:: calculation
2014
Загаловак text
На Каляды ў Пагосце
Спасылка embed
Дата публікацыі date
13.01.2014
Катэгорыя category
рэпартажы
Поўны тэкст text

На Каляды ў Пагосце

Вёска Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці здаўна славіцца абрадамі і звычаямі народнага календара, якія тут спрадвеку захоўваюцца ў жывой форме. Мясцовы абрад “Карагод” на свята Юр’я першым у нашай краіне ўзяты пад ахову дзяржавы і мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Але і калядныя звычаі тут таксама адметныя, цікавыя. 7 студзеня гурт “Міжрэчча”, створаны ў 1980 годзе Кацярынай Панчэня з найлепшых спявачак вёскі, абыходзіць хаты вяскоўцаў са спецыяльна прымеркаванымі да свята песнямі-калядкамі. “Паехала каляда з канца ў канец, заехала каляда да Іваначка!” — абвяшчаюць калядоўшчыкі на ўсё наваколле і крочаць ад хаты да хаты з каляднай зоркай і званочкам. Пад гармонік з песнямі і прыпеўкамі ісці весялей, а яшчэ дзе-небудзь можна полечку ці іншыя танцы паскакаць. Мікола Леўкавец іграе заўзята, ды яшчэ і спявае разам з жанчынамі. Прымаюць гурт і дачнікі, якія купілі тут хаты і прыязджаюць адпачыць у выхадныя і святочныя дні. Шчыра і ўзнёсла гучаць словы псалмоў-калядак, якія абвяшчаюць пра Хрыстова нараджэнне: “Радуйся, зямля, сын Божы нарадзіўся!.. Усе людзі лікуйце, Ражаство святкуйце, на Новы год усе празнікуйце!.. Пад Туравам дай пад гарадочкам…” У рэпертуары гурта 8 калядных песень — гаспадару, яго нежанатым сыну і дачцэ, з пажаданнем іх у новым годзе ажаніць, ладу ў сям’і і дабрабыту.

Сёлета ў хаце Кацярыны Панчэня было шмат гасцей са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Мінска. Першая вёска, якую яны наведалі на Каляды, гэта Пагост. Экскурсія ў Тураў і ў гэтую вёску, знаёмства з гісторыяй Тураўшчыны запомніцца маладым людзям надоўга. Яны гасцявалі ў пагостаўскіх спявачак, фатаграфавалі іх тканыя, вышываныя і вязаныя вырабы, інтэр’еры хат, каб мець уяўленне пра традыцыйную культуру вёскі, слухалі паставыя і калядныя песні, удзельнічалі ў традыцыйнай сямейнай вячэры-куцці. Але самае цікавае — абрад калядавання 7 студзеня. У гэтыя дні ў Пагост завітала шмат фотакарэспандэнтаў з Беларусi і нават адзін з Нарвегіі. А яшчэ перад пачаткам абраду прыехалі выкладчыцы і студэнткі з Лінгвістычнага ўніверсітэта, сярод якіх дзве студэнткі з Амерыкі. Іх выкладчыца вырашыла пазнаёміць з жывым абрадам калядавання на Палессі. Пагост — адна са шматлікіх беларускіх вёсак, якая страчвае пераемнасць традыцый праз тое, што моладзь пераехала ў гарады, бо на сяло прыйшла магутная тэхніка, няма патрэбы ў вялікай колькасці працоўных рук. Але гурт “Міжрэчча” ўпарта захоўвае спадчыну продкаў. У ноч з 13 на 14 студзеня пагостаўскія спявачкі зноў ідуць па вёсцы з песнямі і віншаваннямі, а на дзяцей надзяваюць маскі Казы, Бусла, Мядзведзя, радасную вестку прыносіць Сарока, цыганкі варожаць. Гэты традыцыйны палескі карнавал — вясёлая забава для дзяцей і дарослых. На развітанне ў кожнай хаце спявачкі ўручаюць гаспадарам тры каласочкі на добры ўраджай і дабрабыт. Усе абрады ў Пагосце звязаныя з хлебам, бо спрадвеку на гэтай зямлі жывуць працалюбівыя людзі, працуюць на зямлі. Каб зямля гэтая добра радзіла і радавала ўраджаямі на шчасце і радасць людзям, гучаць, як замова, калядныя песні па берагах Прыпяці і Сцвігі.

 

Рэгіна Гамзовіч, фота – Аляксей Сталяроў

 

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 26.10.2018 07:19:13

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца на форуме можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі на форуме.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца на вонкавым сэрвісе Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.