:: calculation
2014
Загаловак text
«Вытокі» натхняюць і радуюць
Спасылка embed
дасяжна толькі ў поўнай версіі
Дата публікацыі date
17.10.2014
Катэгорыя category
публіцыстыка
Поўны тэкст text

«Вытокі» натхняюць і радуюць


Якія песні гучаць на Палессі?

Само слова «глыбінка» ў кожнага з нас выклікае розныя асацыяцыі. Адны ўспамінаюць летнія вакацыі, калі ездзілі да бабулі, іншыя правялі ў вёсцы значную частку жыцця, пакуль не з'ехалі вучыцца ў горад і не засталіся там. А вось ці часта мы, чуючы гэтае слова, думаем пра таленавітых людзей, якія жывуць там? Тыя, хто чуў, як спяваюць на вяселлях у вёсцы альбо бачыў, як там калядуюць, пагодзяцца, што менавіта ў такіх месцах жыве натхненне. І вандруючы са здымачнай групай праекта «Наперад у мінулае» канала «Беларусь 3», кожны раз зноў і зноў пераконваюся ў гэтым.


17-10

У вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна нас сустрэлі не толькі пазітыўныя людзі, але і выдатнае надвор'е, таму вырашылі зладзіць выступленне гурта «Вытокі» пад адкрытым небам. Нішто не замінала танцаваць, спяваць і размаўляць на свежым паветры. Пакуль удзельнікі калектыву збіраюцца, адны распяваюцца, іншыя прыносяць снапы, з якіх робяцца дэкарацыі для будучага выступлення. Назіраючы гэтае спалучэнне каласоў і народных строяў і слухаючы гармонік, міжволі хочацца падтанцоўваць і падпяваць.

...Першыя рэпетыцыі аўтэнтычнага гурта «Вытокі» адбыліся ў 2000 годзе, калі разам сабраліся аматары фальклору, якія жадалі захаваць сваю спадчыну. Цяпер жа тут ніводнае свята ўжо не абыходзіцца без іх выступленняў. З моманту ўтварэння і па сённяшні час калектыў узначальвае Мікалай Юр'евіч Яскевіч. Наогул у склад «Вытокаў» уваходзіць 8 таленавітых творчых людзей, якія жывуць мэтай дэманстраваць і захоўваць фальклор свайго народа — як у сцэнічным варыянце, так і ў народных абрадах. Свае ўменні ўдзельнікі гурта перадаюць сёння і маладому пакаленню.

Танец гэты, як зазначыла адна з удзельніц, танцуецца вельмі «культурна», бо ў парах ніхто ні да каго не прыціскаецца шчыльна.


17-9

Знаёмства з творчасцю калектыву пачынаецца з танца ойра. Танец гэты, як зазначыла адна з удзельніц, танцуецца вельмі «культурна», бо ў парах ніхто ні да каго не прыціскаецца шчыльна. Некалі ж тут танцавалі і кракавяк, каробачку, польку. І наогул, адпачывалі і працавалі заўсёды весела.

— Было ў нас у групе дванаццаць дзевак, і з імі хадзілі на вячоркі. Вышывалі і мухры вязалі, а хлопцы папрыходзяць — і танцы пачынаюцца, — дзеліцца ўспамінамі ўдзельніца калектыву Кацярына Кацуба.

А Надзею Кірылаўну Кацубу, якая з'яўляецца старэйшай у калектыве, тут называюць «энцыклапедыяй песеннага матэрыялу». Яна спявала з дзяцінства, а цяпер дзеліцца вопытам з іншымі. Нават маладыя, хоць у іх ужо і іншыя забавы ў наш час, цягнуцца да фальклору, часам проста распытваючы пра нешта.

Варта сказаць, што сама вёска Дзятлавічы з'яўляецца самай вялікай у раёне.

— Паселішча гэтае згадваецца з 1566 года. Але, безумоўна, яно існавала і раней, таму што ў той год было ўжо сорак двароў. А значыць, і раней тут людзі жылі. Дзятлавічы, можа, не так бы вызначыліся ў гісторыі, калі б не адзін з уладальнікаў, якім на пачатку XVІІ стагоддзя стаў Канстанцін Балмат. Ён быў праваслаўным, а праваслаўе ўжо тады пераследавалася. Таму, не меўшы дзяцей, вырашыў перадаць свае вёскі — Лунінец, Мілясніцу і Дзятлавічы — манастыру. Дзятлавічы былі самым буйным паселішчам. Запрасіў манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры, каб заснавалі тут манастыр. Манастыр быў вельмі багатым і вялікім. І называўся ён Новапячэрскі, альбо Дзятлавіцкі Праабражэнскі мужчынскі манастыр. У яго вельмі цікавая гісторыя, шмат адметных старонак барацьбы, таму што ў той час панаваў каталіцызм і, зразумела, былі і нейкія захопы з боку ўладальнікаў іншых паселішчаў, але манастыр трымаўся. Яшчэ неабходна было абавязкова ўтрымліваць за кошт манастыра і дапамагаць 12 вучням, 12 удовам і 12 сіротам. Там была бібліятэка, таму, можна лічыць, з Дзятлавіч наша асвета пачалася, бо манахі — пісьменныя людзі, — расказвае пра адметныя эпізоды з гісторыі вёскі краязнаўца Таццяна Канапацкая. — Некаторыя з манахаў потым сталі настаўнікамі ў семінарыі.

