::
2016.02.13 — Вяселле, якому паўстагоддзя / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Вяселле, якому паўстагоддзя
Спасылка
Дата публікацыі
13.02.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Вяселле, якому паўстагоддзя

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Хітрынкі жывучасці: “З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны”Напрыканцы 1960-х паэт Сяргей Панізьнік зрабіў запіс, падавалася б, ардынарнай з'явы — вяселля на роднай Мёршчыне. А сёння гэтыя радкі, знятыя з магнітафоннай стужкі, выглядаюць унікальным дакументам побытавай культуры свайго часу...

Падчас лявонпальска-мілашоўскага вяселля, моманты якога запісаў на стужку аўтар.

— З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны! — рыфмавалі аднакласнікі на лявонпальска-мілашоўскім вяселлі летам 1969 года. І далучалі: — Радзіму-песню маем, і слых свой не губляем!

Вяселле — гэта суладдзе сэрцаў, вачэй, думак, песнаспеваў, зычэнняў, прымусаў, пацешных прысудаў, дасціпных парадаў… Бо на вяселлі не п’юць, а душу ў госці завуць, там “і спіткі, і з’едкі — усё да паследкі”… Там пачуеш павучанні і такія: “Не кайся, рана ўстаўшы, а маладым — жаніўшыся!”, і гэткія: “З галавой не дагаварыўся — і да ног не сунься!”.

А вясельныя песні даводзяць, што з адухоўленага люду паўстаў Народ, адметны зводдаль і шматпраменны знутры, пералівісты на сваіх абшарах, прасцягах, разлогах бязмежнасці і бясконцасці. І вось я слухаю з вуснаў Марылі Кезік, 1887 года нараджэння, і не песню нават, а зарыфмаваную крывіцкую патаему загадкавых шлюбаў:

Ішла Бяда невялічка,

Спаткалася з чалавечкам:

— Дзе ты, Бяда, радзілася,

Чаго ка мне чапілася?

— Я ў Вільні радзілася,

У Варшаве хрысцілася.

Я у Вільні расла,

З Вільні й замуж пайшла…

А для майго суцяшэння бабуля Марыля прамовіла: “Хто не гневаецца, таму дарога золатам пасцелена”. І дадала: “Вольнаму воля, багатаму — рай!”

Ох, гэтыя хітрынкі нашай жывучасці! У іх і каранёвы эпас, і духоўны хлеб з этнічнай спадчыны маіх землякоў.

Але ж я сабраўся пісаць пра вяселле маёй аднакласніцы Жэні Шадурскай з Лявонпальскай школы Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Яўгенія Сяргееўна выходзіла замуж за Франца Аляксандравіча Адамовіча з Мілашова пад Мёрамі. Сам я — лявонпальскі малец, і на магнітафон “Рамантык” яшчэ перад вяселлем запісваў народныя песні ад местачкоўцаў Вольгі Грэцкай, Ядзвінні Кісляк, ужо згаданай Марылі Кезік. І ў вясельную пару не пераставалі навівацца стужкамі мае касеты.

А каб слых напаўняўся чарамі, на вяселле былі запрошаны з недалёкай вёскі Ліпава Аркадзь Рудзёнак (скрыпка), Дзмітрый Рагоўскі (кларнэт), і яго сын Анатоль Рагоўскі (граў на баяне, падбіваючы нагой бубен). Інструментальня капэла ў магутным суладдзі мела багацейшы рэпертуар. З запісаных за пятніцу і суботу мелодый я пазначыў такія: “Застольны марш”, вальсы “Літоўскі”, “Чурылаўскі”, “Златыя горы”, “Вальс пра вальс” (музыка Эдуарда Калманоўскага), “Кацюша” (музыка Мацвея Блантара), “На сопках Маньчжурыі”, а таксама факстрот “Маленькая Мары” (паводле французскай песні 1950-х), кракавяк, полька “Танцуй, весяліся!” Полька “На лён” яшчэ была: заліхвацкую мелодыю выконвалі апошняй, тым самым запрашаючы танцораў адпачыць на прыродзе.

