::
2014.12.01 — Гульня “Ката пячы”: Еду з кута да Ката! / Будзьма Беларусамі (budzma.org)
Загаловак
Гульня “Ката пячы”: Еду з кута да Ката!
Спасылка
Дата публікацыі
01.12.2014
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Гульня “Ката пячы”: Еду з кута да Ката!

Гульня “Ката пячы” лічыцца ў асноўным калядным ігрышчам моладзі, якое некалі шырока бытавала ў Цэнтральнай Беларусі. У наш час яе сляды можна знайсці ў Бярэзінскім, Барысаўскім, Вілейскім, Лагойскім, Мінскім раёнах Міншчыны, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці на мяжы з Мінскай. А вось у Дзяржынскім раёне, у аграгарадку Скірмантава, яе праводзяць на Загавіны перад Піліпаўкай, каб наесціся скаромнага і нагуляцца перад 40-дзённым постам (ён доўжыцца з 28 лістапада да 6 студзеня). У параўнанні з іншымі рэгіёнамі пагулянка мае свае адметныя рысы. Але варта ўсё ж спачатку адзначыць прыродны, сацыяльны  і культурны асяродак, у якім гэтая традыцыя захоўваецца.

Аграгарадок Скірмантава знаходзіцца за 22 кіламетры ад раённага цэнтра Дзяржынск і за 49 кіламетраў ад Мінска. Тут знаходзяцца вытокі рэк Пціч, Іслач, Сула, Уса, Волма. Паселішча вядомае з 1802 года, а цяпер славіцца тым, што тут самы высокі пункт Мінскага ўзвышша — гара Дзяржынская (раней Святая) — 345 метраў над узроўнем мора. Непадалёк — “Якуцкія горы”, парк актыўнага адпачынку ў вёсцы Якуты, дзе можна пакатацца на санках і лыжах, квадрацыклах з маляўнічых узгоркаў. Вакол Скірмантава — маляўнічыя лясы, багатыя на грыбы і ягады. Некалі тут быў моцны саўгас, пабудаваны вялікі Дом культуры, двухпавярховыя дамы для жыхароў з усімі выгодамі. У культурным плане Скірмантава праславілі аматарскія самадзейныя калектывы “Весялуха” (створаны ў 1982 годзе, калі быў адкрыты Дом культуры, а найменне “народны” атрымаў у 1993 годзе) і “Сваякі” (створаны ў 1987 годзе, найменне “народны” мае з 2003 года).

Якуты — месца, дзе нарадзілася і вырасла стваральніца гэтых калектываў і захавальніца мясцовай традыцыйнай культуры Зося Адольфаўна Радзько. “Сваякі” — гэта ўсё яе радня. Бацька быў гарманістам, іграў на балалайцы і мандаліне, маці спявала, так што Зося змалку далучылася да культурнай спадчыны свайго краю. А потым перадала ўсё, што ведала і ўмела, маладому пакаленню. У тым ліку і гульню “Ката пячы”. У ёй бяруць удзел жанатыя і нежанатыя людзі. Сярод нежанатых — моладзь, якая гатовая да шлюбу. На такіх пагулянках некалі адбываўся падбор пар. Пакуль Зося Адольфаўна была жывая, гулялі заўсёды ў яе хаце пад яе кіраўніцтвам, цяпер гульнёй кіруе яе нявестка Наталля Пятроўна Радзько, дырэктар Дома культуры, а ўдзельнікі калектываў захоўваюць гульню ў памяць пра сваю настаўніцу і цудоўнага чалавека. Штогод 27 лістапада яны зранку пачынаюць рыхтавацца да скаромнай вячэры ў складчыну, зносяць усё ў хату, дзе запальваецца печка, варацца гарачыя стравы і выпякаецца галоўны атрыбут ігрышча — пірог у выглядзе ката. Галаву, тулава і ногі пякуць асобна падчас вячэры. А ў гэты час спяваюць, танцуюць, жартуюць, расказваюць анекдоты і раз-пораз пытаюцца ў гаспадыні: “Ці спёкся кот?” Забавы з “катом” — самыя цікавыя падчас пагулянкі.

