::
2018.01.25 — Маладзён з Гомлю сабраў унікальную калекцыю сялянскай вопраткі / Belsat / Белсат — тэлеканал
Загаловак
Маладзён з Гомлю сабраў унікальную калекцыю сялянскай вопраткі
Спасылка
Дата публікацыі
25.01.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Маладзён з Гомлю сабраў унікальную калекцыю сялянскай вопраткі

 PHOTO


2018.01.2511:04

20-гадовы Аляксандр Нікіцін навучаеца ва Універсітэце культуры і ўжо 5 год збірае традыцыйныя касцюмы з Васілевічаў, што ў Рэчыцкім раёне і ваколіц.

Ён марыць увесці ў навуковае абарачэнне тэрмін «Васілевіцкі строй» (касцюм. – Заўв. Belsat.eu), бо перакананы, што ён моцна адрозніваецца ад Рэчыцкага і Калінкавіцкага. За 5 гадоў у калекцыі Аляксандра – дзясяткі жаночых і мужчынскіх сарочак, андаракі (спадніцы. – Заўв. Belsat.eu), галаўныя ўборы, посцілкі і рушнікі. Напрыканцы лютага ў Філіяле Веткаўскага музею стараабрадніцтва і народных традыцыяў імя Ф.Р. Шклярава адкрыецца выстава этнаграфічнай калекцыі Аляксандра Нікіціна.

Мужчынская сарочка г. Васілевічы

Пра паходжанне

Па маме мае продкі з гораду Васілевічы. Таму, відаць, мяне так цягне даследаваць той мікрарэгіён.

Аднойчы мы з мамай прыехалі да сваякоў у Васілевічы і знайшлі там вышытую манішку ад мужчынскай сарочкі і падол ад жаночай. Я гэта забраў у горад. Нешта тады ўжо торкнула, што гэта трэба захаваць.

У 2011 годзе я пазнаёміўся з Гомельскай «Талакой» (краязнаўчая моладзевая суполка. – Заўв. Belsat.eu), пачаў сябраваць з членамі арганізацыі.

Спачатку я марыў стаць археолагам. Улетку на вакацыях трапіў у археалагічную экспедыцыю пад кіраўніцтвам Алега Анатольевіча Макушнікава, але мяне рэальная археалогія не зацікавіла. Гэтым жа летам я паехаў з «Талакою» у этнаграфічную экспедыцыю ў Хойніцкі раён, і я зразумеў, што мяне цікавіць менавіта этнаграфія.

Як паўставала калекцыя

Хадзіў па бабулях, прасіў падарыць у калекцыю. Мы з маці заснавалі краязнаўчую групу ў «Аднакласніках» «Мой горад – мае Васілевічы». Аднаго разу змясціў там аб’яву, просьбу дасылаць, калі нешта маюць, тканае з гэтых мясцінаў. Так, з Масквы прыйшла пасылка: у ёй быў андарак, сарочка, хустка. Я прыйшоў да высновы, што гэты касцюм Васілевіцкі не мае дачынення ні да Рэчыцы, ні да Калінкавічаў. Я перакананы, што гэта менавіта «Васілевіцкі строй». Я даследую некалькі вёсак – Зашчоб’е, Васілевічы, Навінкі, Залатуха і Лукі. Вось адхіляешся ад гэтых вёсак літаральна на 5 км, і адразу касцюм мяняецца. Напрыклад, мясцовыя кажуць, што паласатых андаракоў, як у Васілевічах і ваколіцах, у іх ніколі не было.

Фрагмент «Завівала» – вясельны галаўны ўбор

Першая сарочка, як першае каханне – немагчыма забыць

У 2012 годзе ў Васілевічах пабачыў сарочку ў вёсцы і мне яе падарылі. Гэта было пачуццё эйфарыі ды вялікай радасці. Да гэтага я бачыў сарочкі толькі ў музеі, а тут я мог яе памацаць, дакрануцца да натуральнага льну.

Першая сарочка ў калекцыі Аляксандра Нікіціна

 

Я крыху гідлівы чалавек і мне цяжка есці, напрыклад, з тлустай талеркі ці лыжкі, а ў адной хаце ў вёсцы мне сказалі, калі з’ем у іх рассольнік, падораць сарочку і я з’еў, хаця да гэтага ніколі не еў у сялянскіх хатах. Вельмі хацелася мець тую сарочку ў калекцыі.