Рытуальны “Застольны марш” прагучаў тады, калі сваты заводзілі маладых за стол. Мне ён сёння нагадвае шатландскія мелодыі. Канешне, як і “Падарункавы марш для нявесты”, гэты твор самабытны. Але ж не забудзем і пра тое, што не так далёка ад Лявонпаля, каля Дзісны, жылі некалі шатландцы (шоты) — найміты ВКЛ. І яны пакінулі нам частку сваёй музычнай спадчыны. Нездарма ж кажуць пра дыфузію культур!

Ох, я тут пра шотаў, а тым часам вуліца між домам Шадурскіх і школай напоўнілася людзьмі з Мілашова. Вольга Грэцкая, а з ёй і Ядзя Кісьляк устрапянуліся:

Наляцела, наляцела повен двор гусей.

Не ўсе гусі, не ўсе гусі — ёсць і лебедзі,

Не ўсе белы, не ўсе белы — ёсць і шызыі.

Нізка-мала, нізка-мала і Жэнічка,

А хоць мала, а хоць мала — шчаслівая.

Наехала, наехала повен двор гасцей.

Не ўсе госці, не ўсе госці — і сватоўя ёсць…

Пра сватоў гаворка асаблівая. Чуйныя людзі! Запісы іх выступленняў доўга мне давялося разбіраць. Высветлілася, што лявонпальскі сват Барэйка Васіль прадставіў нам такі арыгінальны фальклорны твор, як гутарку “Страшны суд”:

Вот паслухайці, людзі,

Што будзе на Страшным судзе:

Труба крэпка заравець,

Усіх людзей сазавець…

Выснова такая, што тых судзілі і будуць судзіць, хто не ўмее добра жыць… (Цікава, што варыянт гэтай гутаркі я знайшоў у запісах фалькларыстаў у суседняй Латгаліі).

А вось Зенька (Зянон) Каснарэвіч, сват ад жаніха, выступіў з доўгім рэчытатывам:

Пайшла цешча к зяцю ў госці,

Сваю гутарку вядзець:

— Як маёй дачцэ Геленцы

Жыццё замужам ідзець?...

Потым мне падказалі, што гэты твор — распаўсюджаная на Беларусі інтэрпрэтацыя верша Якуба Коласа “Зяць і цешча”. І сваё тлумачэнне выклаў непаседлівы Зенька.

Але вернемся да песні, дзе “повен двор гасцей”. У двары сабраліся вясельнікі з Лявонпаля і Мілашова. Тут і Марцінята Павел Аляксандравіч — дырэктар школы. Віктар і Вадзім Рагоўскія — таксама музыканты. Карацей: усе сва-я-кі на вякі! А сваты для каларытнага здымка лесвіцу прыставілі да даху і — пазіруюць (мудуруюцца-выранджаюцца, па-нашаму). На трэцім здымку сядзяць наперадзе музыканты, а за імі маладыя і іх самая блізкая радня.

Ды й дзе быў салавей, ды й дзе зязюля,

Ды ў адзін садочак яны зляцелі,

Ды й адну думачку яны думалі…

І вось прагучаў рытуальны “Застольны марш”. Сваты заводзяць маладых за стол. За імі павольна пераступаюць госці. І калі пазвінелі кілішкі, жанкі і закусіць добра не паспелі:

А ў гародзе жоўтыі цвецікі зацвелі,

А за столікам любыі госцейкі паселі…

Загуло вяселле, але пявунням не перадыхнуць. Сямідзесяцітрохгадовая Вольга Грэцкая ведае ўсю перадвясельную гісторыю, таму так праўдзіва гучыць яе запеў:

…Перад нашымі маладымі сталы ўгінаюцца,

Сталы ўгінаюцца — мяды разліваюцца.

