::
2015.05.09 — Шчымлівая мелодыя для самотнай скрыпкі / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Шчымлівая мелодыя для самотнай скрыпкі
Спасылка
Дата публікацыі
09.05.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Шчымлівая мелодыя для самотнай скрыпкі

№ 19 (1197) 09.05.2015 - 15.05.2015 г

Міхаіл Рыўкін: забыты дырыжор…Тое, што яўрэйскія дзеці з гета былі пераведзены спярша ў нямецкі, а потым у савецкі дзіцячы дом, падаецца неверагодным. Хутчэй за ўсё гэта здарылася дзякуючы ў тым ліку і Соні (роднай сястры Міхаіла Рыўкіна), якая ўваходзіла ў склад мінскага антыфашысцкага падполля. У хуткім часе Соня была расстраляна карнікамі ў Мінскім гета. Пяцігадовая Ірачка з гета трапіла ў Слуцкі дзіцячы дом, а вось трохгадовы Саша — у Мінскі. Дзеці былі разлучаны і амаль 60 гадоў лічылі адно аднога загінулымі…

(Заканчэнне. Пачатак у № 16.)

Аляксандр і Ірына Рыўкіны сустрэліся толькі ў 1999-м. І выключна дзякуючы неверагодным ды найскладаным пошукам Аляксандра, сына Ірыны Міхайлаўны. У пачатку пошукавай працы ў яго не было практычна ніякай інфармацыі пра дзеда і яго сваякоў, ён не ведаў нават ні яго імя, ні прозвішча, бо гэтага не памятала Ірына Міхайлаўна. Дый што магла памятаць чатырохгадовая дзяўчынка! У яе ўспамінах пра сям’ю бясконца ўсплываў толькі адзіны эпізод: пяшчотныя рукі, якія сціскалі дырыжорскую палачку... І гэта было ўсё, ад чаго змог адштурхнуцца сын Ірыны. Але яго штодзённая і шматгадовая праца ўвянчалася вялікай перамогай. Хай і запознена, але брат і сястра ўсё-такі сустрэліся! Сын дырыжора Аляксандр Міхайлавіч тады ўжо жыў у Брэмене. Але самога Міхаіла Рыўкіна на той час, на жаль, не было сярод жывых, — унуку ўдалося знайсці толькі яго магілу ў Пскове...

Сашу Рыўкіна адшукалі ў 1946-м дзякуючы шчасліваму выпадку: Бяссмертны адбіраў дзяцей для навучання ў музычнай школе і прыехаў з гэтай нагоды ў адзін з дзіцячых дамоў Мінска. На яго пытанне, хто хоча навучыцца граць на скрыпцы, руку падняў толькі адзін хлопчык. Калі Аркадзь Львовіч пачуў ягонае прозвішча, сэрца адразу ж падказала: гэта сын Мішы Рыўкіна! З гэтага дня аж да прыезду бацькі маленькі Саша жыў у сям’і Бяссмертнага. Калі Міхаіл Рыўкін вярнуўся дамоў, то адразу забраў сына да сябе. І гэта была, напэўна, адзіная радасць, якая палегчыла яго пакуты…

А дачка Іра знікла для бацькі назаўсёды. Ён лічыў, што яна ды жонка трагічна загінулі ў Мінскім гета. Аж да самай смерці 13 кастрычніка 1993 года ў Пскове Міхаіл Рыўкін не ведаў, што дачка выжыла. Больш за тое: амаль усё жыццё яна пражыла ў Рэчыцы, дзе Рыўкін выступаў з канцэртамі. А сама Ірына з сынам у 1986-м годзе прыязджала ў Пскоў на экскурсію... У час вайны загінулі жонка Міхаіла Рыўкіна, дзве яго родныя сястры ды іншыя сваякі. Памерлі, не вытрываўшы цяжару і нягод вайны, бацькі. Ён страціў амаль усю сваю вялікую сям’ю…

...На адным з канцэртных выступленняў са сваім дзецішчам — Пскоўскім студэнцкім сімфанічным аркестрам — Міхаіл Рыўкін адмовіўся выйсці на сцэну і дырыжыраваць перад нямецкімі гасцямі, якія прыехалі на канцэрт. Так ён выказаў пратэст і боль у сувязі з трагічнай гібеллю жонкі з дачкой у Мінскім гета ды іншых членаў сваёй сям’і пад час Вялікай Айчыннай вайны…

Чорная метка

…Адразу пасля вяртання на Беларусь Міхаіл Рыўкін быў прызначаны дырыжорам Дзяржаўнага народнага аркестра, які працаваў у філармоніі. Ветэран калектыву, цымбалістка Зоя Насценка згадвае, што на самую першую рэпетыцыю ў 1946-м Міхаіл Іонавіч прыйшоў у “напаўваеннай” вопратцы: белая кашуля, падперазаная салдацкім рэменем, на нагах — кірзавыя боты.

