::
2018.01.15 — Каляда на покуці, а цыганы ў хаце / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
Каляда на покуці, а цыганы ў хаце
Спасылка
Дата публікацыі
15.01.2018
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст
  •  
  •  

Найбольшы плён у даследаванні традыцыйных каляндарных святаў атрымліваеш, выпраўляючыся на іх у этнаграфічныя вандроўкі. Тады заўважаеш дэталі, пра якія на працягу году табе могуць і не распавесці.
13 студзеня, напярэдадні Старога Новага года, шмат у якіх мясцінах Беларусі здзяйсняюцца калядныя абыходы. Мы разам з фальклорным гуртком «Гарэзы» і супрацоўнікамі Клічаўскай школы мастацтваў ды турыстычнага цэнтра выправіліся ў вёску Віркаў недалёка ад Клічава. Тутэйшы дзіцячы калядны абыход «Куры» ўнесены ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Таксама калядуюць дарослыя, іх гурт завецца «Цыганы». 

Па словах 80-гадовай Надзеі Іванаўны Каледзіч, у часы яе маладосці 13 студзеня яшчэ і «ў дзяды хадзілі»: апраналі вывернутыя кажухі, рабілі гарбы, віншавалі гаспадароў і танчылі. Адпаведна энцыклапедыі «Міфалогія беларусаў», гарбатыя персанажы каляндарных свят увасаблялі «гасцей з таго свету» — Шчадраца ў Магілёўскай губерні, Дзеда, Бабу і Старцаў падчас «ваджэння сулы» ў Добрушскім раёне. 


Надзея Іванаўна, спасылаючыся на ўспаміны сваёй бабулі, распавядала, што калісьці ў Віркаве вадзілі і Казу з Мядзведзем. У абодвух персанажаў пераапраналіся, вывернуўшы кажухі, але для Казы бралі светлы ці жаўтаваты, а для Мядзведзя — цёмны. Часам Мядзведзь абкручваўся гарахвіннем, якое шамацела падчас танцаў. Згадкі падобнага шляху маскіравання ў Мядзведзя даследчыца Таццяна Валодзіна запісвала ў ваколіцах Бягомля. Той арэал каляднага абыходу з Мядзведзем прыкладна супадае з арэалам вясновага свята ў гонар мядзедзя — Камаедзіцай.

Надзея Іванаўна Каледзіч дзялілася ведамі з сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства падчас экспедыцыі 2011 году, дапамагала віркаўскім дзецям і работнікам культуры аднавіць калядныя абыходы ў набліжанным да ранейшага выглядзе. Сёлета яе пабачыць не атрымалася: жанчына перанесла інсульт і аднасельчане параілі яе лішнім разам не турбаваць.


 

 


Мы накіраваліся да Марыі Мікалаеўны Кавалёвай. Бабулі сёлета спаўняецца 90 гадоў. Спачатку «Гарэзы» яе павіншавалі са Старым Новым годам: патанчылі, памерла і аджыла Каза, паказаў свае ўменні Мядзведзь Маша, наваражылі ўсяго добрага Цыганачкі… 


Марыя Мікалаеўна спела калядныя прыпеўкі «Ой-жаўнеру-жаўнеру», з якімі хадзілі «цыганы», распавяла, як яны завязвалі хусткі. Выканала таксама песню калядных «курэй», паказала, як гралі на бубне і як яго выраблялі. Звычайна ў летніх экспедыцыях даследчыкі пытаюць, як святкавалі Каляды даўней і мала хто цікавіцца цяперашнімі звычаямі. Высветлілася, што Марыя Мікалаеўна спраўляе першую куццю 6 студзеня і захоўвае рэшткі каляднай кашы ажно да 13-га, каб рана ранкам аддаць курам. Ад гэтага яны быццам бы лепш нясуцца. 




А на покуці ў яе стаіць каляда — каласкі, перавязаныя рознакаляровымі стужкамі. Побач з калядой — скрыня з сенам, у якім яшчэ відаць след ад гаршка з куццёй. Такога, прыязджаючы ўлетку, не пабачыш.
Падзякаваўшы Марыі Мікалаеўне, накіроўваемся ў бібліятэку. Тут працуе Надзея Дубень, займаецца краязнаўствам, збірае старыя фотаздымкі. На выявах — жыццё некалькіх пакаленняў віркаўцаў. На жаль, няма фота каляднікаў, затое шмат вясельных здымкаў, сямейныя партрэты, школьныя… 


Нечаканым і прыемным сюрпрызам стала тое, што ў бібліятэцы сучасны кампутар, сканэр, хуткі інтэрнэт.

Надзея Уладзіміраўна ўдзельнічае ў гурце «цыганоў» у ролі Паненкі. З ёй у пары — Пан. Таксама парныя персанажы — Цыган з Цыганкай, Малады з Маладой. Усе яны віншуюць гаспадароў і танчаць. Механоша, якога даўней звалі «Прыдуркам», а цяпер саромеюцца, паводзіць сябе прыстойна. Раней жа, па словах Надзеі Каледзіч, яму даставалася асноўная ўвага: «Тут мы танцуем, а Прыдурак ужо ўсё, ужо пабег: то скавародку нясе, то міску нясе, чугунок які гразны, і ўжо ў сумку пхае… Тут ужо як начном смяяцца, і адбіраць, і крычаць, каб ён занёс назад. Ён занёс — тут валачэ другое што…» (з архіву Студэнцкага этнаграфічнага таварыства). 




Часам «у цыганы» хадзілі без Прыдурка, тады галоўную ролю браў на сябе Цыган: яму даводзілася скакаць у прысядку так, што наступным днём было складана хадзіць. Часам да гурта далучалася Удава з «дзіцём» (лялькай), што прасіла ў гаспадароў грошы «на сусла» (жаваны хлеб, з якога дзецям рабілі соскі). Сёлетніх «цыганоў» гасцінна прымаюць, адорваюць і частуюць.




Клічаўскія «Гарэзы», нягледзячы на ўласны калядны сцэнар, ведаюць і рэпертуар віркаўскіх «курэй». Адбыўся ў нейкім сэнсе абмен вопытам. Гурты фатаграфуюцца разам, назіраюць адзін за адным. У Віркаве засталося ўсяго 14 дзяцей, якія вучацца ў суседнім Пярэкаллі. Налета большасць з іх скончыць школу і раз’едзецца. Хто тады будзе хадзіць «у куры»? Пакуль невядома. У Інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны арэалам бытавання абраду пазначанныя таксама вёскі Нясята і Дзмітраўка. У першай абыход не здзяйсняецца, у другой дзейнічае школа мастацтваў, пры якой працуе дзіцячы фальклорны гурт «Купалачка». 

Назад у Клічаў «Гарэзы» з’язджаюць задаволеннымі і стомленнымі, з поўнай торбай пачастункаў ад віркаўскіх гаспадароў. А журналістка «Новага часу» — з гігабайтамі цікавых матэрыялаў, свежаадзнятых і з фондаў Віркаўскай бібліятэкі. Дзякуй!

Фота і відэа Алены Ляшкевіч

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 29.08.2019 16:42:12

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.