::
2018.01.15 — Калядныя "куры" ў Віркаве Клічаўскага раёна 13 студзеня 2018 г. / Інвентар НКС / livingheritage.by
Загаловак
Калядныя "куры" ў Віркаве Клічаўскага раёна 13 студзеня 2018 г.
Спасылка
Дата публікацыі
15.01.2018
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Сёлета была нагода наведаць вёску Віркаў на Магілёўшчыне разам з супрацоўнікамі Клічаўскага цэнтра пазашкольнай адукацыі ды турыстычнага цэнтра падчас  дзіцячага каляднага абраду “Куры”, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Абыход двароў здзяйсняецца штогод дзецьмі школьнага ўзросту 13 студзеня. У Віркаве засталося ўсяго 14 дзяцей, якія вучацца ў суседнім Пярэкаллі. Налета большасць з іх скончыць школу і раз’едзецца. Хто тады будзе хадзіць “у куры”? Пакуль невядома. У Інвентары нематэрыяльнай кудьтурнай спадчыны арэалам бытавання абраду пазначанныя таксама вёскі Нясята і Дзмітраўка. У першай абыход не здзяйсняецца, у другой дзейнічае школа мастацтваў, пры якой працуе дзіцячы фальклорны гурт “Купалачка”. 
У гэтым годзе Віркаў наведалі дзеці з фальклорнага гуртка “Гарэзы” з Клічава. З імі прыехалі дырэктарка Цэнтра дадатковай адукацыі Ала Пятроўская, выкладчыца Жана Ачыновіч і метадыстка Вераніка Коўрык, а таксама дырэктар Клічаўскага цэнтра турызму Аляксей Шумскі. “Гарэзы” хадзілі з уласнай каляднай праграмай, хаця ведаюць і песню віркаўскіх “курэй”. Адбыўся ў нейкім сэнсе абмен вопытам. Гурты фатаграфаваліся разам, назіралі адзін за адным. “Гарэзы” наведалі з віншаваннямі Марыю Мікалаеўну Кавалёву 1928 г. н. Яна прапела ім песню віркаўскіх “курэй” і распавяла, як цяпер святкуе Каляды. На покуці ў Марыі Мікалаеўны стаіць каляда – каласкі, перавязаныя рознакаляровымі стужкамі.  Пачытаць падрабязней пра калядаванне ў Віркаве раней і цяпер, паглядзець відэа і фота можна на сайце газеты “Новы час”. Пра калядаванне 2014 г. тут, пра 2015 – тут
livingheritage.by пісаў таксама пра валачобніцтва 2014 г. у Віркаве
Можна рэкамендаваць усім дзіцячым фальклорным гурткам раёна вучыць песні віркаўскіх курэй, каб пры нагодзе павіншаваць жыхароў вёсак Віркаў, Нясята і Дзмітраўка. Можна пакалядаваць і па Клічаве, магчыма, там жывуць выхадцы з гэтых вёсак, якія зразумеюць, што да чаго. У любым выпадку дзецям, што віншуюць гаспадароў са Старым новым годам, верагодна, не адмовяць у пачастунках. 
Неабходна працягнуць апрацоўку матэрыялаў Клічаўскай экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) 2011 г., каб удакладніць арэал калядавання “курэй”. І, канечне, весці далейшыя палявыя даследаванні. 
Таксама ў гэты вечар па Віркаве хадзіў гурт калядных “цыганоў” на чале з кіраўніцай віркаўскага клуба Жанай Васьковіч. Можна звярнуць увагу на варыяцыі ў апісаннях "цыганоў", што сустракаюцца ў аповедах розных інфармантаў, працягваць кантактаваць з носьбітамі традыцыі, якія штогод могуць узгадваць новыя дэталі. 
Магчыма, варта паглядзець, як віркаўцы ўспрынялі б абыход “дзядоў” і Казы з Мядзведзем, што на дадзены момант забытыя, але могуць быць адноўленнымі па ўспамінах Надзеі Іванаўны Каледзіч 1937 г. н. (гл. тут і ў копіях запісаў СЭТ, аўдыафайл 110814_Alaksiej_Virkau_002). 
Супрацоўніца віркаўскай бібліятэкі Надзея Дубень займаецца краязнаўствам, збірае старыя фотаздымкі. Варта працягваць гэтую працу, сканаваць сабраныя фотакарткі з абодвух бакоў, прадумаць сістэму іх захоўвання. Магчыма, калі-небудзь знойдуцца і вявы каляднікаў. 

Матэрыялы для маніторынгу дзейнасці па захаванню нематэрыяльнай культурнай спадчыны і рэкамендацыі па ахове элемента НКС падрыхтавала 
Алена Ляшкевіч, 
малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 29.09.2019 03:30:07

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.