::
2016.02.06 — Рыцар Жыновіч Іосіф-чарадзей беларускіх цымбалаў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Рыцар Жыновіч Іосіф-чарадзей беларускіх цымбалаў
Спасылка
Дата публікацыі
06.02.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Рыцар Жыновіч

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Іосіф-чарадзей беларускіх цымбалаў85-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча “Культура” прысвячае серыю публікацый пра дырыжораў, якія ў розныя часы працавалі з гэтым аркестрам і пакінулі значны след у яго гісторыі. Наш сённяшні аповед — пра музыканта, які вывеў аркестр на сусветную арбіту і заснаваў школу цымбальнага выканальніцтва на Беларусі. Яго імя вось ужо больш як 40 гадоў з гонарам носіць славуты калектыў.

Іосіф Жыновіч быў паэтам і сапраўдным рыцарам цымбалаў. Пад рукамі выдатнага музыканта яны гучалі з асаблівай цеплынёй і шчырасцю пачуцця, быццам адчувалі ў Жыновічы свайго непадзельнага гаспадара. Жыновіч быў закаханы ў цымбалы, і адданасць свайму ўлюбёнаму інструменту пранёс праз усё жыццё. З яго лёгкай — а можа, і чароўнай! — рукі цымбалы сталі музычным сімвалам Беларусі, яе нацыянальнай святыняй. Шмат намаганняў давялося прыкласці Іосіфу Жыновічу і яго папярэднікам, каб ператварыць сціплыя немудрагелістыя вясковыя цымбалы ў інструмент канцэртны, тэхнічна дасканалы, якому сталі падуладныя самыя складаныя творы музычнага мастацтва. Сёння цымбалы менавіта такія, а небывалы ўзлёт і росквіт інструмента — гэта шмат у чым і гісторыя яскравага жыцця Іосіфа Жыновіча. Як толькі не называлі яго: і “ўладаром”, і “славай” беларускіх цымбалаў, і іх “чарадзеем”, казалі, што ён “зачараваны цымбаламі” беларускі “самацвет”… Усе гэта слушна, і цяжка не захапіцца такімі цудоўнымі вобразнымі параўнаннямі. Але яны — усяго толькі словы, хоць і вельмі прыгожыя, нават вытанчаныя. А ён жа быў жывым чалавекам, і фартуна далёка не заўсёды была яго спадарожніцай, а часцяком адварочвалася зусім! У гэтым сэнсе ў дачыненні да Іосіфа Жыновіча вельмі дарэчы іншыя словы, якія належаць Канстанціну Бацюшкаву і якія можна лічыць своеасаблівым эпіграфам да гэтых нататак: “Музы любят провожать любимцев своих по тернистой тропе несчастья в храм славы и успехов…”

Сёння бясконца далёкім паўстае той дзень, калі 15-гадовы вясковы музыка-самавук Іосіф Жыновіч апынуўся ў Мінску разам са сваімі цымбаламі. Яны дасталіся яму ад бацькі, а таму — ад ягонага таты. У родзе Жыновічаў усе былі патомнымі цымбалістамі, і мастацтва ігры на вясковых цымбалах перадавалася з пакалення ў пакаленне. І вось юны Іосіф Жыновіч трапіў у Мінск, каб праслухацца ў Беларускім драматычным тэатры — БДТ-1 (сённяшні тэатр імя Янкі Купалы). Адным з зімовых дзён 1922 года юны Іосіф упершыню граў на яго сцэне. У той дзень у тэатры рэпеціравалі пачаткоўцы — Уладзімір Крыловіч, Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая, Ірына Ждановіч, рэжысёр і педагог Еўсцігней Міровіч і многія іншыя маладыя акцёры. Усе яны і сталі першымі слухачамі Іосіфа Жыновіча ў Мінску.

