::
2016.02.13 — Птушка-абярэг з Бярозаўшчыны / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Птушка-абярэг з Бярозаўшчыны
Спасылка
Дата публікацыі
13.02.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Птушка-абярэг з Бярозаўшчыны

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Яшчэ адзін элемент у спісе нематэрыяльных каштоўнасцейНа пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры краіны элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі вырабу шчапавой птушкі-абярэга на тэрыторыі Бярозаўскага раёна” быў унесены ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей краіны. Што ж уяўляе з сябе дадзеная праява?

 

Тэхналогія

Для вырабу птушкі неабходныя чурачкі, часцей — асінавых парод (уласна асіна, а таксама альха, ліпа), свежаспілаванага, сырога дрэва: падсохлая драўніна — цвёрдая, яна не колецца на шчэпкі. У некаторых выпадках паколатую чурку неабходна выварыць у вадзе (скажам, у тым выпадку, калі дрэва спілавана позняй восенню ці ўзімку) і тады шчэпачкі разыдуцца лёгка. Нарыхтаваныя драўляныя чуркі не выкарыстоўваліся цалкам, а толькі тая іх частка, дзе роўная структура валокнаў. Выбраную чурку абстругваюць з дапамогай сякеры з усіх бакоў і раздзяляюць на дзве часткі. Нарыхтоўваюцца два тоненькія брусочкі па 3 — 4 см у вышыню, 0,8 — 1 см таўшчынёй і 10 — 15 см у даўжыню.

Работа працягваецца з дапамогай нажа з тонкім і вострым лязом. З першага брусочка вырабляюцца галава, тулава і хвост птушкі, для чаго з аднаго боку нарыхтоўка расшчэпліваецца ўздоўж валокнаў драўніны, а потым шчэпачкі разводзяцца ў бакі ад цэнтральнай (верхняй перынкі) і замыкаюцца ў замок, які адначасова адыгрывае і ролю ўзора-ўпрыгожання для шчэпачак-перынак. На хвасце неабходна аддзяліць як мага больш апошніх, але абавязкова — няцотную колькасць, для сіметрыі. З другога брусочка вырабляюцца крылы птушкі. Спачатку выразаецца ўзор — замок — упрыгожанне перынак, затым — абодва канцы брусочка расшчапляюцца ўздоўж валокнаў як мага таньчэй і на магчыма большую аднолькавую колькасць перынак, а затым разводзяцца ў адзін бок — насустрач хвасту. Колькасць перынак у крылах: пажадана расшчапіць больш за дзесяць у кожным, каб крылы мелі прыгожую форму, а птушка аказалася лёгкай і чулай да самага маленькага руху. Затым абедзве часткі збіраюцца ў птушку. Традыцыйна брусок-крылы замацоўвалі ў прарэзанае паглыбленне на спінцы бруска-тулава. Але магчымае і замацаванне з боку ніжняй часткі тулава птушкі.

Птушку-абярэг падвешвалі над калыскай немаўляці. Лёгкая цацка, што сваімі колерам і формай падобная да далоні маці, круцілася, прыцягваючы погляд дзіцяці, адначасова займаючы яго і, згодна з павер’ямі, абараняючы: больш за ўсё баяліся, каб не напусціў хто на дзіця “ўрокаў” ці “не зглазіў”. Лічылася, што на птушцы затрымліваецца любы погляд, скіраваны на немаўля, і за завостраныя перынкі чапляецца нядобрая энергія погляду. Такую ж птушку-абярэг падвешвалі пад столь і на Каляды: лічылася, што ў гэты час жыллё найбольш неабароненае ад нядобрых сіл. А пасля святаў драўляную птушку спальвалі ў печы, каб з дымам сышло з хаты і ўсё нядобрае.