Рыўкін адразу выклікаў прыхільнасць артыстаў аркестра тактоўнасцю і прыроднай інтэлігентнасцю. Яго згадваюць як музыканта з тонкім мастацкім густам і чалавека высокіх маральных прынцыпаў. Разам з галоўным дырыжорам Іосіфам Жыновічам, чыё імя цяпер носіць праслаўлены калектыў, Міхаіл Рыўкін аднаўляў аркестр, паднімаў яго з нуля, бо творчы калектыў пасля вайны меў істотныя чалавечыя страты. Акрамя таго, выканаўчы ўзровень музыкантаў у той час быў не надта высокі, аркестру не хапала адукаваных кадраў. І дырыжор паслядоўна імкнуўся да чысціні строю, зладжанасці гучання ўсіх груп. Па ўспамінах ветэранаў-“жыновічаўцаў”, Рыўкін быў сапраўдным прафесіяналам. Таленавіты музыкант з шырокай эрудыцыяй, ён меў тонкі слых, надзвычайную тэхніку і яркі дырыжорскі тэмперамент. Артыстаў зачароўвалі яго прыгожыя рукі з выразнымі ды дакладнымі жэстамі. Дырыжор правёў з аркестрам сотні канцэртаў і здолеў надаць калектыву належны выканальніцкі ўзровень, хоць у той час аркестр пад яго кіраўніцтвам граў пераважна невялікія творы: “Хор пасялян” з оперы Аляксандра Барадзіна “Князь Ігар”, “Музычны момант” Франца Шуберта, Сімфаньету “Беларускія карцінкі” і вальс “Зялёны дубочак” Мікалая Чуркіна (пералажэнне для цымбальнага аркестра), Фантазію для народнага аркестра Рыгора Пукста.

Аркестр часта акампанаваў вакалістам, з ім спявалі многія вядомыя на той час артысты. Напрыклад, салістка Беларускай філармоніі Алена Байрашэўская выконвала італьянскую песню “Ластаўка” і рускі раманс “Однозвучно гремит колокольчик”. Супрацоўнічалі з калектывам і салісты Опернага тэатра. Міхаіл Дзянісаў спяваў беларускія народныя песні; Ісідар Балоцін — любанаўскую “Дзе ты, чарнавокая?..” і раманс Пукста “Шоўкавыя травы”; Мікалай Ворвулеў — каларытную ўкраінскую песню “Удавіцу я любів”. Зразумела, пералік далёка не поўны. Праз некаторы час аркестр паступова асвоіў больш складаныя творы буйных форм: Канцэрт Мікалая Будашкіна для домры з аркестрам у пералажэнні для цымбалаў (саліст — Мечыслаў Урбановіч) і Канцэрт для двух цымбалаў з аркестрам Дзмітрыя Камінскага (салісты — Аркадзь Астрамецкі і Іосіф Жыновіч).

Разам з сынам Сашам Рыўкін жыў у паўпадвальным пакоі ў Доме кампазітараў на беразе Свіслачы (ён знаходзіўся недалёка ад сучаснага ўваходу на станцыю метро “Няміга”, паблізу ад Свята-Духава кафедральнага сабора). У госці да іх завітвалі сябры Міхаіла Іонавіча — кампазітары Рыгор Пукст, Мікалай Аладаў, Яўген Цікоцкі, Дзмітрый Камінскі, цымбаліст Іосіф Жыновіч, віяланчэліст Якаў Гедыльтэр. “Яны размаўлялі пра музыку, напявалі, гралі — я жыў у атмасферы мелодый, з задавальненнем хадзіў на заняткі ў школу, дырэктарам якой быў Герман, настаўнікам — Бяссмертны, а вучнямі — Міянсараў, Смольскі, Лучанок”, — згадваў Аляксандр Рыўкін.

Магчыма, Міхаіл Рыўкін так бы і пражыў усё астатняе жыццё ў Мінску, але лёс вырашыў інакш. “Справа ўрачоў” выклікала вялікую хвалю дзяржаўнага антысемітызму. Па ўсім Саюзе разгарнулася барацьба з “бязроднымі касмапалітамі”, пачаліся арышты. У 1952-м знаёмыя папярэдзілі Рыўкіна, што рэпрэсіі могуць закрануць і яго. Іосіф Жыновіч па-сяброўску прапанаваў:

— Тэрмінова з’язджай куды-небудзь, перачакай нейкі час! Няхай усё супакоіцца, тады вернешся. Тваё месца будзе цябе чакаць, пакуль я кірую калектывам…

Міхаіл Рыўкін паслухаўся парады і прыняў рашэнне з’ехаць з Мінска. Гэта была другая яго асабістая трагедыя, бо з таго моманту ён канчаткова згубіў для сябе Беларусь, як калісьці, беззваротна, — сям’ю. Вярнуцца сюды ён больш так і не здолеў...