“Скончылі мы ў гэты дзень рэпетыцыю, хацелі ісці дамоў. Раптам са сцэны пачулі цымбалы. Мы спыніліся паслухаць, — згадваў пазней народны артыст Савецкага Саюза Барыс Платонаў. — Граў Іосіф свабодна, давяраючы свайму натхненню і востраму музычнаму пачуццю. Граў жыва, дакладна, ледзь схіліўшы галаву да струнаў, як быццам прыслухоўваўся да чагосьці ўнутры інструмента. То маркотныя, то парывістыя гукі свабодна ліліся і ліліся так моцна і выразна, што не гукі было чуваць, а сама па сабе лілася цудоўная плынь незнаёмай да гэтай хвіліны паэзіі. Моцны, выразны ўдар, асаблівая звонкасць цымбалаў, свабодныя рухі нараджалі гэту натхнёную паэзію. Скарыў ён нас тады ўсіх прастатой, непасрэднасцю. Хлопца ўзялі ў тэатр, паколькі ўпэўніліся, што ў яго вялікі талент”.

Артыстка Ірына Ждановіч у сваіх успамінах была больш лаканічная. “Хлопчык прыйшоў у лапцях, яго паслухалі і прынялі”, — распавядала яна, дадаючы эпізоду з праслухоўваннем незабыўны “этнаграфічны” каларыт.

Праз год — у жніўні 1923 года — 16-гадовы хлопец з вёскі пад Мінскам ужо выступаў у павільёне Беларускай ССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў савецкай сталіцы, куды выехаў у складзе трупы БДТ-1. Там жа, у Маскве, адбылася яшчэ адна значная падзея з удзелам юнага Іосіфа: яму давялося выступаць у памяшканні Дзяржаўнага інстытута музычных навук (руская абрэвіятура ГИМН) перад этнаграфічнай камісіяй, у складзе якой былі выдатныя дзеячы рускай культуры. Яго ігра зрабіла моцнае ўражанне на ўсіх членаў этнаграфічнай камісіі. Яе старшыня, выдатны кампазітар і дырыжор Міхаіл Іпалітаў-Іванаў, у зачараванні ад ігры Жыновіча ўсклікнуў: “Самародак, самацвет! Вучыцца і вучыцца!” Яшчэ адзін член камісіі — Сяргей Львовіч Талстой, сын знакамітага пісьменніка — нават папрасіўся сесці за цымбалы і паспрабаваў сыграць — безумоўна, з дапамогай юнага Жыновіча. Словам, маскоўскі дэбют Іосіфа Жыновіча як выканаўцы на цымбалах меў вялікі поспех, можна сказаць, стаў нават сенсацыйным. Буйныя рускія этнографы дзякуючы яму адкрылі для сябе дзівосны беларускі народны інструмент.

Яшчэ адзін малавядомы, але гістарычны ў поўным сэнсе гэтага слова факт біяграфіі юнага Жыновіча — яго ўдзел у здымках першага беларускага ігравога фільма “Лясная быль”, які рэжысёр Юрый Тарыч здымаў у 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота “Свінапас”. Жыновіч удзельнічаў у сцэне вясковай вечарынкі — граў на цымбалах зухаватыя беларускія народныя мелодыі, пад якія вытанцоўвала сялянская моладзь. “Песенкі граеш… Пся крэв!..” — крычыць на яго польскі вахмістр, хапае цымбалы, замахваецца імі на спалоханага музыканта і разбівае ўшчэнт аб высокае палена, на якім яны былі пастаўлены… Унікальныя кадры з удзелам Юзіка Жыновіча (а менавіта так усе звалі яго ў тую пару), апранутага па тагачаснай модзе ў падпаясаную скураным рамнём зашпіленую рубаху на какетцы, пакінулі нам жывое аблічча музыканта — прыгожага юнака з упартым падбародкам і густымі непаслухмянымі віхрамі…

Неузабаве Іосіф Жыновіч пазнаёміўся са Станіславам Навіцкім — яшчэ адным таленавітым самавукам, які стаў другім цымбалістам БДТ-1. Юнакі пачалі граць у дуэце, і ў гэтай якасці вельмі часта выступалі па беларускім радыё, якое таксама рабіла тады свае першыя крокі. “Студыя беларускага радыё пачала працаваць у 1925 годзе на другім паверсе дома па Савецкай вуліцы ў двух невялічкіх пакоях, — згадваў Жыновіч. — Дэтэктарныя прыёмнікі тады мелі лічаныя людзі, а рэпрадуктараў было зусім мала. І часам мы са Станіславам Навіцкім, выступаючы па радыё, спрабавалі дапамагчы людзям слухаць нашу музыку. Памятаю, быў жнівень, гарачае лета. Мы працавалі з Навіцкім перад мікрафонам, гралі беларускія народныя песні і танцы. Цымбалы тады яшчэ не былі рэканструяваны. Гэта былі звычайныя нашы народныя цымбалы — два альты. Мы дамовіліся, у якім творы хто грае сола, а хто акампануе. Гралі з захапленнем, на хаду імправізуючы. Было вельмі душна. Мы адчынілі акно і паставілі на падаконнік рэпрадуктар, а потым зноў селі перад мікрафонам. Гукі музыкі далёка разнесліся па Савецкай вуліцы, і пад вокнамі сабраўся натоўп слухачоў, здзіўленых такой гучнай музыкай. А мы былі так рады, што нашу ігру слухае цэлая вуліца! Цяпер смешна пра гэта ўспамінаць…”

