::
2017.11.28 — Настасся і Васіль Прымакі. Беларусы мы заўсёды. / "Пухавіцкія навіны"
Загаловак
Настасся і Васіль Прымакі. Беларусы мы заўсёды.
Спасылка
Дата публікацыі
28.11.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Настасся і Васіль Прымакі. Беларусы мы заўсёды.

28.11.2017; Рубрики: Общество 

Настасся. Дзень маўчання.

Маё знаёмства з Настай Прымака з вёскі Энергія было тэлефонным: маладая матуля патэлефанавала ў рэдакцыю, каб расказаць пра тое, што ў Энергіі адкрываецца дзіцячая пляцоўка, якую ўстанавілі агульнымі сіламі бацькі і сельвыканкам. Гэты телефонны званок зацікавіў мяне яшчэ і тым, што наша гутарка адбылася выключна на беларускай мове. Такое, калі шчыра, не здараецца нават і раз на год. А таму я не магла не пацікавіцца вытокамі такой выдатнай беларускамоўнасці  суразмоўцы. Настасся сказала, што ў жыцці карыстаецца выключна беларускім словам. І наогул уся іх сям’я — беларускамоўная.

Сустрэцца з Прымакамі мне захацелася ледзь не на наступны дзень, бо, калі шчыра, такіх герояў для свайго матэрыяла я заўсёды марыла сустрэць. Згадзіцеся, пры тым, што беларуская мова — мова дзяржаўная, і яе ведаюць многія, зусім нямногія карыстаюцца ёю ў паўсядзённым жыцці. Настасся і Васіль Прымакі  карыстаюцца і лічаць беларускую мову роднай. Таму я з прадчуваннем нечага цікавага спяшаюся ў госці…

— Я вучылася ў беларускамоўнай  школе ў Любані, — расказвае Наста пра свой шлях да мовы. — Аднак рускамоўны асяродак вызначаў тое, што па-за школай я размаўляла, як большасць беларусаў, па-руску. Гэта было звыкла і, здавалася, абсалютна нармальна. Упершыню я задумалася пра тое, што мы мала гаворым па-беларуску, гадоў у дванаццаць, калі выкладчык музыкі ў музычнай школе запытаўся ў нас, яго вучаніц: “А чаму вы, дзяўчынкі, забываецеся на такія цудоўныя словы, як “прывітанне”, “да пабачэння”, “дзякуй”?” Аднак тады думка пра мову заляцела, мо, на некалькі хвілін.

Другі раз я задумалася пра тое ж ужо падчас навучання ў гандлёва-эканамічным каледжы. Я была ўжо дастаткова дарослай тады і прыняла, як мне бычылася, дарослае рашэнне:  правесці для пачатку адзін дзень, размаўляючы паўсюль выключна на беларускай мове. Але толькі прачнуўшыся ў той лёсавызначальны дзень, я зразумела, як складана мне будзе. Дзіўна, але словы, якія я добра ведала, проста не ішлі. Збіраючыся сфармуляваць фразу, я пачынала думаць пра суразмоўцу, які мог або не зразумець мяне або палічыць дзівачкаю. Аднак адступаць я не прывыкла. Праўда, у выніку ў мяне атрымаўся дзень маўчання: я выдавала толькі сціплыя фразы, падбіраючы словы так, каб яны гучалі больш-менш адпаведна рускім варыянтам. Прызнаюся, цяжка было выйсці гэтак знянацку за межы ўласнага камфорту. Думаю, што такое пачуццё знаёма любому, хто хацеў бы гаварыць на беларускай мове, аднак пакуль не робіць гэтага, бо знаходзіцца ў рускамоўным асяродку і не надта хоча выдзяляцца. Так вось скончыўся гэты дзень маёй уласнай акцыі.

