::
2015.09.11 — Таццяна Песнякевіч: «Фальклор — тая крыніца, што ніколі не перасохне» / Газета "Звязда" (zviazda.by)
Загаловак
Таццяна Песнякевіч: «Фальклор — тая крыніца, што ніколі не перасохне»
Спасылка
Дата публікацыі
11.09.2015
Катэгорыя
інтэрвію
Анатацыя

Голас музыказнаўца, аўтара, вядучай праграм «Падарунак меламану», «Сустрэча з песняй», «Галасы стагоддзяў» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё і перадач «Майстар-клас», «Гасцінец» на радыё «Культура» Таццяны Песнякевіч знаёмы, думаю, не аднаму пакаленню слухачоў. З любоўю да музыкі і да слухача — так можна ахарактарызаваць яе падыход да ўжо шматгадовай працы на радыё. Але Таццяна прызнаецца, што і дагэтуль не адчувае стомленасці. Мы вырашылі сустрэцца з вядучай, каб пагаварыць пра тое, як складваліся яе ўзаемаадносіны з музыкай, чаму важна маўчаць і з чаго варта пачынаць вывучаць нашу гісторыю.

Поўны тэкст

Голас музыказнаўца, аўтара, вядучай праграм «Падарунак меламану», «Сустрэча з песняй», «Галасы стагоддзяў» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё і перадач «Майстар-клас», «Гасцінец» на радыё «Культура» Таццяны Песнякевіч знаёмы, думаю, не аднаму пакаленню слухачоў. З любоўю да музыкі і да слухача — так можна ахарактарызаваць яе падыход да ўжо шматгадовай працы на радыё. Але Таццяна прызнаецца, што і дагэтуль не адчувае стомленасці. Мы вырашылі сустрэцца з вядучай, каб пагаварыць пра тое, як складваліся яе ўзаемаадносіны з музыкай, чаму важна маўчаць і з чаго варта пачынаць вывучаць нашу гісторыю.

11-20

— Мая зацікаўленасць музыкай пачала праяўляцца яшчэ ў дзяцінстве. Мама некалі расказвала, як яна, бывала, везла мяне дадому з дзіцячага садка. На вуліцах тады стаялі рэпрадуктары і звычайна ў той час трансліраваліся вячэрнія маскоўскія музычныя праграмы. Гучала класічная музыка, песні добрых выканаўцаў. І я пыталася ў маці: «Скажы, чый гэта голас гучыць — Лемешава ці Казлоўскага?» Здаралася, да істэрыкі даходзіла, калі не атрымлівала адказу. Усё пачалося з радыё. Яно ж тады гучала ва ўсіх дамах на працягу дня. Вечарам слухала казку на ноч, а днём, калі прыходзіла са школы, гучалі цікавыя праграмы, трансляцыі з Вялікага тэатра, канцэрты беларускай акадэмічнай музыкі... І разам з тым з дзяцінства выступала на ранішніках у дзіцячым садку, потым пачалася вучоба — музычная школа, музычнае вучылішча, кансерваторыя. І там зноў — радыё.

— А як пачалі працаваць на радыё?

— Я заканчвала кансерваторыю, і паўставала пытанне: куды мне размеркавацца? Тады я ўжо мела 9-месячнага сына, была замужам. Бацькі майго мужа сябравалі з сям'ёй фалькларыста Генадзя Цітовіча. Звярнуліся да яго па параду: можа, ведае, дзе патрабуюцца маладыя спецыялісты. А ён сябраваў з музычнай рэдакцыяй Беларускага радыё. Там мяне і парэкамендаваў.

— Як асвойваліся на працы?