Амаль да 20 гадоў Іосіф Жыновіч не ведаў нотнай граматы, граў выключна па слыху. Але ён вельмі добра разумеў, наколькі не хапае яму адукацыі — і агульнай, і музычнай. Жыццё ў сталіцы падштурхоўвала да вучобы. І ў другой палове 1920-х ён пачаў, можна сказаць, літаральна глытаць веды: у 1926-м паступае адначасова ва ўніверсітэт і ў музычную школу, яшчэ праз два гады становіцца вучнем музычнага тэхнікума. Па некаторых сведчаннях, займаючыся ў тэхнікуме на кампазітарска-тэарэтычным аддзяленні, Жыновіч удасканальваў ігру на цымбалах у педагога-ўдарніка, ксілафаніста Маркоўскага, бо клас цымбалаў у тэхнікуме тады яшчэ адсутнічаў як навучальная дысцыпліна. З гэтай прычыны ў 1932-м годзе Жыновіч паступіў на кампазітарскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў клас прафесара Васіля Залатарова. Сказаць, што Жыновіч быў старанным студэнтам — значыць, не сказаць нічога. Ён вучыўся апантана, нават фанатычна.

— Ён надта ўседлівы быў за інструментам. Я яго не памятаю без інструмента, — распавядаў пісьменнік Уладзімір Юрэвіч, які з пачатку 1930-х гадоў працаваў дыктарам на беларускім радыё. — Але потым ён захацеў дасягнуць нейкіх вышынь у піяністычным майстэрстве, авалодаць фартэпіяна сур’ёзна. А мы жылі на адным завулку — ён у суседнім доме. І вось улетку, у такую пару, калі ноччу людзі спалі з расчыненымі вокнамі, ён у тры гадзіны пачынаў ужо рыхтавацца, прайграваць свой увесь матэрыял. І гэта фартэпіяна ўсіх паднімала ў 3 гадзіны! Хацелі ўжо ісці ў гарвыканкам, каб паскардзіцца на такога парушальніка парадку. Але заслухоўваліся ўсе яго музыкай. Ён быў вельмі музычны чалавек! Мне здаецца, што ён мог на ўсіх інструментах граць. А цымбалы… З імі ён нарадзіўся як музыкант, з імі адышоў на той свет…

У 1930-м годзе ў Мінску быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны ансамбль народных інструментаў. Менавіта гэты калектыў стаў правобразам і асновай сучаснага аркестра імя Іосіфа Жыновіча. Кіраваў ансамблем Дзмітрый Захар — выдатны музыкант (пра яго — у “К” № 50 за 2015 г.), які разам з майстрам-самавукам Канстанцінам Сушкевічам актыўна займаўся рэканструкцыяй цымбалаў. У ансамблі народных інструментаў Жыновіч выконваў абавязкі канцэртмайстра, другой па значнасці пасады пасля кіраўніка. Ансамбль шмат гастраляваў па гарадах Саюза, і разам з калектывам сталеў як выканаўца і Іосіф Жыновіч. Здавалася б, усё ў яго складвалася найлепшым чынам. Але ў той жа час канец 1920-х і амаль усе 1930-я былі самым драматычным перыядам жыцця Іосіфа Жыновіча. Тады яму асабіста і ўсёй яго немалой сям’і давялося напоўніцу зведаць гора…

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца

(Заканчэнне — у наступных нумарах.)

Аўтар: Вольга БРЫЛОНмузыказнаўца

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 16.11.2019 15:29:35

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.