З чыстага аркуша

З 1953 па 1963 гады Міхаіл Рыўкін працаваў дырыжорам сімфанічнага аркестра Томскай абласной філармоніі, выкладаў у музычным вучылішчы горада. “Памятаю Міхаіла Іонавіча за дырыжорскім пультам аркестра філармоніі, — згадвае вядомая мастацтвазнаўца Наталля Вараб’ёва, якая ў той час была студэнткай. — Канцэрты сімфанічнага аркестра карысталіся вялікай папулярнасцю ў Томску, зала была заўсёды поўная. Аркестр у Рыўкіна гучаў зладжана, дакладны рытм быццам умацоўваў музычную форму. Дырыжор асабліва любіў музыку Чайкоўскага і Бетховена, выдатна выконваў сімфанічныя мініяцюры Лядава ды Барадзіна. На апошні паклон мы, студэнты, выклікалі Міхаіла Іонавіча па чатыры-пяць разоў, апладзіравалі азартна, ад душы! Зала нас падтрымлівала, і Рыўкін выходзіў, усміхаўся ды нязменна падымаў аркестр… Ёсць музыканты, якія сыходзяць са свайго канцэрта спустошаныя, “выціснутыя дарэшты”, а Рыўкін завяршаў праграму радасна, фізічная стомленасць, якую, безумоўна, заўсёды зведвае дырыжор, была непрыкметная. Думаю, ён і пасля канцэрта адчуваў творчы ўздым…”.

У 1963-м Міхаіл Рыўкін перабраўся ў Пскоў, пасля таго як тут адкрылася музычнае вучылішча. Пскоў меў патрэбу ў спецыялістах, якія маглі б арганізаваць навучанне і наладзіць музычнае жыццё ў горадзе. Наступныя трыццаць гадоў Міхаіл Іонавіч прысвяціў высакароднай педагагічнай і асветніцкай справе, вынікам якой стала заснаванне сімфанічнага аркестра філармоніі. Калектыў амаль цалкам складаўся з яго вучняў. Менавіта Рыўкін стварыў у Пскове скрыпічную і аркестравую школу, запачаткаваў цудоўныя выкладчыцкія традыцыі, якімі да гэтага часу ганарыцца горад. “Патомны музыкант, ён быў выдатным скрыпачом, дырыжорам з велізарным досведам, — сведчыла ў адным з інтэрв’ю Нінэль Казно, калега Рыўкіна, выкладчыца Пскоўскага музычнага вучылішча. — Свята музыкі — так можна ахарактарызаваць працэс выканання аркестрам твораў пад кіраўніцтвам Рыўкіна. Вялікі рэпертуар — ад Вівальдзі і Баха да Шастаковіча, Пракоф’ева і Свірыдава, актыўная канцэртная практыка — да сарака (!) выступленняў за сезон — ператварылі вучэбны калектыў у філарманічны па сутнасці. Да афіцыйнага адкрыцця абласнога сімфанічнага аркестра Міхаіл Іонавіч не дажыў трох гадоў…”

Напрыканцы жыцця Рыўкіну было нарэшце прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры Расіі”. Але музыкант разумеў, што прызнанне ягоных заслуг прыйшло вельмі запознена, дый увогуле жыццё магло б прайсці ў зусім іншай сістэме каардынат.

Яго сын Аляксандр пасля заканчэння Ленінградскай кансерваторыі стаў вядомым скрыпачом, шмат канцэртаваў, атрымаў званне “Заслужаны артыст Расіі”. З 1999-га разам з сям’ёй да цяперашняга часу жыве ў Брэмене. Ірына Рыўкіна скончыла музычную школу і педагагічны інстытут, амаль усё жыццё працавала настаўніцай малодшых класаў ды танцаў у Рэчыцы. У свае паважныя гады яна — актыўная ды энергічная і дагэтуль працуе ў Мінскім яўрэйскім абшчынным доме. І знешне, і па характары вельмі падобная да бацькі. Ёй не давялося сустрэцца з ім у свядомым узросце, але яна беражліва захоўвае ягоны вобраз у сваёй памяці…

...Шкада, што Беларусь так і не стала жыццёвым творчым прыстанкам для Міхаіла Іонавіча Рыўкіна. Але яго душа і сэрца, бясспрэчна, засталіся тут — на зямлі, дзе ён зведаў самыя натхнёныя творчыя ўзлёты ды самыя горкія і цяжкія асабістыя страты…

P.S. Аўтар выказвае падзяку Аляксандру Рукляцову, унуку дырыжора, за дапамогу ў час падрыхтоўкі дадзенай публікацыі.

Аўтар: Вольга БРЫЛОНмузыказнаўца

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.08.2019 03:47:25

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.