::
2017.12.15 — Прыватная ініцыятыва аб ушанаванні зніклай вёскі / Краязнаўчая газета
Загаловак
Прыватная ініцыятыва аб ушанаванні зніклай вёскі
Спасылка
Дата публікацыі
15.12.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Прыватная ініцыятыва аб ушанаванні зніклай вёскі

Там, дзе жылі продкі

Сыходзяць ад нас не толькі людзі – сыходзяць і вёскі, часцяком – зане­па­даюць і знікаюць яшчэ нядаўна шматлікія паселішчы. Але не заўсёды сыходзяць у нябыт. Пра адзін з такіх выпадкаў і раскажу тут.

У Клімавіцкім раёне непадалёк цяперашняга аграгарадка Макеевічы яшчэ 15 гадоў таму была вёска, што мела цікавую назву, якую цяжка патлумачыць: Саў­на, з націскам на другое а. У 1970-я гады было тут 65 дамоў, пад тры сотні чалавек, былі і клуб, і вялікая жывёлагадоўчая ферма. Але моладзь, як зазвычай, з’яз­джа­ла вучыцца ды й назад не вярталася, а старэйшыя паміралі або пера­яз­джалі – да дзяцей або бліжэй «да цывілізацыі». Засталіся недагледжаныя дамы. Цалкам Саўна перастала існаваць у 2002 годзе, дамы пазносілі, а месца вёскі зааралі й засеялі.Чытаць далей…

Людміла Няхайчык, якая цяпер жыве ў Раўбічах непадалёк Мінска, нарадзілася ў Макеевічах (гэта за 6 кіламетраў ад Саўны). На танцы, кажа, моладзь хадзіла з аднае вёскі ў другую. І распавяла, што адзін з ураджэнцаў зніклай вёскі вырашыў ушанаваць памяць пра роднае паселішча.

– Хаця ўсё жыццё Мікалая Крупініна прайшло ў Расіі, але штогод, пакуль жылі бацькі, прыязджаў у Саўну, дапамагаў ім, – распавядае Людміла Ульянаўна. – Атрымалася так, што хутка па смерці бацькоў вёска перастала існаваць. Каб увекавечыць колішняе паселішча, у 2013 годзе ўсталяваў памятны знак. Адкрыццё адбылося 27 верасня. І з таго часу штогод тут адбываюцца сустрэчы землякоў.

М. Крупінін нарадзіўся ў 1951 годзе. Вышэйшую адукацыю (інжынер лясной гаспадаркі) атрымаў у Бранскім тэхналагічным інстытуце ў 1973 годзе, працоўную дзейнасць пачаў ляснічым у Цюменскай вобласці. Пазней пасяліўся і працаваў у Ніжнявартаўску. У 1989 годзе заснаваў і стаў кіраўніком Ніжнявартаўскага міжра­ён­нага камітэта па ахове навакольнага асяроддзя. Пры ягоным удзеле ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе былі распрацаваныя і пачалі дзейнічаць першыя ў Расіі рэгіянальныя законы «Аб ахове навакольнага прыроднага асяроддзя», «Аб ра­дыя­цыйнай бяспецы» і інш. У 1993 годзе Мікалай Якаўлевіч прыцягнуў да Ніж­нявартаўскага рэгіёна ўвагу Расійскай Акадэміі прырода­знаўчых навук (РАПН) і замеж­ных эколагаў, калі арганізаваў першую міжнародную канферэнцыю па праб­лемах забруджвання водных і зямельных рэсурсаў краю. Прызначаўся кіраў­ніком Дэ­пар­тамента дзяржаўнага кантролю і перспектыўнага развіцця ў сферы прырода­карыстання і аховы навакольнага асяроддзя Міністэрства пры­род­ных рэсурсаў Ра­сіі па Уральскай федэральнай акрузе. У 1996 годзе стаў кандыдатам сельска­гаспа­дар­чых навук, у 2009-м – доктарам экана­міч­ных навук і акадэмікам РАПН. М. Крупінін выдаў больш за 50 навуковых працаў, аўтар кнігі «Госу­дар­ственный контроль природо­пользования». Цяпер ён прафе­сар Дзяржаў­нага Ураль­скага горнага ўніверсітэта, а таксама старшыня Бюро рэгіянальнай гра­мадскай ар­ганізацыі «Ханты-Мансійскае рэгіянальнае аддзяленне між­галі­новых эколага-эканамічных даследаванняў Расійскай Акадэміі прырода­знаўчых навук». У 1990 годзе нашаму земляку пры­своенае званне «Заслужаны эколаг Расійскай Федэрацыі».

