::
2015.12.19 — Жарсць з першых узмахаў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Жарсць з першых узмахаў
Спасылка
Дата публікацыі
19.12.2015
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Жарсць з першых узмахаў

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

“Беларускія малюнкі” Канстанціна СімяонаваДа 85-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча “К” працягвае серыю публікацый музыказнаўцы пра дырыжораў, якія ў розныя гады працавалі ў гэтым слынным аркестры. Сённяшні аповед прысвечаны выдатнаму дырыжору другой паловы XX стагоддзя Канстанціну Сімяонаву, народнаму артысту Украіны і СССР, які працаваў у аркестры з 1938 па 1941 гады.

Канстанцін Сімяонаў быў адной з найбольш значных постацей у сузор’і дырыжораў ХХ стагоддзя. Выдатны інтэрпрэтатар рускай і замежнай класікі, ён валодаў асаблівым магнетызмам, той самай дырыжорскай воляй, якая дазваляла яму захоўваць безумоўнае лідарства як у асяроддзі музыкантаў-прафесіяналаў, так і ў шматтысячнай аўдыторыі яго слухачоў. Перыяд, звязаны з працай Канстанціна Сімяонава ў Мінску, быў усяго толькі невялікім эпізодам яго доўгага і зорнага шляху ў музычным мастацтве. І, тым не менш, менавіта сталіца Беларусі была тым горадам, дзе пачыналася самастойнае творчае жыццё вялікага дырыжора.

Канстанцін Арсеньевіч Сімяонаў нарадзіўся 20 чэрвеня 1910 года ў вёсцы Казнакова Цвярской губерні на беразе Волгі і быў дзясятым дзіцем у сям’і селяніна Арсенія Сямёнавіча Сямёнава. Пры хрэсьбінах праваслаўны святар запісаў прозвішча Канстанціна Сімяонаў.

У васьмігадовым узросце хлопчык быў адпраўлены на вучобу ў Петраградскую народную харавую акадэмію (былая Прыдворная пеўчая капэла, цяпер — Дзяржаўная акадэмічная капэла Санкт-Пецярбурга імя Міхаіла Глінкі). На працягу 10 гадоў (1918 — 1928) Сімяонаў вывучаў тэорыю і гісторыю музыкі і харавога выканальніцтва, займаўся кампазіцыяй, засвоіў фартэпіяна, габой, скрыпку, атрымаўшы спецыяльнасць хормайстра. Дзякуючы сваім выдатным музычным здольнасцям, Канстанцін аказаўся адзіным выпускніком Капэлы, якога пасля яе заканчэння пакінулі працаваць там у якасці памочніка галоўнага дырыжора (з 1928 па 1931 гады). У 1931-м ён паступіў у Ленінградскую кансерваторыю, якую скончыў праз пяць гадоў. Яго педагогі — выдатныя дырыжоры Сяргей Ельцын, Аляксандр Гаук і Ілья Мусін.

Пасля заканчэння кансерваторыі Сімяонаў нядоўгі час (1936 — 1937) працаваў дырыжорам Карэльскага сімфанічнага аркестра ў Петразаводску, куды атрымаў размеркаванне. Але неўзабаве настаўнік Ілья Мусін прапанаваў яму прыехаць у Мінск: на той час колішні педагог узначальваў сімфанічны аркестр Белдзяржфілармоніі, якая адкрылася ў 1937 годзе. У яе склад уваходзілі два аркестры — цымбальны і сімфанічны. Сімяонаў прыняў прапанову, і ў студзені 1938 года разам з сям’ёй пераехаў у сталіцу Беларусі. Тут ён стаў працаваць адразу ў двух калектывах: другім дырыжорам сімфанічнага аркестра і адначасова галоўным дырыжорам рэарганізаванага і пашыранага аркестра беларускіх народных інструментаў. Такім чынам, Канстанцін Сімяонаў быў першым галоўным дырыжорам ператворанага з ансамбля, а таму новага па складзе і па гучанні аркестра, які праходзіў стадыю станаўлення і меў патрэбу ў магутным творчым лідары. Малады дырыжор Канстанцін Сімяонаў стаў менавіта такім кіраўніком. За тры перадваенныя гады ён згуртаваў аркестр і вывеў яго на новы этап развіцця. Напэўна, было б вялікай нацяжкай разважаць аб высокім выканальніцкім узроўні аркестра беларускіх народных інструментаў у даваенныя гады. Усё ж у тыя часы аркестр яшчэ не атрымаў адпаведных прафесійных кадраў, якія пазней сталі рыхтаваць кансерваторыя і музычныя вучылішчы рэспублікі. Але не ў лепшым стане былі справы і ў сімфанічным аркестры, пра што ўзгадваў у сваёй кнізе “Урокі жыцця” Ілья Мусін, характарызуючы стан аркестра як “расхлябаны”. Мусін і Сімяонаў — кожны ў давераным яму аркестры — вымушаны былі змагацца за кожную правільную ноту, за любы дакладны выканаўчы нюанс. І ўсё ж руплівая праца не прайшла дарэмна. Кульмінацыяй даваеннага перыяду ў дзейнасці абодвух аркестраў стаў іх удзел у I Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 годзе.

