::
2015.12.12 — Збіральнік талентаў / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Збіральнік талентаў
Спасылка
Дата публікацыі
12.12.2015
Катэгорыя
навіны
Поўны тэкст

Збіральнік талентаў

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Першы дырыжор нацыянальнага аркестраАдна з галоўных культурных падзей снежня — 85-гадовы юбілей старэйшага аркестравага калектыву нашай краіны — Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Да святочнай падзеі “Культура” зробіць серыю публікацый пра дырыжораў, якія ў розныя гады працавалі ў гэтым слынным калектыве. Першая прысвечана заснавальніку аркестра — легендарнаму музыканту-віртуозу і таленавітаму арганізатару Дзмітрыю Захару. Інструменталіст, рэжысёр, акцёр, кампазітар, ён быў стваральнікам, мастацкім кіраўніком і дырыжорам Беларускага дзяржаўнага ансамбля народных інструментаў, які стаў правобразам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра. У 1920 — 1940-я гады Захар таксама выступаў у канцэртах, граў на балалайцы, цымбалах, домры, гітары, дудцы, кларнеце. Валодаў выразным барытонам, выступаў як спявак і нават танцор. З цягам часу стаў вядомы як бліскучы акцёр-комік БДТ-1. Ён быў надзелены невычэрпнай творчай энергіяй і адыграў вызначальную ролю ў гісторыі стварэння і сталення калектыву, які стаў фундаментам цяперашняга аркестра.

Пачатак

Дзмітрый Андрэевіч Захар нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка, быў малодшым з дзесяці дзяцей. Ужо ў сямігадовым узросце ён выступаў як балалаечнік і за кароткі час засвоіў гітару, акарыну, кларнет і малы барабан.

У 1921 годзе ў Мінску працавала аматарская акцёрская трупа, арганізатарам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам якой быў Дзмітрый Захар. Ставілі ўкраінскія творы, наш герой прыцягваў у спектаклі таленавітую моладзь. Менавіта ў спектаклях трупы з яго добраславення пачыналі творчую дзейнасць выдатныя беларускія акцёры Генрых Грыгоніс, Уладзімір Крыловіч, спявачка Ларыса Александроўская. Праз некаторы час трупа ўвайшла ў лік самадзейных калектываў Галоўпалітасветы пры Ваенным камісарыяце Заходняга фронту.

Першы ў рэспубліцы віртуоз-балалаечнік, Дзмітрый Захар быў музыкантам-самародкам. У яго рэпертуар уваходзілі апрацоўкі рускіх народных песень, п’есы Васіля Андрэева, пералажэнні класікі. Натхнёна гучалі ў яго выкананні Мазурка Веняўскага, 2-я Венгерская рапсодыя Ліста. Артыст выступаў у перадачах радыёстанцыі імя Саўнаркама Беларусі. У 1930-я ў Маскве было запісана на пласцінку некалькі твораў у яго выкананні.

У сярэдзіне 1920-х Дзмітрый Захар арганізаваў вялікі аркестр рускіх народных інструментаў пры мінскай мытні, куды ўваходзіла каля 50 музыкантаў-аматараў. Аркестр меў такую папулярнасць, што падчас рэпетыцый пад вокнамі будынка, дзе яны адбываліся, збіраліся натоўпы слухачоў. Захар заўсёды адчыняў фортку, і гукі музыкі разносіліся па вуліцы.

Дзмітрый Захар кіраваў таксама яшчэ двума аматарскімі аркестрамі. Яму даводзілася займацца з музыкантамі, якія не ведалі нот: нехта развучваў партыі “з вуха”, нехта граў па лічбавай сістэме, некаторыя з дапамогай Захара засвойвалі ноты. Энтузіязм аркестрантаў і кіраўніка садзейнічаў, здавалася б, неверагоднаму: зладжана і натхнёна гучалі творы кампазітараў-класікаў, апрацоўкі народных песень і танцаў.

Спецыяльнай адукацыі ў Дзмітрыя Захара не было, але ён браў урокі па тэорыі музыкі, гармоніі і кампазацыі ў Мікалая Аладава. Вынікам гэтых заняткаў сталі п’есы для балалайкі, гітары і іншых інструментаў. Захар ствараў таксама мноства апрацовак беларускіх народных песень і танцаў, пералажыў творы музычнай класікі на розныя інструментальныя склады.

Цымбалы, жалейкі і дудкі

У 1927-м у Мінску гастралявала 1-я Украінская капэла кабзароў. Наведаўшы яе канцэрты, Дзмітрый Андрэевіч загарэўся ідэяй стварэння падобнага аркестра на аснове беларускіх народных інструментаў. Яго энергія, творчы запал, вопыт кіраўніка, выдатныя арганізатарскія здольнасці і музычны талент садзейнічалі таму, каб менш чым праз год мары ператварыліся ў рэальнасць.

Перш за ўсё Захар адшукаў аднадумцу — майстра музычных інструментаў Канстанціна Сушкевіча. Яны распачалі працу па рэканструкцыі цымбал, якія павінны былі стаць асновай будучага аркестра. Па чарцяжах Дзмітрыя Андрэевіча майстар Сушкевіч зрабіў цымбалы-прыму, цымбалы-альт, цымбалы-тэнар, цымбалы-бас і нават цымбалы-пікала. Захар і Сушкевіч істотна пашырылі гукарад цымбал. Дзмітрый Андрэевіч храматызаваў ліру, зрабіў для аркестра дудкі, адначасова шукаючы сярод удзельнікаў музычнай самадзейнасці выканаўцаў на беларускіх народных інструментах, і ствараў уласныя апрацоўкі “Лявоніхі”, “Крыжачка”, “Бульбы”, “Перапёлкі”, “Ой, ляцелі гусі”...