— Усё спазнавала ў працэсе. Падчас вучобы ў кансерваторыі (я заканчвала «Музыказнаўства») у нас была рэдактарская практыка. Помню, пісалі нешта для «Вячэрняга Мінска» і на тэлебачанні знаёміліся з працэсам. А вось з радыё сутыкацца не даводзілася. Прыйшла ў аддзел беларускай музыкі: пачала вывучаць картатэку, унікаць у працэс запісу праграм... Потым трэба было браць інтэрв'ю ў дзеячаў мастацтва. І неяк само склалася, што пачала займацца фальклорнай праграмай. Спачатку гэта быў радыёклуб «Фальклор», потым «Галасы стагоддзяў», а зараз працягам гэтай тэматыкі можна лічыць існуючую праграму «Гасцінец» на радыё «Культура». Такой была база. На яе з часам «нанізаліся» руская і замежная класіка, беларуская акадэмічная музыка і многае іншае...

11-21

— А прыход у перадачу «Сустрэчы з песняй», аўтарам якой вы зараз з'яўляецеся, калі адбыўся?

— У праграме мяняліся аўтарскія калектывы, і неяк мне сказалі, што трэба гэтую працу «падхапіць». Так я ўзялася рабіць перадачу «Сустрэчы з песняй». З часам зразумела: яе аўдыторыя — людзі сталага веку, у кожнага з іх свой лёс і настальгія па былых часах, пачуццях, успамінах. У лістах, якія яны дасылалі і дасылаюць на перадачу, усё гэта адлюстроўваецца. Успамінаюць вайну, школьных сяброў, першае каханне. Часам гісторыі нават цяжка чытаць, бо чалавек дзеліцца сваім патаемным. У наш час наогул рэдкасць — гаварыць настолькі шчыра і адкрыта, давяраць радыё.

— А вы сваё першае каханне памятаеце?

— Гэта мой муж, з якім мы знаёмы ўжо сорак гадоў. З першага класа разам. З пятага класа нават за адной партай сядзелі. Потым я сышла ў музычнае вучылішча, а ён пасля заканчэння школы паступіў ва ўніверсітэт. Сёння муж кандыдат біялагічных навук. Аднак жыццё ўсё ж звяло нас разам. Я думаю, што гэты чалавек пасланы мне Богам: кажуць жа, лёс распісаны на нябёсах. І таму пашчасціць, хто адкрые старонку, якая прызначана менавіта для яго.

— Па сутнасці, вы людзі супрацьлеглых інтарэсаў. На чым жа трымаюцца такія саюзы?

— Муж у мяне чалавек вельмі вытрыманы і з неверагодным пачуццём гумару. У яго шырокае кола інтарэсаў. Гэта нас звязвае. Мы глядзім у адным напрамку. Напрыклад, ён з задавальненнем можа пайсці са мной на канцэрт. А мне заўсёды цікава даведацца яго меркаванне пасля праслухоўвання твораў як чалавека з іншай прафесійнай сферы. Я вельмі цаню непасрэднае ўспрыманне музыкі.

— Распрацоўваючы план новых выпускаў «Сустрэчы з песняй», ад чаго вы адштурхоўваецеся?

— Тут я арыентуюся выключна на песні, якія згадваюць слухачы. Чытаю лісты і музыкальны матэрыял дае канву для пабудовы праграмы.

— Ёсць у вас яшчэ не менш цікавая праграма «Гасцінец»...

— Я думаю, яна з'яўляецца працягам фальклорнай экспедыцыі, якая была распачата ў перадачы «Галасы стагоддзяў». Праўда, цяпер мы робім акцэнт больш на выканаўцаў і носьбітаў фальклору. У экспедыцыі ўжо не выязджаем, а карыстаемся назапашаным музычным матэрыялам.

11-22

— Выязджаючы ў фальклорныя вандроўкі, вы заўважалі, што ў глыбінцы людзі зусім іншыя?

— Яны іначай успрымаюць жыццё. Рухаюцца ў сваім тэмпе. Неяк мы былі ў камандзіроўцы ў лістападзе. А пасля запісу праграмы выйшлі на вуліцу, і там выпаў першы снег, свеціць поўня... Я гляджу на гэтую прыгажосць і пачынаю ўзгадваць усе нашы размовы, што толькі адбыліся, песні, якія пачулі. І разумею: там час цячэ па-іншаму, людзі спыняюцца, каб убачыць неба. А мы ў горадзе ўсё некуды спяшаемся, бяжым, вочы апушчаны. Таму такія сустрэчы якраз вучаць збаўляць тэмп і атрымліваць задавальненне ад таго, што ёсць.