Носьбіты

Птушкі старога вырабу не захаваліся, але на тэрыторыі раёна яшчэ жывуць людзі, якія ўмеюць іх вырабляць, і памятаюць, як такіх птушак стваралі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Майстар Мікалай Галабурда 1935 года нараджэння з вёскі Судзілавічы хлопчыкам пераняў майстэрства вырабу птушкі ад дзядулі, што жыў на суседнім хутары ў Стаўках. У гады Другой Сусветнай вайны, калі хлопчыка забралі ў Германію, дзе ён працаваў на баўэра, птушка стала для яго сапраўдным абярэгам. Цяжкая праца і благая ежа давялі хлопца да стану знямогі, калі думка аб смерці ўжо і не палохала. У адзін з такіх вечароў, калі ад голаду не здужаў падняцца, хлопчык тапіў печ, каб не змерзнуць. А перад яго вачыма ўсплывалі родныя мясціны, хата і маці з бацькам, што, пэўна, не дачакаюцца яго. І тут у рукі трапіла чурачка, згадалася хлапцу птушка, якую ён так упарта вучыўся рабіць. І з-пад рукі з ножыкам нарадзілася птушка-мара, птушка-абярэг. І калі хлопчык, трымаючы птушку, марыў аб доме, да яго падышоў маленькі сын гаспадароў і пацягнуўся да цацкі, але галодны зняможаны Мікалай папрасіў за птушку хлеба — і атрымаў добры кавалак. З таго часу, калі станавілася зусім цяжка, хлопчык рабіў птушку і выменьваў яе на хлеб. Так і выжыў. Мікалай Ігнатавіч кажа, што птушка сапраўды выратавала яго.

Сяргей Юркевіч нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Сасноўка Бярозаўскага раёна, жыве ён у горадзе Бяроза. З дзяцінства памятае птушку, якая прадавалася на рынку. Навучыўся Сяргей Сяргеевіч рабіць яе самастойна, па кроплях збіраючы звесткі ў старых майстроў. Робіць ён птушак ужо каля 40 гадоў, і менавіта з хваёвай дошчачкі. Уся праблема ў тым, што расшчапляецца не любы кавалачак, а толькі крайні зрэз з паўночнага боку камля, які рос на сырым месцы не менш за 20 гадоў. Сяргей Юркевіч удзельнічаў у першым Рэспубліканскім конкурсе рэзчыкаў па дрэве, які быў арганізаваны Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці ў 1999 годзе, і стаў яго пераможцам у намінацыі “Дзіцячая цацка”.

У вёсцы Перасудавічы жыве Канстанцін Пунько. Ён нарадзіўся ў 1940 годзе, а рабіць птушку вучыўся ў бацькі Канстанціна Дзям’янавіча 1914 года нараджэння з вёскі Галавіцкія. У цяжкія пасляваенныя гады, калі трэба было будаваць хату і падымаць дзяцей, тата носьбіта традыцыі рабіў птушак і прадаваў іх на рынку ў Бярозе. Як прыгадвае Канстанцін Канстанцінавіч, за выручаныя грошы бацька заўсёды купляў што-небудзь для дзяцей, быццам прасіў прабачэння за тое, што не для іх рабіў гэтых птушак.

Метадыст-майстар Бярозаўскага раённага Цэнтра рамёстваў Аляксандр Лаўрыновіч з верасня 2012 года пераймае сакрэты вырабу шчапавой птушкі ад майстроў. А з пачатку 2013 года ён проводзіць майстар-класы па вырабе птушкі, як у цэнтры, так і на выязных майстар-класах.

Пераўтварэнне двух кавалачкаў дрэва ў чароўную птушку-абярэг захапляе людзей рознага ўзросту, старэйшыя спрабуюць зрабіць разам з майстрам, і вонкавая прастата пераходзіць у разуменне таго, што майстэрствам неабходна яшчэ авалодаць.

Наталля КАВАЛЕВІЧ, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра рамёстваў

На здымках прадстаўлены шчапавыя птушкі-абярэгі, створаныя наступнымі майстрамі: 1. Сяргеем Юркевічам; 2. Аляксандрам Лаўрыновічам; 3. Аляксандрам Пракапчуком; 4. Мікалаем Галабурдой.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 28.10.2019 09:09:05

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.