Маральны абавязак

Ты разумееш, што гэта культура вясковая вельмі хутка знікне. Кожны мой экспанат, як пазл у агульную культурную мазаіку Беларусі, як бы пафасна гэта не гучала. Што тычыцца майго імкнення вылучыць менавіта «Васілевіцкі строй» у асобны тып касцюму, то цяпер нават у Акадэміі Навук ёсць разуменне, што ранейшыя межы строяў былі зроблены глабальна і варта ўжо вылучаць менавіта мікрарэгіёны. Цяпер задача навукоўцаў – правесці іншыя межы.

Мне ніхто не плоціць за экспедыцыі, я магу не ездзіць, але ў мяне ўжо з’явіўся нейкі маральны абавязак.

Што з сябе ўяўляе «Васілевіцкі строй» (паводле Аляксандра Нікіціна)

Сарочка дзявоцкая: каўнер – стойка (як старыя людзі кажуць, што «малыя дзеўкі каўнераў не насілі, хадзілі галашыйкамі»), рукаў – «у ружы, у каткі» (сімвал дашлюбнасці дзеўкі), гузікі – белая мярежка з крыжом, вышыўка крыжыкамі, бранае ткацтва. Узор на мярэжцы – «капейкі». Тканае ільняное або канаплянае палатно. Паясное адзенне – двухполка: два кавалкі тканіны, звязаная толькі на поясе.

Дзявоцкая сарочка
Тканы падол дзявоцкай сарочкі

 

Дзявоцкае паясное аддзене двухполка

Вясельны касцюм – збольшага белы, мінімум чырвонай вышыўкі, белая мярежка з крыжом і ромбам (сімвал жаночага пачатку). Гэтыя сарочкі выкарыстоўваліся і падчас пахавання. Жаночы строй – андарак, каптан (камізэлька. – Заўв. Belsat.eu) з воўны, фартух з бавоўны. Мужчынскі строй – нагавіцы і сарочка.

Рукаў вясельнай сарочкі
Каўнер вясельнай сарочкі
Вясельны вянок вёскі Залатуха (Калінкавіцкі р-н)
«Завівала». Даўжыня 6 м. Галаўны вясельны ўбор

Як будзе выкарыстоўвацца калекцыя

Ідзе даследаванне і апісанне касцюма. Вось ва ўніверсітэцкім зборніку выйшаў мой артыкул пра галаўны Васілевіцкі ўбор. Пакуль цяжка ўвесці ў навуковае абарачэнне тэрмін «Васілевіцкі строй», бо ёсць ужо сфармаваныя каноны ў этнаграфіі і іх цяжка парушыць. Патрэбныя яшчэ навуковыя артыкулы пра асобныя элементы касцюма: сарочкі, андаракі, каптаны, трэба апісаць тэхніку ткацтва, арнаментыку, пашыў, працэс стварэння адзення і тады, магчыма, мая мара здзейсніцца і з’явіцца тэрмін «Васілевіцкі строй».

Жаночы строй

Касцюмы беларуса, якога ўжо няма

Я хачу прэзентаваць на выставе 4 касцюмы, якія адпавядаюць 4 узроставым групам: дзяўчына да шлюбу, вясельны строй, жанчына пасля шлюбу, старыя жанчыны.

Хочацца паказаць рэчы таго беларуса, якога ўжо няма. Існуе каласальная розніца паміж традыцыйным, вясковым беларусам і сучасным чалавекам. Яны былі зусім іншыя. Іншы менталітэт.

У іх моцнае пачуццё зямлі, вельмі моцная прывязка да зямлі, вельмі паважлівае стаўленне да «маці – сырой зямлі». Зямля для традыцыйных беларусаў – жыццё, ураджай, магчымасць гадаваць дзяцей, месца дзе стаіць хата. Яна ўсё давала, прымала да сябе пасля смерці. Вельмі ўражвае стаўленне да працы – быў проста культ працы, цяжка ўявіць сабе традыцыйнага беларуса па-за працай. Я бачыў бабулек 90 год, яны ходзяць, садзяць бульбу. Асабліва ўражваюць палешукі – гасцінныя, шчырыя, добрыя.

«Важна цяпер захаваць вёску ў сабе»

Калі заходзіш у хату, якую даўно пакінулі людзі і бачыш іхныя фотаздымкі, нейкія рэчы, жыццё чалавека – жыццё, якое ўжо ніколі туды не вернецца, усё гэта ўнутры круціцца, туга ўзнікае па гэтай культуры сялянскай, такі боль за народ. Вёска знікае, усе едуць у горад. Таму, цяпер важна захаваць вёску ў сабе.

Гутарыла Ларыса Шчыракова, belsat.eu

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 24.05.2019 01:11:47

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.