На вялікі жаль, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі не захаваліся даваенныя архівы, якія былі знішчаны падчас бамбёжак Мінска. Многія факты, якія маглі б праліць святло на падрабязнасці ўдзелу беларускіх калектываў у I Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, сёння немагчыма пацвердзіць напэўна. Дакладна вядома, што, прынамсі, аркестр беларускіх народных інструментаў выконваў на канцэртах Дэкады Сімфаніету Мікалая Чуркіна “Беларускія малюнкі”, аркестроўку якой зрабіў Канстанцін Сімяонаў. Да слова, гэты твор на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў быў адным з найбольш вядомых і запатрабаваных у рэпертуары аркестра, стаў ледзь не яго візітоўкай. У маэстра Сімяонава аказалася лёгкая, а галоўнае — прафесійная рука, калі за столькі гадоў старая аркестроўка не страціла сваёй свежасці і прывабнасці для сучаснага слухача!

У сярэдзіне 1960-х неверагодныя жыццёвыя скрыжаванні сутыкнулі ў Ленінградзе дырыжора-пачаткоўца Міхаіла Казінца і мэтра Канстанціна Сімяонава, які ўзначальваў журы нейкага акадэмічнага конкурсу. Як распавёў Міхаіл Антонавіч, ён набраўся храбрасці і падыйшоў да Сімяонава, каб нагадаць яму пра Беларусь і пра аркестр, у якім калісьці пачыналася творчае жыццё Канстанціна Арсеньевіча. Той вельмі ажывіўся і адразу ж сказаў: “Мы ж ездзілі з гэтым аркестрам на Дэкаду!”

22 чэрвеня 1941 года напаткала Канстанціна Сімяонава ў Мінску. Адразу ж была абвешчана мабілізацыя, але музыканты філармоніі атрымалі бронь. Дырыжор праводзіў напружаныя рэпетыцыі, рыхтуючы канцэртныя брыгады для прызыўных пунктаў. Спрабуючы эвакуіраваць дваіх дзяцей, у мітусні ён адстаў ад машыны, якая іх падвозіла, і згубіў на доўгія пяць гадоў (толькі пасля вайны музыкант даведаецца, што дзеці цудам выжылі і з’ядналіся з маці ў Маскве). У той жа дзень ён пайшоў на фронт, не маючы ніякіх навыкаў ваеннай падрыхтоўкі. “Шкада, што ні ў якой тэхніцы я нічога не разумею і застаюся прафанам — нават у вінтоўцы, якую мне давялося некалькі дзён насіць на плячы (да майго сораму, у акопе мой сусед з кадравых зарадзіў яе), — пісаў ён жонцы ў Маскву ў ліпені 1941-га. — Але я не адчайваюся, думаю, што з мяне ў такіх абставінах “росо а росо” выйдзе баявы чалавек. З “лабуха” павінен атрымацца баец”.

Неўзабаве Канстанцін Сімяонаў атрымаў кантузію, трапіў у акружэнне і палон. Але сіла яго духа аказалася мацнейшай за любую, нават самую моцную зброю, якой яму так і не давялося авалодаць. Бо менавіта яго непераможны дух стаў самай магутнай зброяй, што абараняла яго на працягу доўгіх чатырох гадоў, якія ён правёў у нацысцкім канцлагеры для ваеннапалонных “Ламсдорф-318-Ф”. Яго не зламалі ні катаванні, ні голад, ні катаржная праца ў каменаломнях, куды яго кінулі пасля няўдалых уцёкаў з лагера, ні нават сыпны тыф, якім ён хварэў двойчы. Вясной 1945 года, калі лагер быў вызвалены савецкімі войскамі, Сімяонава выпадкова выцягнулі з груды трупаў — нехта заўважыў, што ён дыхаў…

Прайшоўшы праз нечалавечыя выпрабаванні, у канцы 1945 года пасля дэмабілізацыі Сімяонаў вярнуўся ў Мінск. Але тут у працы яму было адмоўлена, бо ён меў кляймо ваеннапалоннага. Па некаторых сведчаннях, на працягу двух тыдняў — з канца студзеня па сярэдзіну лютага 1946-га — ён быў аформлены на працу ў Белдзяржфілармонію. Але праверыць дакладнасць гэтай інфармацыі мне пакуль што не ўдалося. Факт застаецца фактам: пасля вайны Сімяонаў канчаткова паехаў з Беларусі.

