дадае Надзея Якаўлева, — з беларусаў я вылучыла б сямейны тэатр з вёскі Стойлы, адзначаны “За лепшае мастацкае афармленне батлеечнай скрыні”, сям’ю Паповых з Мінска, узнагароджаную “За вопыт засваення батлеечнага жанра”. Абодва калектывы паказвалі “Цара Ірада”, але кожны — са сваім падыходам. Ды ўсё ж калі сёлетнія спектаклі, лекцыі, майстар-класы кагосьці “зачапілі”, натхнілі, вынік мы ўбачым не адразу. Для больш грунтоўнага засваення батлеечных традыцый, а тым больш — для іх паспяховага працягу, прыўнясення адметных рысаў патрабуецца час.

Звернем увагу і на выхаваўчыя моманты, якія нясе ў сабе фестываль і, шырэй, зацікаўленасць тэатрам лялек сярод дзяцей і бацькоў. Такі від сумеснай дзейнасці замацоўвае сямейныя адносіны. Зварот да згаданай вышэй тэхнікі эбру можа выкарыстоўвацца як адна з дзейсных формаў рэлаксу і арт-тэрапіі, прычым для людзей розных узростаў. Эстэтыка тэатра лялек звязана з “ажыўленнем” любога побытавага прадмета (тут не абысці “ЧерДачные истории” маскоўскага “Мамінага тэатра”, узнагароджаныя спецыяльным дыпломам памяці Людмілы Ждановіч, якая была заснавальнікам фестывалю, “За самы гарэзлівы і вясёлы спектакль”). Такое ўменне “ажыўляць нежывое” развівае фантазію, вучыць беражліваму, адухоўленаму стаўленню да ўсяго навакольнага. Нарэшце, выкарыстанне лялек, незалежна ад іх канструкцый, можа дапамагчы вырашэнню многіх псіхалагічных праблем.

Таму колькі ні гаварылі б пра “разбуральнае ўздзеянне” на дзяцей тых жа бонсцікаў, эмоджы ды іншых “бонусаў”, уключаючы начынне “Кіндэр-сюрпрызаў”, справа не ў праславутых фігурках і іх калекцыянаванні, а ў нашым да гэтага стаўленні. Як на мой погляд, яны — гатовыя наборы “герояў-масак”, прыдатныя для далейшых фантазій. Пра іх можна і казкі складаць (вядома, разам з дзецьмі), і разыгрываць спрэчныя гісторыі з рэальнасці, адаптаваныя пад прыгоды вясёлых-сумных чалавечкаў (а памятаеце тых вясёлых чалавечкаў, што ў савецкія часы жылі на старонках часопіса “Весёлые картинки” — і ніхто не адмаўляў іх выхаваўчай ролі). Адна з расійскіх кампаній, прасоўваючы сваю харчовую прадукцыю для дзяцей, пайшла яшчэ далей: пачала бясплатна, але на аснове дасланых заявак, раздаваць наборы для самастойнага вырабу тэатральнай скрыні. А папяровыя цацкі, што стануць героямі спектакляў, — у дадатак да прыдбаных тваражкоў ды ёгуртаў. Цудоўны маркетынгавы ход! Вось толькі… нягледзячы на папярэджванні, што колькасць бясплатных набораў абмежаваная, акцыю давялося працягваць зноў ды зноў: штосьці далёка не ўсе бацькі імкнуліся атрымаць падарунак. Можа, таму, што ён патрабуе асабістага ўдзелу?

А між тым, чарада падобных герояў магла б працягваць і некаторыя беларускія традыцыі. У нас такая багатая міфалогія, столькі каларытных казачных, абрадавых персанажаў! Усё гэта можа стаць асновай для далейшых распрацовак.

Так што перспектывы і ў фестывалю “Нябёсы”, і, шырэй, у развіцця батлеечнага тэатра — цудоўныя. І выходзяць яны далёка за межы невялічкай непрыстасаванай залы, дзе праходзяць фестывальныя паказы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧрэдактар аддзела газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 24.08.2019 20:35:40

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.