Потым у Настассі была вучоба ў лінгвістычным універсітэце, дзе дзяўчына ўжо свядома пасля другога курсу перавялася на беларускую спецыялізацыю. На той час асяродак быў якраз спрыяльным для таго, каб не паўтараўся дзень маўчання: нямала людзей у студэнцка-выхавацельскім асяродку штодня размаўлялі па-беларуску і пры гэтым не адчувалі сябе неяк асабліва. І Настасся пачала  размаўляць  з  беларускамоўнымі суразмоўцамі  выключна на роднай мове.

— Я шмат чытала, многа слухала беларускай музыкі і паступова папаўняла свой слоўнікавы запас, бо добра  разумела: родная мова — тая, на якой ты не толькі гаворыш, але і думаеш. Валодаць роднай мовай у такой ступені, каб і думаць на ёй, стала маёй мэтай.

 Васіль. Сэрца на снезе.

Шлях Васіля да мовы быў, напэўна, больш лагічным, таму што хлопец гадаваўся ў сям’і настаўніка-філолага, які добра ведаў беларускую мову.

— Аднак сказаць, што ў сям’і размаўлялі выключна па-беларуску, я не магу, — кажа Васіль.— Больш за тое, марай бацькі было не тое, каб я стаў філолагам: ён марыў, каб я пайшоў вучыцца на настаўніка гісторыіі. І я паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Гэта стала тым падмуркам, на якім я пачаў будаваць сваё ўсведамленне як беларуса. Бачыў вакол сябе аднадумцаў і з задавальненнем размаўляў з імі на роднай мове. Паступова гэта стала маёй прынцыповай пазіцыяй.

Магчыма, нехта зараз па стэрэатыпе падумае пра тое, што такое стаўленне да зносінаў на беларускай мове абавязкова звязана ў маіх герояў з апазіцыйнай палітычнай пазіцыяй. Не магу і я не пацікавіцца прыродай сямейнай беларускамоўнасці.

— Палітыка можа быць сёння адна, а заўтра другая, — кажа Васіль. — А беларусы мы заўсёды. І ўжо  даўно няправільна атаясамліваць беларускамоўнага чалавека і прыхільніка, напрыклад, БНФ.

З Настай Васіль пазнаёміўся на танцах: яны абодва займаліся імі ў розных клубах. Так на першым спатканні Васіль запрасіў будучую нявесту і жонку на падэспань (народны танец. АЎТ.). Ну, што можа быць больш нестандартным і рамантычным?

Так вось і кружыліся юнакі ў танцы, пакуль аднойчы Васіль не запрасіў сяброўку на прагулку ў дукорскі лясок.

— Быў люты, — успамінае з усмешкай Наста. — І было зусім не зразумела, чаму мы тут мерзнем у гэтым лесе, пакуль я не пабачыла сэрца, намаляванае фарбамі прама на снезе, і словы “я цябе кахаю”. Так Васіль зрабіў прапанову ажаніцца…

Настасся згадзілася: адчувала, што Васіль — яе чалавек. Толькі ўмову паставіла.  Не  Васілю — хутчэй сабе: да вяселля выткаць паводле беларускай традыцыі шлюбную посцілку. Такую, якія былі ў бабулі і ў матулі.

— Кажуць, што калі тчэш посцілку — тчэш свой лёс…— расказвае Наста. — Спецыяльна атрымала кансультацыі ў музеі народнай творчасці і пачала працаваць. Ткала копію бабулінай посцілкі. Адразу вельмі цяжка было. На гэта  мне сказалі, што так і ў сямейным жыцці адбываецца: адразу складана, пакуль  навучышся  жыць  разам,  прытрэшся, станеш больш мудрым, а потым будзе лягчэй…

Праз дзевяць месяцаў посцілка была гатова. І вяселле адбылося. Ды не простае вяселле, а адпаведнае жаданням маладых: вяселле ў беларускіх традыцыях. Ніякіх белых сукенак і чорных касцюмаў! Замест іх — вясельныя строі, спецыяльна пашытыя для жаніха і нявесты. Ніякіх лімузінаў! Была брычка, упрыгожаная кветкамі і стужкамі.  Рэгістрацыя прайшла ў любімых мясцінах пад адкрытым небам. А грамадзянская цырымонія (дзякуй работнікам Дукорскага сельвыканкама) адбылася на беларускай мове.