У красавіку 1946 года ён адшукаў сваю сям’ю, якая пасля эвакуацыі аказалася ў Кіеве. Далейшыя гады жыцця і творчасці, якія прывялі да найярчэйшага ўсплёску яго дырыжорскай кар’еры, звязаны са сталіцай Украіны. Канстанцін Сімяонаў становіцца дырыжорам Кіеўскага тэатра оперы і балета і ўжо ў 1946 годзе на Усесаюзным аглядзе маладых дырыжораў у Ленінградзе заваёўвае першую прэмію, якую яму ўручыў Дзмітрый Шастаковіч. Яшчэ тады выдатны дырыжор Аляксандр Гаук пісаў: “Сімяонаў заваяваў сімпатыі слухачоў сціплай манерай трымацца, далёкай ад усялякай позы ці рысоўкі, якімі нярэдка грашаць дырыжоры. Жарснасць і рамантычная насычанасць выканання маладога музыканта, шырокі размах эмоцый, якія ён перадае, валявы імпульс з першых жа ўзмахаў дырыжорскай палачкі вядуць за сабой і аркестр, і слухачоў. Сімяонава як дырыжора і інтэрпрэтатара вызначаюць сапраўднае адчуванне музыкі, разуменне музычнай задумы кампазітара. Гэта шчасліва спалучаецца з уменнем данесці самую форму музычнага твора, па-новаму “прачытаць” яго”.

На пасадзе галоўнага дырыжора Тэатра оперы і балета імя Тараса Шаўчэнкі ў Кіеве (1961 — 1966) Канстанцін Сімяонаў ажыццявіў выдатныя оперныя пастаноўкі, сярод якіх вылучаюцца “Мазепа” Чайкоўскага, “Хаваншчына” Мусаргскага і “Кацярына Ізмайлава” Шастаковіча. Музыка апошняй запісана аркестрам пад кіраўніцтвам Сімяонава і ў аднайменным кінафільме. "Кацярына Ізмайлава” прагучала ў музычным свеце ярчэй, чым усе оперы таго часу ў Кіраўскім і Вялікім тэатрах”, — узгадваў Валерый Гергіеў. Дзмітрый Шастаковіч прыязджаў на рэпетыцыі на ўсіх этапах падрыхтоўкі спектакля. “З першага ж праслухоўвання стала зразумела, што галоўнай постаццю ў пастаноўцы быў дырыжор, а галоўнай дзеючай асобай — аркестр, — узгадвала жонка кампазітара Ірына Шастаковіч. — Ад дырыжора ішоў асноўны тонус спектакля, падпарадкаванага рашэнню перш за ўсё музычных задач”.

У 1964 — 1965 гадах адбыліся гастролі Сімяонава з Вялікім тэатрам СССР у Міланскім тэатры “Ла Скала”. Была паказана “Пікавая дама” Чайкоўскага. Поспех быў такі ашаламляльны, што прэса ахрысціла Сімяонава “рускім Караянам”. Замежныя выступленні дырыжора з поспехам адбываліся ў Югаславіі, Балгарыі, Грэцыі ды іншых краінах.

З 1967 па 1977 гады Канстанцін Сімяонаў быў галоўным дырыжорам Ленінградскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Сяргея Кірава, вёў педагагічную дзейнасць у Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Мікалая Рымскага-Корсакава.

Памёр Канстанцін Арсеньевіч Сімяонаў 3 студзеня 1987 года ў Ленінградзе.

Яго жыццё магло б склацца інакш. Хаця, напэўна, вялікаму таленту Сімяонава з цягам часу стала б цесна ў ціхім правінцыйным пасляваенным Мінску. Але ён далёка не першы (і, заўважу, не апошні!) вялікі музыкант, каго Мінск не здолеў ахінуць сваім цяплом. На жаль…

Аўтар: Вольга БРЫЛОНмузыказнаўца

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.08.2019 03:47:15

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.