::
2017.11.22 — На этнадыскатэцы ў культурнай прасторы «Корпус» было горача ад танцаў і спеваў / minsknews.by / Минск-новости
Загаловак
На этнадыскатэцы ў культурнай прасторы «Корпус» было горача ад танцаў і спеваў
Спасылка
Дата публікацыі
22.11.2017
Катэгорыя
рэпартажы
Поўны тэкст

На этнадыскатэцы ў культурнай прасторы «Корпус» было горача ад танцаў і спеваў

22 Ноя 2017 17:27

Ці папулярныя зараз народныя песні і танцы? У пошуках адказу карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» наведала спеўна-танцавальны сход.

Этнадыскатэка праходзіла ў культурнай прасторы «Корпус». У памяшканні, аформленным у стылі лофт, гучалi гармонік і бубен. Гэта разыгрываліся музыкі з народу Васіль Семашкевіч і Мікалай Юніцкі.

Яны спецыяльна прыехалі з Любані, каб павесяліць мінчан. Жыхары сталіцы ішлі на мерапрыемства цэлымі сем’ямі. Дзеці, маладыя дзяўчаты і хлопцы, сталыя мужчыны і жанчыны — на вечарыне сабралiся звыш сотні розных па сацыяльным статусе людзей.

Пачаў мерапрыемства лідар этна-гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў.

Ён павітаў усіх і адзначыў, што ў праграме вечара будуць народныя песні і танцы Любаншчыны. А таксама прапанаваў падрыхтавацца да спеваў — зрабіць дыхальныя і гукавыя практыкаванні, каб прабудзіць свой голас. Усе дружна пачалі акаць, окаць і вымаўляць розныя гукі. А пасля развучвалі і спявалі песні «Ой, у лузе каліна стаяла» ды «Хлопцы сюда». Было вельмі нязвыкла спяваць хорам разам з незнаёмымi людзьмi.

Потым на сцэну выйшаў дзядуля з вёскі Рачэнь Любанскага раёна Уладзімір Ціханоўскі. Ён заспяваў песні сваёй бабулі. Сёння такія мала дзе пачуеш.

— Уменне спяваць адразу не даецца. Трэба ўслухоўвацца і мець апантаную любоў да роднай песні. Тут што ні слова — то залаціначка. Любіце песню і як умееце, так і спявайце. Не бойцеся, — заклікаў ён і прапанаваў спець разам дзве песні з яго рэпертуару. Зал гучна зацягнуў: «Ой, вы, пчолы, мае пчолы, пчолы ярые мае…»

На гэтым спеўная частка сходу скончылася і пачалася танцавальная. Майстар беларускіх танцаў з Любані Сяргей Выскварка запрасіў усіх стаць у круг.

— Пажадана, каб у кожнага была пара. Лепшыя танцоры атрымаюць падарункі, — сказаў ён. І паведаміў, што да 30-х гадоў мінулага стагоддзя танцы ў Любані называліся «пагулінкі».

— Пачнём з полькі дробнай. Гэта складаны, але прыгожы танец. Потым будуць больш лёгкія, — запэўніў харэограф і пачаў тлумачыць, колькі прытопаў трэба зрабіць правай ды левай нагой. Зайгралі музыкі, і на танцпляцоўцы стала горача. Людзі кінуліся ў скокі. Многія наступалі адзін аднаму на ногі, збіваліся з рытму, але працягвалі танцаваць і весела смяяліся.

— Я нават маладосць сваю ўспомніла. Не думала, што калі-небудзь буду ізноў польку танцаваць, — дзеліцца ўражаннямі пенсіянерка Людміла.

А вось студэнтка Марына спецыяльна прыйшла з сяброўкай на майстар-клас Сяргея Выскваркі. Яна займаецца народнымі танцамі з дзяцінства.

— Мы ўпершыню праводзім спеўна-танцавальны сход. Вось, пазнаёміўся з гэтымі супердрайвовымі любанскімі артыстамі і вырашыў дапоўніць наша спеўнае мерапрыемства танцамі, — распавядае Сяржук Доўгушаў. — Такія вечарыны я арганізоўваю раз на месяц ужо некалькі гадоў. Хочацца пазнаёміць людзей з беларускай песняй розных часоў. Запрашаем і носьбітаў традыцый — музыкаў, якія вучыліся спяваць у сваіх дзядоў, бабуль. Яны ўжо старэнькія, але завітваюць да нас, і гэта ўнікальная магчымасць пачуць, як павінна гучаць народнае музычнае слова. Хочацца данесці да людзей сапраўдную традыцыю, што мае сваю глыбіню і першародную чысціню.

Гледзячы на тое, як людзі ахвотна пелі і танцавалі, на іх шчаслівыя твары, мяркую, што фармат спеўна-танцавальных вечароў прыйшоўся ім да спадобы. А ў маёй галаве ўвесь вечар круціліся радкі: «У нас сягоння талака, шчука рыбу валакла, а на дворы да й не рана…»

Фота аўтара

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя калектывы (гурты, установы)
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 23.05.2019 16:40:29

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.