::
2016.08.27 — “А Макар горшкі прадае!” / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
“А Макар горшкі прадае!”
Спасылка
Дата публікацыі
27.08.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

“А Макар горшкі прадае!”

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Як у Гарадной тыдзень “нагамі круцілі”Гарадная — адна з самых цікавых вёсак у Беларусі, якая здаўна славілася сваёй ганчарнай вытворчасцю. У 2010 годзе традыцыйнаму ганчарнаму промыслу Гарадной надалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а з 2008 года тут кожныя два гады ладзіцца ўнікальны міжнародны пленэр ганчароў. Сёлета падзею ўпершыню наведалі журналісты вэб-часопіса “Alovak”, якія падзяліліся з “К” уражаннямі ад падзеі — як кажуць, на свежае вока.

Ад Цэнтра да пленэра

Першы пленэр адбыўся дзякуючы намаганням работнікаў Цэнтра ганчарства, які пачаў дзейнічаць у 2003-м. З таго часу яго двухпавярховы будынак пакрысе ператвараўся ў ганчарную скарбніцу Беларусі. Паводле стваральніцы комплексу, дырэктара Цэнтра ганчарства з 2003 па 2015 год Алімпіяды Леанавец, у 1990-я, калі раённы аддзел культуры выйграў прэзідэнцкі грант, ужо разумелі: у Гарадной унікальная кераміка, форма вырабу гаршка. “У Пружанах якое ганчарства было, чорназадымленае. Няма! Дваццаць гадоў таму апошні ганчар памёр. І падумалі: каб не стала такога з Гарадной, трэба нешта рабіць. Так з’явіўся Цэнтр ганчарства”, — апавядае Алімпіяда Дзмітрыеўна.

Сёння ў цэнтры можна пабачыць музей гісторыі ганчарства, галерэю патомных майстроў, а таксама экспазіцыю вырабаў удзельнікаў пленэру. Гэтак можна параўнаць розныя традыцыі майстроў, убачыць адметнасці такога мастацтва ў шэрагу краін.

Хто прыехаў?

На пяты па ліку тыднёвы пленэр сабраліся прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі  — меркаваныя армянскія і літоўскія майстры не змаглі трапіць праз складанасці на мяжы. Дырэктар раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Алена Дубойская адзначыла, што саміх удзельнікаў ад краін было больш, чым разлічвалі прыняць.

Цягам падзеі праводзяць майстар-класы, абменьваюцца досведам, удзельнічаюць у конкурсах. А галоўнае — кірмаш, які традыцыйна ладзяць у нядзелю. Для “городэнцэв” ён — падзея. Яшчэ не пачалася афіцыйная частка, а жыхары, апрануўшы святочныя строі, выходзяць на цэнтральную плошчу. Людзі тут таксама і таму, што ў нядзелю святочная служба: жанчыны ў спадніцах і яркіх хустках выходзяць з блакітнага будынку царквы.

Тут жа пераконваемся, што “городэнцы” — людзі цікавыя, гумарныя. Вось клічуць да сцэны самага старога ганчара — Шэлеста Макара, а ніхто не ідзе:

— А дэ Макар? — чуем з-за спіны.

— А Макар горшкі прадае! (Між іншым, Макару Шэлесту мінуў ужо 81 год, а ён дагэтуль “нагамі круціць”: лепіць гаршкі.)

Што “чапляла”?

Сёлета кірмаш распачаўся з адкрыцця помніка ганчару, які зрабіў вядомы беларускі майстар па дрэве Іван Супрунчык. Ён прывёз на кірмаш і іншыя свае працы. Асабліва ж прыцягвалі ўвагу гараднянцы, якія даставілі свае гаршкі коньмі, на вазах з саломай. Свае працы прадстаўлялі таксама майстры па саломе, дрэве, макрамэ, запрошаныя з іншых раённых цэнтраў Беларусі. Кірмаш вабіў вышыванымі спадніцамі, маляўнічымі лялькамі, вытанчанымі драўлянымі лыжкамі, яскравымі вырабамі з бісеру. А майстар з Бярозы Аляксандр Пракапчук дэманстраваў шчэпавую птушку, традыцыя вырабу якой нядаўна названа нематэрыяльнай каштоўнасцю краіны.

Хто яшчэ “круціў нагамі”? Мікола Вялічка з украінскага Стараканстанцінава прыехаў у Гарадную ўпершыню. Вырабы яго заўважна вылучаліся прыгожымі колерамі глазуры — зялёнай, карычневай і сіняй. Апошняй, напрыклад, фарбавалі калісьці толькі панскі посуд, бо занадта дарагі пігмент быў. Гаршкі адразу “чаплялі” і ў майстра з Гарадной Аляксандра Аўчыннікава. Ён выкарыстоўвае тэхніку абвары, калі вырабы, дастаўшы з печы, абмакваюць у спецыяльны раствор, што стварае адмысловы малюнак. Аляксандр удзельнічае ў пленэры другі раз. Дарэчы, яго продкі — не патомныя ганчары, ён адносна нядаўна пераехаў у Гарадную, але пачаў апантана займацца мясцовым рамяством.

