::
2017.12.15 — На Спеўным сходзе вучылі не толькі песням / Газета "Новы Час" (novychas.by)
Загаловак
На Спеўным сходзе вучылі не толькі песням
Спасылка
Дата публікацыі
15.12.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

Гурт «Рада» выступіў 14 снежня на Спеўным сходзе з Сержуком Доўгушавым у галерэі tut.by. Музыкі шмат жартавалі і адукоўвалі публіку. Ці ведаеце, хто такі чумак (спойлер: не кетчуп) і калі ў Беларусі з’явіліся рэкруцкія песні? Як жартавалі спевакі Васіль Мардачоў, Аляксандр Жукоўскі і Алег Лук’янцаў, яны выконвалі песні з усёй Беларусі, ад захаду да ўсходу, “аж да Волагды”. Калі ад вядоўцы прагучала пытанне, чаму гуртом мужчынскіх спеваў кіруе жанчына, Святлана Буцкая, хлопцы аджартаваліся, што без жанчыны няма парадку.

«Рада» спрабавала троху адукаваць публіку. Напрыклад, ці шмат хто ведае слова «пачобачка»? Яно сустракаецца ў песні «Дарожка»:

«… А маці мне міла, мілей ўсяго свету. Хадзіла, канала, радзіла-ўмірала, Пачобачку з ножкі сваёй не здымала».

Аказваецца, пачобачка – гэта вяроўка для калыхання дзіцячай люлькі.


Ці вось такі гістарычны лікбез: рэкруцкія песні ў нас зʼявіліся з уваходжаннем беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, бо ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай сяляне ў войску не служылі (гэта быў абавязак шляхты). Таму рэкруцкі набор пасля падзелаў Рэчы Паспалітай быў для беларускіх сялянаў з’явай новай і страшнай. Калі хлопца забіралі на 25 год, ён з вялікай верагоднасцю ўжо не вяртаўся на Радзіму. Таму провады ў войска былі сімвалічным пахаванем жывога. Пасля рэформы 1874 года рэкруцкую павіннасць змяніў усеагульны вайсковы абавязак, тэрмін службы скарацілі да 6, потым 3 гадоў. Тады шмат хлопцаў стала вяртацца з арміі і прыносіць у вёску новыя песні, якія тут набывалі мясцовы каларыт, цікавы распеў.

Часта ў песнях сустракаецца герой-чумак. Гэта, па словах спевакоў гурта РАДА, «колішні дальнабойшчык» — ездзіў на валах у Крым па соль. Вяртаўся пры грошах і дома мог хутка іх прагуляць. Цяпер у вёсцы не памятаюць, хто такія чумакі, слова засталося як сінонім лайдака і п'яніцы.

Публіка расстроілася, што «Рада» не выканала прыпеўкі пад гармонік «Магера». На пачатку выступа музыкі абвясцілі, што канцэрт не будзе занадта вясёлым праз тое, што цяпер пост. І пажартавалі, канечне, куды ж без таго: быццам бы гурт «Песняры» абураўся, што якую б насычаную праграму яны ні падрыхтавалі і куды б ні прыехалі, усюды ад іх прасілі песню «Волга-Волга».

Сяржук Доўгушаў падкрэсліў, што сустрэча адбылася ў межах праекта «Традыцыя» і нагадаў, што ідзе збор сродкаў на дыск «Музыка беларускай Поўначы».

Наступны Спеўны сход адбудзецца 19 снежня, на яго завітае аўтэнтычны палескі гурт вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна, які пакажа калядаванне сваёй мясцовасці. У 2018-м плануюцца спеўна-танцавальныя сходы. Верагодна, у студзені будзе зладжана жаніцьба Цярэшкі — гульнёвае вяселле, што на Каляды ў Паўночнай Беларусі зводзіла пары моладзі. Часта такія гульнёвыя шлюбы перарасталі ў сапраўдныя, таму самотным людзям вельмі раім наведаць!

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 27.06.2019 13:54:19

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.