У лістападзе 1928 года аркестр народных інструментаў выступіў упершыню. Два гады ён праіснаваў як самадзейны, але за гэты час набыў вядомасць і стаў прыкметнай з’явай у музычным жыцці беларускай сталіцы.

У 1930-м годзе музыкантам аркестра было прапанавана паступіць без экзаменаў у музычны тэхнікум. Хтосьці з іх прыняў гэту прапанову, хтосьці — не. Калектыў часова распаўся. Але ў тым жа годзе на яго базе быў створаны Беларускі дзяржаўны ансамбль народных інструментаў, асноўную частку якога склалі ўжо вучні музычнага тэхнікума. Вось тады ў калектыў, якім па-ранейшаму кіраваў Дзмітрый Захар, трапіў і Іосіф Жыновіч. Ён у той час ужо займаўся на тэарэтыка-кампазітарскім аддзяленні тэхнікума ў Мікалая Аладава.

У першы склад Белдзяржансамбля народных інструментаў увайшлі Дзмітрый Захар (мастацкі кіраўнік, дудка), Яфім і Бенцыян Фрыдманы, Ізраіль Герман, Міхаіл Шчарбо, Мікалай Плашчынскі, Іосіф Ліпніцкі, Васіль Самсонаў, Ханон Шмелькін, Станіслаў Навіцкі, Канстанцін Сушкевіч і Іосіф Жыновіч. Гэта былі першыя музыканты аркестра — тыя самыя “12 апосталаў”, якія святлом падзвіжніцкай працы і таленту ахінулі шлях калектыву.

У 1928-м годзе Дзмітрый Захар пачынае выкладаць у Мінскім музычным тэхнікуме і ўзначальвае інструктарскае аддзяленне па народных струнных інструментах. Ён выкладаў рускія народныя інструменты — балалайку і домру (ад працы ў тэхнікуме быў вызвалены 10 верасня 1936 года). Пры тэхнікуме ў вучэбных мэтах у тым жа 1928-м годзе быў арганізаваны аркестр народных інструментаў, якім таксама кіраваў Дзмітрый Андрэевіч. Гэты аркестр, для якога яго кіраўнік таксама ствараў арыгінальны рэпертуар, не меў адносінаў да гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра.

Амаль 10 гадоў

Акурат столькі Дзмітрый Захар быў мастацкім кіраўніком і дырыжорам Белдзяржансамбля народных інструментаў. Гэта быў перыяд прафесійнага станаўлення калектыву, калі было падрыхтавана першае пакаленне беларускіх канцэртуючых цымбалістаў, сфарміраваны самабытны рэпертуар, які ўключаў апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, музыку кампазітараў іншых народаў, пералажэнні музычнай класікі, п’есы беларускіх кампазітараў, напісаныя спецыяльна для ансамбля.

У тыя гады былі закладзены лепшыя традыцыі беларускага прафесійнага народна-аркестравага выканальніцтва. Пройдзе яшчэ няшмат часу, і ансамбль будзе ператвораны ў аркестр народных інструментаў (1937 год), які ўвойдзе ў склад Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пачнецца новы этап гісторыі аркестра.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Андрэевіч з сям’ёй заставаўся ў акупаваным фашыстамі Мінску, працаваў музыкантам у гарадскім тэатры. На жаль, гэты факт біяграфіі адыграў адмоўную ролю ў яго лёсе, нягледзячы на тое, што яго жонка, Марыя Антонаўна Серпяйко, у гады акупацыі выратавала ад гібелі ў гета яўрэйскага хлопчыка Толю Лапатко, якога хавала ў іх доме на вуліцы Лодачнай, 8. Пасля вайны Анатоль Лапатко паехаў у Ленінград, скончыў медыцынскі інстытут і стаў урачом-оталарынголагам, прафесарам медыцыны.

У ліпені 1944 года, адразу пасля вызвалення Мінска, Захар быў залічаны ў штат Белдзяржфілармоніі ў якасці балалаечніка эстраднай групы, а 15 мая 1945 года стаў дырыжорам цымбальнага аркестра, які пачыналі адраджаць наноў. Пры гэтым мастацкім кіраўніком аркестра быў прызначаны адзін з першых музыкантаў Дзяржансамбля Васіль Самсонаў. Праз год калектыў узначаліў Іосіф Жыновіч. 1 чэрвеня 1947-га Дзмітрый Захар быў звольнены з аркестра па рапарце інспектара за парушэнне працоўнай дысцыпліны. 8 чэрвеня 1951 года ён заўчасна памёр у Мінску.

Дачка нашага героя Галіна Дзмітрыеўна Захар-Шчарбацюк працягнула музычную дынастыю. З перапынкамі яна працавала ў Беларускім дзяржаўным народным аркестры ў якасці цымбалісткі з 1944 па 1961 год.

На жаль, імя Дзмітрыя Захара доўгі час заставалася ў ценю яго малодшага калегі і паслядоўніка Іосіфа Жыновіча. Цяжка пераацаніць уклад Іосіфа Жыновіча ў справу свайго папярэдніка. Але менавіта Дзмітрый Захар быў стваральнікам і першым мастацкім кіраўніком аркестра. Светлы творчы талент Захара стаў залогам доўгага і шчаслівага сцэнічнага лёсу гэтага выдатнага калектыву.

Наталля Яканюк, Вольга Брылон, музыказнаўцы

Аўтар: Вольга БРЫЛОНмузыказнаўца

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 06.09.2019 20:26:38

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.