Нашы кубкі залатыі, поўна віном налітыі.

Жэнічка наша, наша улавіла пташа, пташа, —

З ручкамі і ножкамі, і з чорнымі броўцамі,

І з чорнымі броўцамі, і з вернымі слоўцамі…

Расказвалі пра чалавека, які ішоў з вяселля вельмі маркотным. У яго запыталіся: “А чым вяселле неўнараў?” Адказ быў такі: “Усё па-добраму, толькі прымусу было малавата”. З падслуханай гаворкі на вясельнай гамэрні я запомніў такія воклічы маіх землякоў: “На добры спажыў!”, “Мёдам на душу!”, “Ганіце на здароўе!”, “І каб да донца!”, “Не п’еш — хлебам макай!”…

Калі сусед аднекваўся ад прымусу, бо хацеў выпіць “умерачку”, то на яго, наліваючы чарку, націскалі так: “А ці твая матка поўнай не была?”

— Вясёлашчаў вам усім! — ускаквала з-за стала дзяўчына Юнія Рагоўская — галасістая ўмеліца. Яе хвацкія мелодыі ўліваліся ў хор маладзіц — і засталіся на магнітафоннай стужцы. Лагодзяць сэрцы прыродныя песні Юніі і яе сябровак: “Як хацела мяне маці…”, “Ручнікі”, “Ой, мяцеліца…”, “Я ж цябе падманула”, “Касіў Ясь канюшыну”…

Падвесялеўшы, госці пасля закусі і ў запярэчкі кінуліся. Як жа не зачэпяць вуха такія павучанні:”З сынам сварыся — на печ бярыся, а з зяцем сварыся — за клямку бярыся”, “Не вер каню ў дарозе, а жонцы дома”, “Хто мяняе, па тым хамут гуляе”…

А вясельная гудба гудзіць і гудзіць. Прагучаў падарункавы марш для нявесты. Людзі пасмялелі, а Ядзвіння Кісляк  — першая. Яна й пачала:

А сват свацці ды сплёў лапці

З тоўстых лык.

І сам стаіць надуўшыся,

Як індык.

Я ўжо згадваў свата Барэйку Васіля, які “адкупіўся” гутаркай “Страшны суд”. Зеньку Каснарэвічу было адрасавана такое пасланне:

Ды высок, сваток, высок:

Поўны боцікі трасок.

А бадай, сваток, вышэй:

Поўны боцікі мышэй.

Мной багата запісана аўтэнтычных твораў розных жанраў. А ў вясельных мяне асабліва ўражваюць фрывольныя тэксты:

Я са сватам топала,—

Ў калашыне хлопала…

Ой, сват, ты мой сват,

Не бяры мяне за зад…

І вось першы вясельны дзень прыціхае. Цяпер толькі для Жэні нашы пяюхі выводзяць мелодыю:

А ў цёмным лесе,

А ў цёмным лесе, люлі-рано,

Мядзведзь рыкаіць…

Але ж нашай Жэні не мядзведзя трэба баяцца, а восеньскай ночкі:

Яна ж разлучыць ад таткі, ад мамкі,

Яна прылучыць к свёкру, к свякроўцы…

Нявеста пакідае родную хату. Усё, што бярэ з сабою ў новую гаспадарку, называецца адным словам — пасаг. У песні нашых продкаў пра развітанне распавядаецца так:

Сядзім, мамулька, пувячэраем з табою.

Пувячэраўшы, падзелімся з табою.

Табе, мамулька, хата нова, камора, —

Мне, маладзенькай, скрыня, пярына, карова…

Самы шумлівы марш, які мы пачулі на другі дзень вяселля, называецца так: “Граць у качэргі”. Хто быў завадатарам? Гаспадынькі Вера Ліннік, Соня Барэйка, Насця Шаўчонак.