—  Гэта было сапраўды незабыўна, аўтэнтычна, цёпла, весела, — кажуць Васіль і Наста. — І зараз прыемна ўспомніць кожную хвіліну нашага вяселля.

Святочныя строі, дарэчы, муж і жонка не схавалі ў куфар: яны апранаюць іх на розныя святочныя мерапрыемствы. Вось і на адкрыццё дзіцячай пляцоўкі апраналі, бо яе з’яўленне для жыхароў невялікай вёскі таксама было сапраўды як свята. А  Прымакі, дарэчы, былі аднымі з ініцыятараў будаўніцтва пляцоўкі, дзе будуць гуляць і іх дзеці. Зараз — сынок Дзямід.

 Дземідковы нашчадкі.

— Заходзьце, калі ласка, у хату, — вітала мяне Настасся, запрашаючы ў дом. — Зараз я гарбаты ці кавы арганізую…

Пераступіўшы парог,  бачу маленькага светлавалосага хлапчука, які яшчэ не закончыў сняданак. Вітаюся з ім і чую ў адказ:

— А тата мой хутка прыйдзе…

Шчыра скажу: я нават разгубілася, хаця разумела, што іду ў госці ў беларускамоўную сям’ю. Аднак упершыню ў сваім жыцці  ўбачыла двухгадовае дзіця, якое размаўляе па-беларуску. Адчула сябе нібы ў нейкай кінастужцы…

— Не здзіўляйцеся, — усміхаецца гаспадыня. — Дзямід штодня чуе беларускую гаворку, таму яго першыя словы былі беларускія…

А імя сыночка? Чаму менавіта такое?

На гэтае пытанне адказвае гаспадар, бо ідэя назваць сына Дзямідам — яго.

— Насамрэч, імя з’явілася яшчэ да таго, як я ажаніўся,— кажа Васіль. — Справа ў нашым родзе. Ведаеце, у вёсцы Азярычына, адкуль мой бацька, Прымакаў многа. Нас называлі Дзямідкамі ці Дземідковымі. Пэўна, у родзе быў нейкі продак, Дзямід, чалавек паважаны, вядомы, такі, што яго нашчадкаў называлі па яго імені. Я і вырашыў, што сына назаву  Дзямідам. Думаю, што так правільна. І ўдзячны Настассі, што яна праявіла разуменне і не была супраць.

Двухгадовы Дзямід — цэнтр сусвету для маладой сям’і Прымакаў. Менавіта пра яго інтарэсы думаюць бацькі, выбіраючы для жыцця не сталіцу, дзе абодва працуюць, а вёску, дзе ёсць свабода, прастора, паветра, якім хочацца дыхаць.

— Мінск — горад для працы, — кажа Васіль. — А ў вёсцы ў Дзяміда будзе шмат месца і магчымасцяў для таго, каб развівацца і станавіцца мужчынам. Свой дом — гэта не цесная кватэра.

А вось садок і школа, хутчэй за ўсё, будуць сталічнымі і беларускамоўнымі. Гэта не тое што прынцыповая пазіцыя — гэта бацькоўскае жаданне, каб сынок з дзяцінства ўсвядоміў сябе беларусам і добра ведаў сваю мову.

Разам з тым, ніякіх забарон на мову рускую.

— Мы разумеем, што Дзямід жыве ў білінгвістычным асяроддзі і будзе размаўляць на абедзвюх мовах. Наша задача ў тым, каб ён іх добра ведаў. І не толькі іх, бо, як казаў Антон Чэхаў, колькі моў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек…

Алена  ШАНТЫКА.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 05.07.2019 10:05:50

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.