— Калі сёння паглядзець на пласт песеннай культуры, дзе аснову складае фальклор, то што там адбываецца, якая перспектыва?

— Традыцыі працягваюцца і захоўваюцца. Мы маем багаты матэрыял, ёсць калектывы, якія зберагаюць гэтую спадчыну. І я думаю, што тая крыніца ніколі не перасохне. Зразумела, нешта страчваецца, сыходзіць, з'яўляецца новае. У нас вялікую працу і з добрымі вынікамі праводзіць кафедра этналогіі і фальклору Універсітэта культуры. Там ужо не першы год рыхтуюць спецыялістаў, якія вывучаюць спецыфіку народных спеваў. І я ведаю, што гэтыя людзі працуюць, ствараючы потым свае калектывы, каб падтрымліваць тое, што мы маем. Веру, што фальклорная спадчына будзе захоўвацца, хоць жыццё і змяніла ўмовы існавання гэтага мастацтва і іх ролю. Калі раней кожны крок «прапяваўся», то цяпер усё іначай. У той жа Еўропе аўтэнтыку мы сустрэнем ужо нячаста.

— Вы неяк дзяліліся ўражаннямі пра тое, што ў Балгарыі і Румыніі існуюць кругласутачныя тэлеканалы, прысвечаныя фальклору. Можа, варта было б і нам пераймаць такі вопыт?

— Калі б нешта такога кшталту было ў нас, то думаю, з'явіўся б і інтарэс да гэтага. Ты ўключаеш тэлеканал, а там сабрана і аўтэнтыка, і розныя другасныя формы фальклору (самадзейныя калектывы, апрацоўкі для эстрады і г.д.) і здымаюць усё ў розным антуражы. Цікава глядзець! Увесь час гучыць музыка, і ты бачыш краіну праз прызму гэтага мастацтва. У нас жа гэтую тэму, хоць і не абмінаюць, але было б добра больш акцэнтаваць на ёй увагу. Тады, можа, і лепш, і больш разумелі б людзі, якое гэта багацце. Прагучыць банальна, быццам без мінулага няма будучыні, але ў гэтым сапраўды глыбокі сэнс. У фальклоры столькі ўсяго закладзена: слова спалучаецца з музыкай і з абрадам — гэта цэлы космас. Калі б мы з дзяцінства пачыналі яго вывучаць, то чалавек усведамляў бы: тут мая зямля, гісторыя, якая пачынаецца з гісторыі сям'і. Фалькларыст Галіна Барташэвіч расказвала, напрыклад, што, здаецца, у Даніі ўрокі ў малодшых класах пачынаюцца з выканання народнай песні. Цікава было б такі вопыт пераняць.

— Скажыце, а вам удаецца слухаць музыку, не аналізуючы яе?

— Заўсёды імкнуся ўспрымаць музыку як звычайны слухач. Нават пратэстую супраць яе «анатамічнага» даследавання, бо для мяне яна найперш эмацыйнае мастацтва... Мая музыка — гэта імпрэсіяністы, Клод Дэбюсі... Я, наогул, па характары слухач, а не апавядальнік. У жыцці мы шмат гаворым і так мала знаходзім часу памаўчаць. А ў маўчанні душа набывае вопыт. Мабыць, тым і прываблівае мяне праца на радыё, што тут вучышся асцярожна ставіцца да слова.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

СМІ
Аўтар(ы)
Звязаныя персаналіі
Звязаныя лакацыі
Тэмы
Гэта кэшаваныя старонка. Апошняя сінхранізацыя з базай - 20.02.2020 18:33:41

Каментароў — 0

Запрашаем да абмеркавання! Звяртаем увагу, што каментары са спасылкамі і ад неаўтарызаваных аўтараў прэмадэруюцца.