— А дзе пранік? Дзе чапяла, заслонка, патэльня? — нібы закудахтала Соня, жонка лявонпальскага свата.

— А мой тазік чым не бубен? Гэй, разам! — выгукнула Насця. Але перш чым грымнуць лыжкамі, чарпакамі, качарэжныя музыканты выставілі наперад Марылю Кезік і Вольгу Грэцкую з талеркай капусты:

Проша, госцейкі, проша,

Ды на нашу капусту.

Наша капуста тлуста:

У сямі гатавана…

А потым пачалося! Аж тэртус ідзе — па ўсіх сценах. Стукалі, грукалі, званілі так, што зайздросна стала самім музыкантам. Гэта ж ім у падзяку нашы гаспадынькі “гралі ў качэргі”.

Толькі сціхамірыліся вясельнікі, і аж знямелі ад навіны: нявесту ўкралі! Гэта мілашоўскія мальцы схавалі Жэню недзе ў застаронку і запатрабавалі выкуп. Паспагадалі ёй пяюхі, калі за багаты выкуп вызвалілі нявесту:

Малада Жэнічка, ці не тошненька табе,

Ці не тошненька табе  ў чужой сямеечцы жыць,

У чужой сямеечцы быць — чужой мамачцы служыць?

Вось цяпер трэба было ўсім нам збірацца ў дарогу на Мілашова. У сваёй песні Ядзвіння Кісляк аб гэтым нагадвала:

Паспішайся, Жэнічка, паспішайся, малада:

Там цібе й дажадаюць, касцёлы атмыкаюць,

Касцёлы атмыкаюць, стулою ручкі звяжуць.

Стулою ручкі звяжуць, шчырую праўду скажуць…

Рахманымі сталі ўсе. І ў двары залапатала, закудахтала… Гэта мілашоўскія госці прыгадалі развітальны абавязак: сталі хапаць у дарогу ўсё, што траплялася: курэй, гусей, качанятак… Іх кубельнік (ёсць такая пасада!) падрыхтаваў на возе схоў для рытуальнага дабытку.

І вось мы ў Мілашове. Запомнілася песня, якую спявалі ад імя маладога:

…Ой, чуваць, сваты, чуваць:

Зялезныі колы звіняць,

Шаўковыі пувады шумяць.

Ай вязуць, вязуць багатырачку!

Ай засьцілай, мамка, парогі, парогі,—

Вязуць нявесту з дарогі, з дарогі.

Ай засьцілай, мамка, столікі, столікі,—

Вязуць нявесту здалеку, здалеку.

Але не “паланянкай”, а гаспадынькай прыехала сюды наша Жэня.

Што яшчэ запомнілася з лявонпальска-мілашоўскага вяселля, так гэта жартаўлівы абрад “лаўкі ламаць”. А праходзіў ён так: калі заканчвалася вяселле ў маладога, то госці маладой, перш чым падзякаваць і развітацца, станавіліся нагамі на лаўку і пачыналі гушкацца. Гэтая гульня была нібыта для таго, каб пакалыхаць і “ўзважыць сваццю”, а магчыма для таго, каб запярэчыць на будучыню, што на гэтых лаўках малады ніколі не зможа спраўляць новага вяселля.

Вось так мы аказаліся тады далучынымі да вечнасці. Апошнія два словы я, як той кубельнік, прыхаваў ад журналісткі Марыны Весялуха. “Песні, народжаныя для вечнасці”, — так называлася яе публікацыя пра выдадзены дыск “Пад ясну зарыцу” (песенна-абрадавая традыцыя Мёршчыны па матэрыялах маёй аўдыёкалекцыі 1968 — 1969 гадоў).

Спадзяюся, што будуць выдадзены і вясельныя найгрышы разам з песнямі, урыўкі з якіх прамільгнулі ў гэтым тэксце. З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны!

Сяргей ПАНІЗЬНІК, паэт

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя выданні
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 30.04.2019 19:14:48

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.