::
2016.09.10 — На фэст за пенсію ці ў крэдыт? / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
На фэст за пенсію ці ў крэдыт?
Спасылка
Дата публікацыі
10.09.2016
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

На фэст за пенсію ці ў крэдыт?

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Узяць крэдыт, каб паехаць на замежную фальклорную імпрэзу? Аддаць сваю пенсію, каб аплаціць дарогу на міжнародны фестываль у суседняй Расіі? Менавіта так робяць некаторыя работнікі культуры.

Кажу пра тое, што бачыў на свае вочы ці пра што мне распавядалі самі культработнікі. Напрыклад, кіраўнік сельскага дома фальклору з вёскі Сташаны Пінскага раёна Венера Папіціч са сваім аўтэнтычным фальклорным калектывам “Чабатухі” і сёлета, і два гады таму ездзілі на Міжрэгіянальны фальклорны фестываль “Дзяснянскі карагод”, што ладзіўся ў Расіі, за свае грошы. А якія грошы ў пенсіянерак? Канешне ж, пенсійныя!

— Справа ў тым, што нам вельмі хацелася туды патрапіць, — кажа Венера Папіціч. — Займелі шмат сяброў яшчэ з мінулай паездкі, вельмі запрашаў і арганізатар.

Праўда, кажа Венера Рыгораўна, частку грошай аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама ўсё ж такі вярнуў, калі кіраўнік СДФ прадаставіла ў бухгалтэрыю білеты з паездкі. Што ж, і на гэтым дзякуй.

Вось яшчэ выпадак самаадданай працы і вялікай адказнасці, пра які, нагадаем, нам паведаміў дырэктар Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў. Як распавяла мастацкі кіраўнік народнага ансамбля беларускай песні і музыкі “Сузор’е” Пратасевіцкага СДК Асіповіцкага раёна Наталля Еўдакімовіч, для ўдзелу ў Міжнародным фестывалі аўтэнтычнага фальклору на колах “Караван-2015”, што праходзіў 10 дзён па маршруце Партугалія — Іспанія — Францыя — Італія, ім з мужам давялося браць крэдыт у банку.

— Справа ў тым, што запрашэнне на фэст мы атрымалі за тры тыдні да яго пачатку, — тлумачыць Наталля Еўдакімовіч. — За такі кароткі час грошы на дарогу сабраць проста немагчыма, таму і звярнуліся ў банк, бо паўдзельнічаць у падобным мерапрыемстве палічылі за гонар.

Як кажа мастацкі кіраўнік калектыву, за крэдыт давялося потым разлічвацца цягам года: сям’я брала падпрацоўкі, эканоміла… Але пра ўдзел у “Караване—2015” Наталля Еўдакімовіч не шкадуе.

— Напрыканцы фестывалю нам з мужам выдалі сертыфікаты і імянныя атэстаты Міжнароднага Саюза федэрацыі фальклорных калектываў, якія шануюцца ва ўсім свеце, — кажа суразмоўца. — Акрамя таго, мы пазнаёміліся з фалькларыстамі з розных краін. Ну і, канешне ж, не варта забываць, што мы адны прадстаўлялі Беларусь, культуру нашай краіны на гэтай знакавай фальклорнай імпрэзе.

Да слова, скончыўся згаданы фестываль у італьянскім Сан-Джавані-Ратанда балем, на якім былі падведзены вынікі ўсіх 10 фестывальных дзён. Адразу адтуль сямейная пара выбралася яшчэ на адзін італьянскі фестываль, у якім бралі ўдзел таксама і іншыя артысты з “Сузор’я”. Дарэчы, беларусы атрымалі там дыплом I ступені…

Натуральна, названыя два прыклады — толькі вяршыня айсбергу. На жаль, многія аматарскія калектывы Беларусі, якія хочуць паехаць сёння нават у суседнія краіны, вымушаны — за рэдкім выключэннем — самастойна аплачваць дарогу на фестывалі, дзе прэзентуюць беларускую культуру. Прычыны гэтага — навідавоку: аптымізацыя, скарачэнне фінансавання сферы культуры ў многіх раёнах Беларусі, адсутнасць транспарту для выезду творчых калектываў ды многае іншае. Не кажу ўжо пра тое, што па сённяшніх правілах кожная афіцыйная замежная камандзіроўка павінна аплачвацца ў валюце і для таго, каб яе атрымаць, трэба запоўніць цэлы вэрхал дакументаў.

Магчымае выйсце з сітуацыі, лічу, — перастаць разлічваць на дзяржаўны “рубель”, а паспрабаваць знайсці спонсара ці паўдзельнічаць у грантавых праграмах.

— Так, варыянт магчымы, — пацвердзіў меркаванне загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры, мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага танцавальнага калектыву “Верабейкі”, фалькларыст Сяргей Выскварка. — Скажам, аднойчы, калі мы паўдзельнічалі ў грантавым праекце, дык нам не тое, што пражыванне і харчаванне аплацілі, а нават даслалі білеты на цягнік!

Ад сябе ў якасці рэмаркі дадам: тыя нашы аўтэнтычныя бабулькі, якіх так цэняць за мяжой, наўрад ці будуць сядзець за камп’ютарам і, расчытваючы па складах словы на англійскай, польскай ці літоўскай мовах, дасылаць заяўкі на ўдзел у фэсце ці фальклорнай імпрэзе… Каб гэта рабіць, трэба мець досвед напісання падобных заявак, быць “на ты” з камп’ютарам ды інтэрнэтам, не баяцца піярыць сябе і дасылаць дзясяткі лістоў як айчынным спонсарам, так і ў замежныя арганізацыі. Глядзіш, з цягам часу з’явяцца і запрашэнні, і грошы на дарогу.

Але для гэтага калектывам творчай самадзейнасці трэба мець у сваіх шэрагах піяр-менеджара або чалавека, які валодае асновамі праектнай дзейнасці. Пакуль такіх людзей у фальклорных калектываў няма і ўсё ідзе па-старому: скажам, тыя ж “Чабатухі” збіраюцца паехаць у Польшчу. Пытацца, за чый кошт паездка, я ўжо не стаў…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧаглядальнік газеты "Культура"

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 17.10.2019 22:53:05

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.