:: calculation
2013
Загаловак text
Навасельская «свяча»
Спасылка embed
Дата публікацыі date
11.09.2013
Катэгорыя category
навіны
Поўны тэкст text

Навасельская «свяча»

11.09.2013 07:35КАМЕНТАРЫЯЎ: 0ПРАГЛЕДЖАНА: 116

— Наша «свяча» вельмі старажытная, з пятроўскіх часоў! — кажуць жыхаркі вёскі Наваселле, якія сабраліся на народны хрысціянскі абрад. — Яна выратавала нам жыццё ў вайну.

Гэты абрад больш нідзе не захаваўся, і толькі ў Наваселлі ў Бярэзінскім раёне двойчы на год носяць свечку ад хаты да хаты. На Ушэсце і дзень іконы Казанскай Божай Маці. Учора свечку з абразамі забрала да сябе Раіса Міхайлаўна Белая — чалавек як трагічнага, так і шчаслівага лёсу. І пра яе варта сказаць некалькі слоў.

Раісе было восем гадоў, калі ў яе вёску Узнаж Крупскага раёна на Пакровы ў 1942 годзе прыехалі нямецкія карнікі і расстралялі ўсіх жыхароў — 386 чалавек. Цалкам загінула і сям’я Раісы — бацькі і восем сястрычак. Сама яна ў той час была ў суседняй вёсцы і таму ацалела. Многа гаравала, бадзялася па людзях. Калі ж сама выйшла замуж, дык нарадзіла шэсць дзяцей — пяць дачок і сына.

— У дзецях, унуках і ўнучках, і нават праўнуках сапраўднае шчасце, — прызнаецца Раіса Міхайлаўна. Таму ўжо трэці раз у сваім жыцці бяру «свячу», каб і ў маёй хаце, і ў доме кожнага майго дзіцяці панаваў мір.

Трагічны лёс напаткаў у вайну і вёску Наваселле. Па планах акупантаў, яе жыхароў за сувязь з партызанамі чакаў расстрэл. Але ў час, калі фашысты акружылі вёску і абставілі яе кулямётамі, жыхары пачалі маліцца. Гэта быў дзень іконы Маці Божай Казанскай. Нікога тады не расстралялі. І вось ад таго выпадку, паверыўшы ў вышэйшую справядлівасць, навасельцы аднавілі абрад «свяча», які быў перарваны з-за атэістычных нораваў перадваеннага часу, і ўжо больш ніколі не спынялі яго. Што цікава, жыхароў у вёсцы засталося няшмат, але і дагэтуль існуе вялікая чарга на «свячу». Мо таму і сталі з некаторага часу пераносіць яе нават двойчы на год. У апошнія дзесяць гадоў да свечкі далучыліся і два абразы.

На гэтую «свячу» ў Наваселле прыехалі ўсе дзеці Раісы Белай і колішнія жыхары, якія даўно сталі гарадскімі. Адзін з іх, Фёдар Сіняк, патлумачыў, што калі і засталіся ў вёсцы сапраўдныя святы, дык гэта якраз перанос «свячы». «Свяча» — душа і памяць Наваселля.

На здымку: Раіса Белая, яе 5-гадовы ўнук Мікіта Белы і старэйшая суседка Антаніна Сіняк, якая дзіцем перажыла і памятае навасельскую трагедыю.

СМІ app
Аўтар(ы) app
Карта calculation
Звязаныя лакацыі app
Тэмы app
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 07.09.2018 14:19:19

Каментары

Будзем радыя заўвагам і ўдакладненням! Але каментары ад ананімаў і каментары са спасылкамі перад публікацыяй праходзяць прэмадэрацыю.