Атмасферны музей

Сёлета для “складаных” дзяцей арганізавалі “тыдзень у Гарадной”: хлопцы жылі ў намётах у двары Музея-сядзібы ганчара ды вучыліся рамяству. А ўжо ў нядзелю яны ўпоравень з іншымі прадавалі свае гаршочкі, яшчэ не ідэальныя, але зробленыя з вялікай увагай і цікавасцю да справы.

Дарэчы, каб не толькі ўбачыць, што рабілі гараднянскія ганчары, але ўявіць, дзе і як яны жылі, і варта наведаць Музей-сядзібу ганчара непадалёк ад цэнтра вёскі. Невялікі, але ўтульны, ён мае не толькі выгляд “ганчарнай хаты”, але і сапраўдную атмасферу, бо калісьці тут жыў патомны ганчар. Не спяшайцеся думаць, што хата падобная на ўсе вясковыя: калі прыгледзецца, можна ўбачыць шмат адметнасцяў. Напрыклад, у кухні адмысловыя жэрдачкі, падвешаныя пад столлю, — ставіць гаршкі. А вось спецыяльная выемка ў лаве, каб уладкаваць ганчарны станок…

“Але” — вырашальныя?

Калі вырашыце наведаць унікальную вёску, варта мець на ўвазе, што Гарадная знаходзіцца ў пагранічнай зоне Беларусі. Каб трапіць сюды, трэба мець пры сабе пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні ці від на жыхарства, а таксама квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны (0,2 базавай велічыні). Замежным наведвальнікам давядзецца таксама атрымаць пропуск у органаў памежнай службы.

Яшчэ адным фактарам, які замінае патэнцыйнай турыстычнай плыні, — немагчымасць зручна дабрацца ў вёску, калі няма асабістага транспарту. Прамы аўтобус, да прыкладу, ідзе з Пінска, але два разы на тыдзень: у пятніцу і нядзелю ўвечары. Ходзіць аўтобус са Століна, але рэйсу, каб прыехаць на кірмаш, няма. Значыць, трэба начаваць з суботы на нядзелю ў Гарадной. Ды гасцініцу ў вёсцы пакуль не пабудавалі, хаця планы ёсць. Як расказала Алена Дубойская, раней на ўсе пленэры рабіліся дадатковыя аўтобусныя маршруты, якія ўзгаднялі з столінскай аўтабазай. Але з-за нерэнтабельнасці практыку спынілі. Таму зараз дапамагчы ахвотным трапіць на ганчарнае свята могуць хіба што “папуткі”: у гэтыя дні іх злавіць няцяжка. Дабрацца са Століна да Гарадной нам дапамагла старшыня мясцовага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Святлана Шыман.

Нарэшце трэба сказаць і пра слабую інфармацыйную палітыку: ведаюць пра пленэр, мабыць, толькі тыя, хто цікавіцца ганчарствам ці мае продкаў з гэтых мясцінаў. Пэўная інфармацыя ў інтэрнэце ёсць, калі мэтанакіравана шукаць, але выпадкова на яе наўрад ці натрапіш. На наш погляд, арганізатарам варта скарыстацца амаль неабмежаванымі магчымасцямі інтэрнэту ў папулярызацыі і прасоўванні ўнікальнай падзеі і Гарадной увогуле. Балазе, варыянтаў хапае. Шмат парталаў і старонак у сацыяльных сетках размяшчаюць афішы і звесткі пра будучыя падзеі бясплатна ці на ўмовах інфармацыйнага супрацоўніцтва. А цікаўныя да гісторыі і падарожжаў папулярныя блогеры з задавальненнем бы з’ездзілі на пленэр і расказалі пра яго, каб іх запрасілі і дапамаглі зручна дабрацца.

Нягледзячы на пэўныя складанасці (фінансавыя, арганізацыйныя, інфраструктурныя), супрацоўнікі Цэнтра ганчарства маюць настрой пазітыўны. “Гараднянскае майстэрства ў бліжэйшыя 50 — 60 гадоў не загіне! Балазе гліны ў нас і на 200, і на 300 гадоў хопіць”, — запэўнівае Алімпіяда Леанавец. А Алена Дубойская дзеліцца планамі: закупяць шкляныя вітрыны, абсталяванне для выставак, ганчарныя колы — то бок, пашырацца, бо сённяшняга памяшкання ўжо не хапае. А таксама ўсталяваць у вёсцы помнік гаршку-“мамзэльцы”, за аснову якога будзе ўзятая праца Васіля Логвіна (пра гэту ініцыятыву “К” пісала ў № 32).

Марыя КЛІМЕНЦЬЕВА

Фота Святланы ВАРАШЫЛАВАЙ

СМІ
Аўтар(ы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 22.08.2019 03:43:59

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.