– 27 верасня, – кажа Мікалай Якаўлевіч, – Узвіжанне, вялікае свята; але ж можна штосьці і самому ўзвесці. Так і будую штогод.

У 2013 годзе пастаўленыя знак на месцы былога цэнтра вёскі і каплічка. Тады ж ініцыятар абвясціў, што сустрэчы будуць кожны год у гэты ж дзень. Ін­фар­мацыю таксама размяшчае ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках. У 2014-м за­кла­лі невялікі сквер. Потым з’явіліся альтанка, калодзеж, план вёскі. Ініцыятыву падтрымалі мясцовыя ўлады: месца даглядаюць, штогод высаджваюць кветкі. Усе мера­прыемствы па стварэнні своеасаблівага мемарыялу праводзяцца па іні­цыя­тыве і на сродкі Мікалая Якаўлевіча. Штогод збіраюцца былыя жыхары, прыхо­дзяць жыхары Макеевічаў: сёлета было 150 – 200 чалавек, летась столькі ж. Бывае, прыязджаюць саўноўцы і з Чалябінска, з Мінска, Магілёва, Клімавічаў…

Людзі прыязджаюць зранку: і адразу ж пачынаюцца згадкі. Тут жа пра­хо­дзяць канцэрты; Мікалай Якаўлевіч прывозіць з сабою артыстаў, прыязджалі яго­ныя цяперашнія землякі – з Екацярынбурга, Ханты-Мансійска, былі і ягоныя родзічы з Украіны. Прыязджаюць артысты і з Клімавіцкага раёна. «А потым – размовы, згад­кі, спяваюць, танцуюць, могуць быць сталы (ён прывозіць з сабою чай і да чаю…), – распавядае Л. Няхайчык. – Цэлы дзень доўжыцца свята. А пад вечар раз’язджаюцца». І дадае: «Народу падабаюцца такія сустрэчы. Вы ўявіце, што людзям значаць яны. Яго цэняць, паважаюць. Такое зрабіць у на­шыя дні. Не заціснуўшы ў кішэні валюту гэтую… А прывезці ў родную вёску. Гэта ўчынак».

…Цяпер на месцы колішняй вёскі ўзвышаецца знак, з якога рас­прас­цёртымі крыламі імкне ўвысь журавель. Тут жа змешчаны памятны надпіс пра колішняе па­селішча, у аснове якога закладзеная капсула з зямлёю, якую Крупінін прывёз з Іерусаліма. Настаяцель Свята-Міхайлаўскага храма а. Іна­кенцій асвяціў знак і ад­служыў паніхіду аб жыхарах Саўны, ветэранах Вя­лікай Айчыннай вайны. Знайш­лося месца ў мемарыяле імёнам і прозвішчам 348 былых жыхароў вёскі, на плане паселішча пазначаныя дамы, дзе хто жыў. Шкада толькі, што ў мема­рыя­ле не знайшлося месца мове, якая бы­туе тут здаўна – надпісы зробленыя толькі па-руску. Думаецца, шануючы бацькоў і землякоў, варта ўсё ж шанаваць і іх культуру, што выяўляецца найперш праз мо­ву (верагодна ж, і першыя маміны калыханкі для Міколкі, і першыя казкі ды прыказкі былі на беларускай мове, і першыя бацькавы настаўленні…).

Гэтай восенню жыхары Макеевічаў звярнуліся ў Клімавіцкі райвыканкам з ініцыятываю аб наданні М. Крупініну звання «Ганаровы грамадзянін Клімавіцкага раёна». Землякі адначаюць не толькі ягоныя заслугі аб ушанаванні памяці пра мі­нуўшчыну роднага куточка, але і тое, што ён спрыяе папулярызацыі Міжна­род­на­га фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка».

Памяць пра яшчэ адно зніклае паселішча ўшанаванае ініцыятываю ягонага ўраджэнца. А колькі такіх паселішчаў знікла па нашай краіне толькі за апошнія паўста­год­дзя?

 Уладзімір ПУЧЫНСКІ

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 19.07.2019 05:10:36

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.