Традыцыйныя танцы таксама прыгожыя і выконваюцца з вялікім імпэтам — “Ночка” (танцуюць прыпяваючы), кракавяк, каробачка, нарэчанька, лысага, полька і іншыя. Гуляюць у такія гульні, як “Раменьчык”, “Лешч”, “З лыжкай”, “Цыбулька”. Нагуляўшыся, зноў сядаюць за стол, спяваюць, жартуюць. “Была ў мяне курачка-нясушка, ды я яе прадала. А за тыя грошы музыкі харошы наняла, эх, наняла. Ой, музыкі харошы, вы іграйце да ночы “Каваля”, эх, “Каваля”. І пра каваля спяваюць. А прыпеўкі салёныя для смеху як жарнуць — усе ўпокат. Сусед да суседкі заляцаецца, а жонка міргае іншаму….

І мы разам з імі ад душы смяяліся. А ўжо ж калі выносяць “ката”, то гульні, забавы і жарты звычайна ліюцца бурным ручаём смеху, таму ўсе чакаюць менавіта гэтага моманту. Між тым на кухні Наталля Пятроўна і Сяргей Уладзіміравіч ствараюць са спечаных частак фігурнага печыва “ката”: вушкі з сала, вусы з макароны, роцік з чырвонага памідора, вочкі з разынак або сушаных чорных ягад, а хвост са свойскай каўбасы. І вось ужо яго ўрачыста нясуць у пакой: “Ад печкі да кута нясу лысага ката”. Там ужо загадзя прыбілі цвік да столі і падрыхтавалі пояс, за які яго прывязваюць. Сяргей Уладзіміравіч у ролі гаспадара першым спрабуе пад’ехаць да “ката” на вілках і, падскочыўшы, адкусіць “хвост”, але яму не шанцуе. За тое, што не праявіў належны спрыт, яму і астатнім гульцам даюцца заданні: пахадзіць буслам, высока падымаючы ногі і колючы “дзюбай” жанчын, напаіць жураўля праз рукаў кажуха, пахадзіць пеўнем каля курыцы, сарваць вішаньку — падскочыць і без дапамогі рук вуснамі забраць з вуснаў дзяўчыны ягадку або цукерку… Поўнай жанчыне старэйшага ўзросту могуць загадаць узлезці на табурэтку і тры разы пракрычаць: “Мама, рыхтуй падушкі, замуж хачу!”

Пагулянка “Пячы ката” — яўна эратычнага зместу. Сталыя жанатыя пары дзеляцца сваім вопытам, жартаўліва і ў мастацкай форме перадаюць яго моладзі, каб хутчэй падбіраліся пары для сумеснага самастойнага жыцця, каб ніхто не застаўся адзінокім. Так было. І хіба не актуальна сёння дапамагчы іншым быць шчаслівымі, умець жартаваць і весяліцца, развіваць свае творчыя здольнасці. Людзі розных узростаў і прафесій, скірамантаўцы вельмі таленавітыя, творчыя. Яны — яркі прыклад таго, што традыцыйныя гульні і забавы сучасным людзям таксама цікавыя. А калі хто таксама хоча спячы “ката”, паспрабуйце. Рэцэпт просты: 1 кілаграм пшанічнай мукі, паўлітра малака, 50 грамаў дражджэй, 2 сталовыя лыжкі цукру, 1 чайная лыжка солі, 2 яйкі. Падыдзе цеста — асадзіць 1 раз, а калі падыдзе яшчэ раз — замясціць і сфармаваць цеста патрэбнай формы з часткамі цела “ката”. Гэтыя часткі цела злучаюцца пры дапамозе драўляных шпажак або тонка абструганых палачак. “Кот” атрымліваецца “лысы”, затое смачны. Гуляйце на здароўе!

 

Рэгіна Гамзовіч

Фотарэпартаж Аляксея Сталярова

 

 

 

 

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 30.08.2019 01:38:50

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.