::
2017.11.11 — Статус для носьбітаў традыцыі / Культура — штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Загаловак
Статус для носьбітаў традыцыі
Спасылка
Дата публікацыі
11.11.2017
Катэгорыя
публіцыстыка
Поўны тэкст

Статус для носьбітаў традыцыі

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Культура, мастацтва, рамёствы Прынёманскага рэгіёна яскрава адлюстроўваюць гістарычную спадчыну народа, які жыве на памежжы Беларусі, Літвы і Польшчы. Узаемаўплыў адчуваецца ў спеўным, музычным, танцавальным мастацтве, у народнай прозе, паэзіі і гульнях, у традыцыйных рамёствах, строях і стравах.

Ірына ДЗЕМЯНЧУК, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы:

Натуральна, у вобласці напрацавана пэўная сістэма па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі гэтага скарбу. У раёнах складзены лакальныя праграмы па даследаванні, фіксаванні і арганізацыі пераемнасці традыцый. Існуе “рэгіянальны” спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны (21 праява). Спіс увесь час удакладняецца і дапаўняецца. Ідзе работа па даследаванні вясельнай традыцыі ў аграгарадку Новы Двор Свіслацкага раёна і традыцыі выпечкі абаранкаў на Смаргоншчыне. На сёння 13 элементаў ад Гродзенскай вобласці занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Толькі сёлета на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь былі разгледжаны такія элементы, як “Веды і навыкі па вырабе традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”, “Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва”, “Традыцыя шанавання валуна “Нявесцін камень” (вёска Агароднікі Ашмянскага раёна). Дапрацоўваецца пакет дакументаў па “Традыцыйнаму белаўзорыстаму ткацтву Панямоння”, “Традыцыйнаму ручному ткацтву на кроснах вёскі Пагародна Воранаўскага раёна”, “Традыцыйнаму выкананню народнага танца “Кадрыля” вёскі Дэмбрава Шчучынскага раёна”.

Пагадзіцеся, што наданне статуснасці прыцягвае ўвагу супольнасці да праблем захавання спадчыны. Да таго ж, работнікі культуры ўсяляк папулярызуюць статусныя элементы нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Для гэтага ладзяцца святы, кірмашы, летнія школы і фестывалі. У турыстычныя маршруты ўключаны музейны пакой драўляных музычных інструментаў народнага майстра Мар’яна Скрамблевіча ў Адэльску і музей пісанкі ў Сапоцкіне. У рамках абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” ўдзельнікі занальных тураў прадстаўляюць конкурсныя праграмы, скіраваныя на змястоўнае раскрыццё мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці. Маюцца на ўвазе адноўленыя і бытуючыя аўтэнтычныя песні каляндарнага і сямейна-родавага цыклаў, пазаабрадавыя песні, карагоды, танцы (сольныя, парныя, гуртавыя), гульні, інструментальная музыка, народная проза, народныя рамёствы.

Аднак, як мне падаецца, у дадзенай справе шмат вузкіх месцаў, што замінаюць яе развіццю. Па-першае, традыцыі можна надаць пэўны статус, а яе носьбіту — не, што заніжае ролю пэўнай асобы як захавальніка і транслятара традыцыі.

Па-другое, неабходна дакладна прапісаць фінансавыя выдаткі на арганізацыю ды захаванне пераемнасці традыцыі (аплата кіраўніку гуртка, набыццё неабходных расходных матэрыялаў і стварэнне спрыяльных умоў для практычнага выкарыстання элемента).

Па-трэцяе, запаўненне намінацыйнай формы (пашпарту) элемента — справа не лёгкая. Калі яе запаўняе фізічная асоба (да прыкладу, носьбіт традыцыі) — увогуле складаная. Хацелася б большай дапамогі з боку экспертаў як у даследаванні элемента, так і ў падрыхтоўцы пакета дакументаў.

Па-чацвёртае, паколькі ідэнтыфікацыя і інвентарызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны — справа супольная, хацелася б большай актыўнасці ад устаноў адукацыі. Не ў поўнай меры выконваюць сваю папулярызатарскую функцыю і сродкі масавай інфармацыі.

Па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне падрыхтоўкі спецыялістаў, сарыентаваных на традыцыйную культуру. У многім гэтаму спрыяюць раённыя, абласныя, рэспубліканскія семінары, практыкумы, навукова-практычныя канферэнцыі, “круглыя сталы”, агляды-конкурсы, святы, фестывалі, выставы народнай творчасці і гэтак далей. Аднак важным тут з’яўляюцца не толькі адукацыйны складнік ды прафесійная зацікаўленасць работніка культуры, але і яго асабістае стаўленне да народнай культуры ўвогуле. Як паказвае практыка, у раённых цэнтрах культуры і народнай творчасці гэтай акалічнасці надаецца недастатковая ўвага.

У наступным годзе Беларусь плануе зноў балаціравацца ў склад Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Спадзяюся, што гэта дапаможа лабіравать нацыянальныя інтарэсы, у тым ліку і прыцягненне турыстаў у нашу краіну.

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Карта
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 29.09.2019 10:23:58

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.

Аўтарызавацца можна праз

Перайсці да абмеркавання гэтай старонкі.

* УВАГА! Партал ETHNO.by не прадугледжвае тэхнічнай магчымасці каментавання на старонках партала. Абмеркаванне матэрыялаў партала цалкам ажыццяўляецца сродкамі вонкавага сэрвіса Disqus.com, уладальнік каторага, паводле Пастановы Савета Міністраў РБ №850 ад 23.11.2018 нясе адказнасць за ідэнтыфікацыю карыстальнікаў і іх каментары.