Цяпер тут таксама спрыяльныя ўмовы для жыцця тых, хто любіць вёску і мае жаданне ў ёй застацца. Чыгуначная станцыя, прырода і зямля, дзе можна і працаваць, і жыць. Між іншым, як сказалі мясцовыя жыхары, сёння тут 60 дамоў знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва. Жыццё працягваецца...

Аднак вернемся да песеннай спадчыны — каб зразумець яе, варта паслухаць нашых артыстаў. Яны ў самаробных строях — кашулі вышыты крыжыкам, а на спадніцах — амаль што вясёлкі з рознакаляровых стужак — спяваюць на фоне снапоў новага ўраджаю. І першая песня якраз у тэму:

Да дай, Божа, цёплэ лето,

Дай будэ у полі жыто,

Щоб колосок похылывса,

Щоб колосок похылывса,

Сын мацеры поклонывса

Да на восень ожанывса.

Узяв собы красну девку,

Узяв собы красну девку,

Ныбы розовую кветку.

Да дай, Божа, цёплэ лето,

Дай зароды в полі жыто.

Атмасфера, скажу я вам, уражвае. Галасы гучаць і пераклікаюцца — як жаночыя, так і мужчынскія. Песні выконваюцца ў асноўным у двухгалосным варыянце з падгалоскам, што адпавядае традыцыйнай манеры выканання. Асноўнае месца ў рэпертуары займаюць старадаўнія палескія песні. А на канцэртных выступленнях «Вытокаў» можна пачуць яшчэ і байкі, і паэзію мясцовую... 16 лістапада 2012 года фальклорны гурт атрымаў званне «народны», і яго ўдзельнікі на справе апраўдваюць яго. Бо без іх не абыходзяцца многія мерапрыемствы, калектыў паважаюць не толькі ў роднай вёсцы, але і ў раёне, вобласці. Ён пабываў на шматлікіх конкурсах і фестывалях, сярод якіх — фестываль фальклору «Берагіня» (2004), міжнародны фальклорны фэст у Любліне — там за чатыры дні «Вытокі» далі 7 канцэртаў з рэпертуарам рознай тэматыкі, дзе ў аснове быў мясцовы вясельны абрад (2010). А сёлета калектыў удзельнічаў у міжнародным фальклорным фестывалі «Балтыка-2014». Дарэчы, калі гаварыць пра вяселле, то тут цікавы падыход да прыгатавання караваю. Калі яго выпякаюць, то таксама песні спяваюць. Печ распальваецца, цеста замешваецца, потым выпякаецца і ўпрыгожваецца каравай.

— У нас у каравай тыкаюць яловыя галінкі. Усяго іх павінна быць дзевяць. І гэтую «елку» ўпрыгожваюць кветкамі, потым абвязваюць стужкамі: чырвонымі альбо сінімі, у залежнасці ад таго, чый каравай: маладога ці маладой, — тлумачыць мясцовыя традыцыі Кацярына Кацуба. — І на вяселле завуць старых, каб тыя блаславілі.

Хочацца, каб гэта спрацоўвала ў жыцці і не атрымлівалася потым як у той песні...

Людзі кажуць,

што мой муж добры,

Няхай будзе яму век доўгі.

Калінка-малінка мая,

Цвіла бела, стала розовая.

...А я яму ды бліноў напяку,

А ён мяне галавой аб муку.

Калінка-малінка мая,

Цвіла бела, стала розовая.

А я яму ды пасцель пасцялю,

А ён мяне галавой аб сцяну.

Калінка-малінка мая,

Цвіла бела, стала розовая.

Людзі кажуць

што мой муж добры,

Няхай будзе яму век доўгі...

«На чалавека ў жыцці ўплываюць найбольш два фактары — гены і людзі, сярод якіх ён жыве». Гэтая думка не новая, аднак пачутая з вуснаў аднаго мужчыны, што спявае ў гурце «Вытокі», яна не пакідае мяне і да сёння, калі ўспамінаю паездку ў Дзятлавічы. Таму што там ёсць калектыў, дзе людзі не толькі захавалі сваю культурную спадчыну ў песнях і абрадах, але і працягваюць перадаваць лепшае новым пакаленням. Нездарма ж кажуць — без мінулага няма будучыні.

Алена ДРАПКО.

Фота аўтара.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Звязаныя персаналіі app
Звязаныя калектывы (гурты, установы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.07.2018 07:30:29

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.